Калі лёгка вучыцца

Сёлета гімназія № 2 Мінска стала рэсурсным цэнтрам інфармацыйных тэхналогій Першамайскага раёна, што стварае дадатковыя магчымасці ў вырашэнні праблемы павышэння якасці ведаў навучэнцаў. Апошнім часам тут актыўна выкарыстоўваецца дыстанцыйнае навучанне ў дадатковай індывідуальнай рабоце з малодшымі школьнікамі па ліквідацыі прабелаў у іх ведах.

Інтэграцыя сучасных інфармацыйных тэхналогій з традыцыйнымі формамі, метадамі і сродкамі вучэбнай дзейнасці — прыярытэтны напрамак работы настаўнікаў пачатковых класаў пры гімназіі. Педагогі ствараюць прэзентацыі, вучэбныя ролікі, дыскі, ужыванне якіх на ўроках робіць працэс атрымання ведаў наглядным, яркім, цікавым. Аднак адной з важных праблем навучання на першай ступені, як і раней, застаецца значная колькасць прапушчаных урокаў на працягу навучальнага года: навучэнцы часта хварэюць, выязджаюць на аздараўленне, у лагеры. Гэта ўносіць дыскрэтнасць у працэс атрымання ведаў і адмоўна адбіваецца на выніках навучання. У кожнага настаўніка ўзнікае заканамернае пытанне: дзе знайсці час для дадатковай індывідуальнай работы па ліквідацыі прабелаў у ведах навучэнцаў?
На жаль, праблема карэкцыі ведаў навучэнцаў, якія прапусцілі ўрокі, часта застаецца нявырашанай. Правядзенне падтрымліваючых заняткаў не ліквідуе ўзніклыя цяжкасці ў поўнай меры. Выйсце падказала інжынер-праграміст гімназіі Таццяна Фёдараўна Назаранка, прапанаваўшы педагогам ідэю праекта па выкарыстанні камп’ютара як сродку навучання не толькі на ўроках, але і дыстанцыйна.
Праект прадугледжвае арганізацыю самастойнага вывучэння вучэбнага матэрыялу малодшымі школьнікамі пры дапамозе відэаўрокаў у дыстанцыйнай форме падачы, ажыццяўленне зваротнай сувязі паміж настаўнікам і навучэнцам праз тэст-кантроль, узаемадзеянне ў сістэме “настаўнік — бацькі” як у вочнай форме, так і пры дапамозе новых інфармацыйных тэхналогій (электроннай пошты, тэлефона). У рамках праекта прадугледжаны і іншыя формы ўзаемадзеяння: “настаўнік — навучэнец — бацькі”, “навучэнец — камп’ютар”, што сведчыць аб рэалізацыі інтэрактыўнага падыходу.
Актуальнасць праекта непарыўна звязана з яго мабільнасцю: створаны сайт “У дапамогу навучэнцу” дае мачымасць знаёміцца з вучэбным зместам, прасочваць яго рэалізацыю, кіраваць адукацыйным працэсам і паведамляць аб паводзінах і прагрэсе навучэнцаў. Прадугледжана праектаванне розных па велічыні блокаў вучэбнага матэрыялу, якія можна выкарыстоўваць шматразова ў розным кантэксце. Гэта эфектыўны вучэбны курс, які матывуе навучэнцаў, прадугледжвае актыўнае ўзаемадзеянне малодшых школьнікаў з адукацыйным асяроддзем, іх уцягненне ў шматлікія віды дзейнасці.

