Каб на граніцы было спакойна

Адна з субот у сярэдняй школе № 1 Ашмян прайшла пад лозунгам прафарыентацыйнага мерапрыемства “Быць пагранічнікам прэстыжна”. Раніцай у фае школы ўжо было мнагалюдна. Анонс суботы заінтрыгаваў не толькі дзяцей, але і іх бацькоў: пагранічнікі, аўтаматы, службовыя сабакі, лыжныя гонкі…

З прывітальным словам да тых, хто сабраўся, звярнуўся начальнік аддзела пагранічнай службы Ашмян маёр Сяргей Іванавіч Шынкевіч. Ён расказаў пра тое, чым дыхае і жыве дзяржаўная мяжа, наколькі адказная і складаная служба, якім людзям яна пад сілу, а таксама паведаміў аб прафесіяналізме, майстэрстве і зладжанасці дзеянняў пагранічнікаў. Дзве гадзіны ішлі паказальныя выступленні бацькоў, настаўнікаў, пагранічнікаў па разборцы і зборцы аўтаматаў, падрыхтоўцы магазінаў. Усе вучні ад 2 да 11 класаў з задавальненнем і захапленнем пачыналі прыктычныя заняткі.На завяршэнні гэтага этапу былі праведзены спаборніцтвы як сярод бацькоў, так і сярод навучэнцаў. Лепшымі сярод бацькоў у разборцы аўтамата былі Аляксандр Мікалаевіч Богдан, Андрэй Мар’янавіч Зянкевіч, Аляксандр Анатольевіч Можар, Сяргей Вацлававіч Гардзей, Аляксандр Юр’евіч Буйко, Віктар Францавіч Гардзевіч, Юрый Францавіч Завадскі. Вы б чулі, колькі гордасці і захаплення было ў словах пераможцаў: “Уяўляеце, 20 гадоў мінула пасля службы, а рукі ўсё памятаюць!” Не адступалі ад дарослых і дзеці. Тут, канечне ж, вяршэнствавалі хлопчыкі. Сярод навучэнцаў хутчэй за ўсіх разабраць і сабраць аўтамат атрымалася ў Данііла Гарабца (7 “В”), Максіма Богдана (5 “Г”), Аляксея Башлыкевіча (7 “А”), Уладзіслава Тулько (5 “Г”), Ігара Свянціцкага (9 “В”), Яраслава Завадскага (6 “А”).
А на школьным стадыёне на паказальным выступленні кіналагічнай службы Смаргонскай пагрангрупы сабралася не толькі ўся школа, але і добрая частка гараджан. Кіналагічны цэнтр Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Смаргонскай пагрангрупы — адзін з лепшых у Еўропе. Тут рыхтуюць для службы на граніцы інструктараў-кінолагаў і дрэсіруюць іх памочнікаў сабак. Майстэрства і практычныя дзеянні чатырохногіх сяброў выклікалі выбухі захаплення і гучныя апладысменты. Каманда інструктара — і службовы сабака дакладна выконвае заданне: скача праз кола, ідзе побач з інструктарам, паўзе, устае на заднія лапы, умела затрымлівае парушальніка, лажыцца і замірае.
Усяму гэтаму мерапрыемству спадарожнічалі гарачы чай, румяныя піражкі, вогнішчы, дзе дзятву чакала печаная бульба. Хто ведае, магчыма, менавіта ў гэты дзень хтосьці з дзяцей вырашыў стаць пагранічнікам.

Ганна ЛЯНКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы.
Фота Андрэя МАШУТЫ.