Каб стаць прафесіяналам

Перыяд уваходу маладога педагога ў прафесію адрозніваецца напружанасцю, важнасцю для яго асабістага і прафесійнага развіцця. Ад таго, як ён пройдзе, залежыць, ці адбудзецца новаспечаны выхавальнік як прафесіянал, ці застанецца ён у сферы дашкольнай адукацыі або знойдзе сябе ў іншай дзейнасці.

Асаблівасцю работы пачынаючых педагогаў з’яўляецца тое, што яны з першага дня маюць тыя ж самыя абавязкі і нясуць тую ж адказнасць, што і выхавальнікі са шматгадовым стажам, а бацькі, адміністрацыя і калегі чакаюць ад іх такога ж бездакорнага прафесіяналізму.
“Асаблівасці работы з маладымі спецыялістамі” — тэма вельмі актуальная для нашай дашкольнай установы. Спецыфіка метадычнай работы якраз у тым, што большасць педагогаў, якія працуюць ва ўстанове, — гэта маладыя спецыялісты.
У 2009 годзе да нас прыйшлі 4 маладыя спецыялісты, у 2010 годзе — 3; у 2011 — 4 маладыя спецыялісты; у 2012 годзе — 1 малады спецыяліст; у 2014 годзе — 2 маладыя спецыялісты.
Для паспяховай адаптацыі маладым спецыялістам неабходна мэтанакіравана дапамагаць, ствараць ва ўстанове неабходныя арганізацыйныя, навукова-метадычныя і матывацыйныя ўмовы для прафесійнага росту і больш лёгкай адаптацыі маладых спецыялістаў у калектыве.
Прафесійная адаптацыя маладога педагога ў працэсе яго ўваходжання ў адукацыйнае асяроддзе пройдзе паспяхова тады, калі пры паступленні педагога на работу важнымі фактарамі з’яўляюцца працоўная матывацыя і педагагічная накіраванасць. Мы сцвярджаем, што ўсяму можна навучыцца, калі ёсць жаданне працаваць і імкненне да самаўдасканалення; калі прафесійная адаптацыя выхавальніка ажыццяўляецца ў непарыўнай сувязі з працэсам яго асабістага і прафесійнага развіцця і вызначана ў метадычнай рабоце дашкольнай установы; калі ў арганізацыі педагагічнай работы маюць месца максімальны ўлік асабістых якасцей і ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, вядзецца актыўная падтрымка асабістага і прафесійнага росту маладога спецыяліста; калі матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу адпавядае сучасным патрабаванням і дапамагае педагогу рэалізаваць свае ідэі.
Задача кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі — дапамагчы маладым педагогам адаптавацца ў новым калектыве, зрабіць так, каб яны не расчараваліся ў выбраным шляху.
Сваю работу з маладымі спецыялістамі мы будуем з улікам трох аспектаў іх дзейнасці:
1. Кіраўнік — намеснік кіраўніка — малады спецыяліст:
– стварэнне ўмоў для лёгкай адаптацыі маладога спецыяліста на рабоце;
– забеспячэнне метадычнай літаратурай, матэрыяламі перспектыўнага планавання, дыдактычнымі матэрыяламі, знаёмства з метадычным кабінетам.
2. Малады спецыяліст — дзіця і яго бацькі:
– фарміраванне аўтарытэту педагога, павагі, цікавасці да яго ў дзяцей і іх бацькоў;
3. Малады спецыяліст — калега:
– падтрымка з боку калег.
Працэс павышэння прафесіяналізму маладых спецыялістаў у нашай дашкольнай установе арганізоўваем з улікам наступных фактараў:
— узровень базавай адукацыі, гэта значыць, наколькі яны добра тэарэтычна падрыхтаваны;
— індывідуальныя асаблівасці;
— узровень прафесійных патрэб педагога (якіх вынікаў у сваёй дзейнасці хочуць дасягнуць) — ці маюць практычны вопыт зносін з дзецьмі.
Вырашаць гэтае пытанне трэба і з улікам таго, што ў сваім прафесійным станаўленні малады спецыяліст праходзіць некалькі этапаў:
І этап — 1-шы год работы: самы складаны перыяд як для пачаткоўца, так і для тых, хто дапамагае яму адаптавацца (калег).
Задача: папярэдзіць расчараванне і канфлікты, падтрымаць педагога эмацыянальна, умацаваць веру ў сябе.

