Каб жаданні крылы не згарнулі

“Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая. // Чаму так горка, не магу я зразумець…” Хто з прадстаўнікоў сярэдняга і старэйшага пакаленняў не ведае гэтай славутай песні ў выкананні “Песняроў”? Але ці добра знаёмая яна маладым? І наогул творчасць аўтара гэтых радкоў паэта Аркадзя Куляшова? Менавіта для іх у Высокаўскай сярэдняй школе нядаўна прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова.

Выстава, прымеркаваная да гэтай падзеі, раскрыла вобраз Куляшова-паэта і Куляшова-чалавека. Дзевяцікласнікі падрыхтавалі вусны часопіс “Старонкамі жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”, у якім расказалі пра вядомыя і невядомыя факты жыцця славутага паэта. А яго лёс — вершы, таму іх гучала шмат і на адкрыцці выставы, і на конкурсе чытальнікаў пад назвай “Мой любімы верш А.Куляшова”. Ёсць літаратурныя творы, блізкія любому ўзросту, таму сярод пераможцаў — вучні 5 класа Ульяна Сахарук, Карына Ваўранюк і Мацвей Самасюк, васьмікласніца Ірына Целяшэўская і дзесяцікласніца Аксана Максімук. Пераможцы атрымалі граматы, удзельнікі — падзякі, а ўсе прысутныя — асалоду ад сустрэчы з класікай.
Вялікую цікавасць сярод старшакласнікаў выклікала літаратурная гасцёўня “Асуджан я любоўю пажыццёва”, за аснову якой была ўзята рамантычная гісторыя стварэння верша “Бывай”. Аркадзь Куляшоў напісаў яго ў 14 гадоў і прысвяціў аднакласніцы Алесі Карыткінай. У адмысловай інсцэніроўцы ролю паэта выканаў Уладзіслаў Альшэўскі, а Алесі — Настасся Тур. “Нам хацелася паказаць, што класічная паэзія гучыць сучасна і актуальна заўсёды, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Вячаславаўна Грыб. — Чатырнаццацігадовы Куляшоў стварыў шэдэўр, які павінны ведаць і сёння”.
Дзякуючы настаўніцам беларускай мовы і літаратуры Высокаўскай сярэдняй школы Валянціне Мікалаеўне Фядковіч, Наталлі Вячаславаўне Грыб, Галіне Канстанцінаўне Дзярдзюк і Валянціне Георгіеўне Раманюк вучні ўзбагаціліся новымі ўражаннямі, сустрэліся з жывымі і шчырымі словамі цудоўнага паэта. Прыслухаемся і мы яшчэ раз да яго мудрых радкоў: “Спакойнага шчасця не зычу нiкому: // Навошта грымотам маланка без грому, // Навошта ручай без пякучае смагi, // Халодная ўвага, не вартая ўвагi, // Жаданнi, што прагныя крылы згарнулi, // Зязюля без лесу i лес без зязюлi?”

Наталля ШОКАЛА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Высокаўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.