Заняткі па вывучэнні прапушчаных тэм у сістэме дыстанцыйнай падачы адкрываюць велізарныя магчымасці. Кожны навучэнец можа выбудаваць індывідуальную праграму засваення неабходнага вучэбнага матэрыялу, маючы доступ да базы даных, магчымасць кансультавання ў настаўніка і ажыццяўляючы самаправерку праз выкананне тэставых задач.
Пасля распрацоўкі сайта пачалася работа па стварэнні серыі электронных заняткаў па беларускай і рускай мовах, матэматыцы для дыстанцыйнай формы падачы вучэбнага матэрыялу.
Ужо сёння навучэнцы 2-х класаў маюць магчымасць вывучаць новы матэрыял па трох прадметах пры дапамозе тэлекамунікацыйных тэхналогій. На сайце змяшчаюцца відэаролікі вучэбных заняткаў для самастойнага вывучэння прапушчанай тэмы. Гэта агучаныя міні-ўрокі па асноўных тэмах праграмы, створаныя педагогамі з апорай на традыцыйныя дыдактычныя прынцыпы нагляднасці, даступнасці, ідучы ад простага да складанага, індывідуальнага падыходу, сістэмнасці. Змест заняткаў пададзены ў тэкставым і гукавым выглядзе, вобразны кампанент — нерухомымі выявамі (малюнкамі, фотаздымкамі) і рухомымі відэарадамі (анімацыя, “жывое” відэа), сімвалічнымі адлюстраваннямі (схемы, розныя сімвалы). Уся знакавая форма, якая выкарыстоўваецца, зразумелая навучэнцам, а гэта забяспечвае аптымальнасць працэсу пазнання.

Пры стварэнні вучэбнага роліка з выкарыстаннем тэкставай інфармацыі асаблівая ўвага надаецца стылю выкладання. Для зносін з навучэнцамі праз камп’ютар, як найбольш прымальны, выбраны гутарковы стыль, таму што менавіта гутарковая мова з’яўляецца каналам камунікацыі людзей. Вучэбны матэрыял арыентаваны на дыялог з дзіцем і нагадвае гутарку настаўніка на класных вучэбных занятках. Прамова настаўніка адрасавана да адзінага слухача, змяшчае актыўныя дзеясловы, не дапускае ўжывання доўгіх сказаў і складаных слоў, выкарыстоўваецца больш простая, лёгкая для ўспрымання мова.
Эфектыўнага спосабу вобразнай падачы вучэбнага матэрыялу ўдаецца дабівацца пры дапамозе мультымедыя. Рухомыя і нерухомыя выявы, анімацыя, “жывое” відэа, узмацняюць педагагічныя магчымасці індывідуальных заняткаў, робяць адукацыйны працэс больш наглядным, ствараюць дадатковую матывацыю ў навучэнцаў да вывучэння матэрыялу.
Аднак задача настаўніка ўскладняецца тым, што ў працэсе перадачы ведаў дыстанцыйна ён пазбаўлены магчымасці бачыць і чуць навучэнцаў, г.зн. пазбаўлены неадкладнай зваротнай сувязі з аўдыторыяй. З гэтымі цяжкасцямі педагогі паспяхова спраўляюцца “прадугадваннем” праблем, якія ўзнікаюць у працэсе ўспрымання, і “разраджаюць” сітуацыю пры дапамозе рытарычных пытанняў.
Сёлета пачалася работа па стварэнні курса вучэбных заняткаў для навучэнцаў 3-х класаў, інжынерна-тэхнічная служба гімназіі працуе над забеспячэннем узаемадзеяння паміж настаўнікам і навучэнцамі праз сістэму тэставага кантролю.
Творчая група супрацоўнікаў гімназіі (Марыя Канстанцінаўна Грыцэнка, Таццяна Фёдараўна Назаранка, Людміла Юльянаўна Праляскоўская, Леакадзія Эдуардаўна Сянкевіч) працуе над стварэннем эфектыўнага вучэбнага курса для навучэнцаў пачатковых класаў, які ажыццяўляе актыўнае ўзаемадзеянне малодшых школьнікаў з адукацыйным асяроддзем праз дыстанцыйную форму атрымання новых ведаў.

 

Ірына ЦУБІКАВА,
намеснік дырэктара гімназіі № 2 Мінска.
Фота Алега ШАРАШЭЎСКАГА.