Метады і формы работы:

— гутарка кіраўніка ўстановы пры залічэнні на работу маладога спецыяліста, знаёмства яго са службовымі абавязкамі, умовамі працы, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, статутам, традыцыямі ўстановы, вызначэнне працоўнага месца;
— знаёмства з дзіцячым садам, прадстаўленне маладога выхавальніка калектыву (выбіраюцца тыя формы і метады, якія ў канчатковым выніку будуць садзейнічаць далейшаму прафесійнаму станаўленню маладога спецыяліста). У нашай дашкольнай установе знаёмства з маладым спецыялістам адбываецца на першым педагагічным савеце. Ад таго, як пачаткоўца сустрэне калектыў, будзе залежаць і паспяховасць спецыяліста;
— дапамога настаўніка, намесніка кіраўніка па асноўнай дзейнасці ў арганізацыі прадметна-развіццёвага асяроддзя ў групе;
— запаўненне інфармацыйнай карты педагога;
— складанне плана работы з маладым спецыялістам;
— папераджальны кантроль з мэтай аказання дапамогі;
— дапамога ў распрацоўцы канспектаў заняткаў, падборы навуковага і дыдактычнага матэрыялу;
— па магчымасці малады педагог накіроўваецца ў тую групу, дзе працуе вопытны выхавальнік, які можа быць яго настаўнікам, даць неабходныя кансультацыі, прадэманстраваць заняткі, арганізацыю прагулкі дзяцей і г.д. Аднак на практыцы гэта не заўсёды атрымліваецца. Тады на дапамогу прыходзіць намеснік кіраўніка, які дапамагае падбіраць літаратуру, кансультуе па падрыхтоўцы да працоўнага дня, прапануе наведванне заняткаў вопытных калег і, вядома, назірае за педагагічнай дзейнасцю маладога педагога.
Пры ацэнцы педагагічнай дзейнасці маладога спецыяліста неабходна быць максімальна тактоўным у сваіх выказваннях, асабліва калі яны носяць крытычны характар.
Пры ацэньванні работы маладога педагога кіруемся вядомым прынцыпам Тэадора Рузвельта: “Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Не бойцеся памыляцца — бойцеся паўтараць памылкі”.
ІІ этап — 2—3 гады работы: працэс развіцця прафесійных уменняў, назапашванне вопыту, пошук лепшых метадаў і прыёмаў работы з дзецьмі, фарміраванне свайго стылю ў працы, фарміраванне аўтарытэту сярод дзяцей, бацькоў, калег. Педагог вывучае вопыт работы калег сваёй установы і іншых дашкольных устаноў, павышае сваё прафесійнае майстэрства, наведваючы раённыя метадычныя аб’яднанні. Усе цікавыя ідэі, метады і прыёмы фіксуе ў сшытку па самаадукацыі. На гэтым этапе мы прапануем вызначыць метадычную тэму, над якой малады педагог будзе працаваць больш паглыблена, якая ў перспектыве стане тэмай абароны на другую катэгорыю. Актыўна ўдзельнічае ў паказе заняткаў на ўзроўні дзіцячага сада.
У кожнай дашкольнай установе ёсць свае традыцыі, свая сістэма работы з маладымі педагагічнымі кадрамі, выбіраюцца тыя формы і метады, якія ў канчатковым выніку будуць садзейнічаць далейшаму прафесійнаму станаўленню маладога спецыяліста. Праходжанне этапу прафесійнага станаўлення для кожнага маладога педагога з’яўляецца індывідуальным. Прафесійныя якасці шмат у чым залежаць ад характару, тэмпераменту. Адміністрацыя нашай дашкольнай установы да кожнага стараецца падыходзіць дыферэнцыравана. Разнастайныя формы работы з маладым спецыялістам спрыяюць развіццю ў яго пазнавальнай цікавасці да прафесіі, асваенню прыёмаў работы з дзецьмі і іх бацькамі, аказваюць станоўчы ўплыў на рост яго прафесійнай значнасці. Для навучання маладых выхавальнікаў у нашым дзіцячым садзе рэгулярна праводзяцца семінары з выкарыстаннем метадаў развіцця крытычнага мыслення. Гэта такія метады, як “Зігзаг”, “Кластар”, “Карусель-графіці”, “Праблемы і рашэнні”, “Т-графік”, “Энерджайзер”, “Сінквейн” і іншыя.
Наша ўстанова адкрыта для супрацоўніцтва з установамі горада, у тым ліку і па пытанні павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства маладых спецыялістаў. У гэтым нам дапамагаюць аддзел валеалогіі абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, гісторыка-археалагічны музей і музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
На працягу апошніх гадоў педагогі ўстановы наведвалі экскурсіі ў розных музеях горада з мэтай павышэння ўзроўню культуры, ведаў пра гісторыю роднага горада, з мэтай аб’яднання калектыву маладых педагогаў і педагогаў з вопытам работы ў нашай установе. Удзел маладых спецыялістаў у розных формах метадычнай работы, а таксама ўдзел у святкаваннях і забавах з’яўляецца і матэрыяльным стымулам, бо за такую работу педагогі атрымліваюць прэміяльныя надбаўкі за высокія паказчыкі ў працы. Калі гаварыць пра матэрыяльны стымул, то ў калектыўным дагаворы закладзена матэрыяльная дапамога маладым спецыялістам штоквартальна на працягу першых двух гадоў работы.
Такім чынам, сістэмны падыход да павышэння прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў дазваляе ім хутка адаптавацца да работы ў дзіцячым садзе, пазбегнуць моманту няўпэўненасці ва ўласных сілах, наладзіць паспяховую камунікацыю з усімі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу, фарміраваць матывацыю для далейшай самаадукацыі, раскрыць сваю індывідуальнасць.
У 2010/2011 навучальным годзе малады спецыяліст нашай установы Кацярына Канстанцінаўна Жук удзельнічала ў VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Тэхнавобраз” на тэму “Роля і месца адукацыйнага асяроддзя ў бесперапынным развіцці і самаразвіцці асобы навучэнцаў”, арганізаванай Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, дзе прадставіла адкрытыя заняткі “Вясна” ў старшай групе, паспяхова прадэманстраваўшы назапашаны вопыт і ўменні ў гэтым напрамку.
У 2014 годзе нашы педагогі, будучы ў статусе выхавальнікаў другой кваліфікацыйнай катэгорыі, удзельнічалі ў раённым конкурсе “Педагог года”.
Марта Раманаўна Пачэбут увайшла ў лік лепшых удзельнікаў і выйшла ў паўфінал, К.К.Жук — удзельніца раённага адкрытага фестывалю педагагічных ідэй “Прыступкі майстэрства”. У 2014/2015 навучальным годзе К.К.Жук удзельнічала ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання інтэлектуальнай самастойнасці дашкольнікаў у гульнявой дзейнасці”.
Нашай дашкольнай установе пашанцавала: маладыя спецыялісты, якія прыйшлі да нас, — творчыя педагогі з высокім тэарэтычным узроўнем, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, адкрытыя для ўсяго новага, гатовыя да супрацоўніцтва і павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства. Жадаю ўсім маладым спецыялістам імкнення да самаўдасканалення, не расчаравацца ў выбранай прафесіі і, як сказаў Джон Лок: “Вялікае мастацтва шмат чаму навучыцца — гэта брацца адразу за нямногае”.

Святлана ХАМЫЛЁВА,
загадчык дзіцячага сада № 18 Гродна.
Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму
адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна.