Каб гучала родная мова ў дзіцячым садку

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту роднай мове, развіццё беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін — адна з галоўных задач у адукацыйным працэсе дашкольнай установы.

Каб гучала родная мова ў дзіцячым садзе, патрэбна на ёй размаўляць — і дарослым, і выхаванцам. У гэтым зацікаўлены ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу ясляў-сада № 110 Магілёва. Важную ролю ў далучэнні дзяцей да роднай беларускай мовы мае беларускамоўнае асяроддзе ў дзіцячым садку. Сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў у нашай дашкольнай установе створаны цэнтр патрыятычнага выхавання, беларускія нацыянальныя куткі ў групах, аформлены стэнд беларускай нацыянальнай сімволікі. У цэнтры патрыятычнага выхавання дзеці маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай беларускага народа, гісторыяй, культурай і славутасцямі свайго роднага горада. Камплект гульнявога абсталявання “Мой горад Магілёў”, створаны рукамі педагогаў дашкольнай установы, аб’яднала адна ідэя — выхаванне ў дашкольнікаў любові да роднага горада, пачуцця прыхільнасці і прыналежнасці да яго. У ходзе гульняў “Пазнай і падбяры”, “Знайдзі цэлае па частцы”, “Знаёмыя куткі роднага Магілёва” педагог з дзецьмі замацоўваюць веды аб родным горадзе, маюць магчымасць размаўляць па-беларуску.

Далучыць дзяцей да вуснай народнай творчасці: калыханак, лічылак, забаўлянак, беларускіх народных казак дазваляе створаны разам з бацькамі камплект дыдактычнага матэрыялу, накіраваны на развіццё ў дзяцей старшай групы сюжэтна-ролевай гульні ў форме “Літаратурнай гасцёўні”. Дзеці з захапленнем выконваюць ролю казачніцы ў гасцеўні, расказваюць і паказваюць з дапамогай настольнага тэатра казкі, спяваюць калыханкі, расказваюць забаўлянкі сваім лялькам і іншым дзецям, якія завіталі ў гасцёўню.

У дашкольнай установе абагульнены вопыт педагагічнай дзейнасці па праблеме “Развіццё беларускага маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі нагляднага мадэлявання”. Схемы і мадэлі сталі эфектыўным дыдактычным сродкам у рэалізацыі такіх адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, як “Дзіця і прырода”, “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Мастацтва: мастацкая літаратура”.

У практыцы работы з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту я падышла комплексна да выкарыстання нагляднага мадэлявання: пры навучанні складанню апісальных апавяданняў, пераказах мастацкіх твораў, завучванні вершаў. Наглядныя мадэлі шырока выкарыстоўвала на занятках па навучанні складанню апісальных расказаў аб цацках, посудзе, адзенні, садавіне і агародніне, птушках, насякомых, жывёлах і інш. Мадэлі дапамагалі дзецям самастойна вызначаць адметныя асаблівасці прадметаў і аб’ектаў, паслядоўна расказваць, бо ў іх перад вачыма быў наглядны план стварэння апісальнага апавядання. Пры пераказах мастацкіх твораў вучыла дзяцей з дапамогай мадэляў вызначаць самыя адметныя падзеі, паслядоўна выказваць свае думкі па змесце твора. Мадэляванне таксама выкарыстоўвалася пры складанні казак, апавяданняў, цікавых гісторый з вопыту саміх дзяцей. Мае выхаванцы з цікавасцю знаёмяцца з беларускай дзіцячай паэзіяй. У працэсе завучвання вершаў я пачала сістэмна выкарыстоўваць мадэльныя схемы, распрацаваныя даследчыкам Т.А.Лірай. Паступова адбірала літаратурныя вершаваныя творы на беларускай мове, распрацоўвала схемы-мадэлі для іх завучвання. А ў працэсе работы назірала, як выхаванцы запаміналі вершы, расказвалі іх адно аднаму з дапамогай мнематабліц. Я практыкавала дамашнія заданні па расказванні вершаў бацькам з выкарыстаннем мнематабліц. Знаёмства бацькоў з методыкай завучвання вершаў на беларускай мове з выкарыстаннем нагляднага мадэлявання таксама ажыццяўляла на старонках наглядна-інфармацыйнага часопіса “Родная мова для дашкалят”, у якім размяшчала тэксты вершаў з мнематабліцамі для завучвання дома. Тэматыка выпускаў часопіса разнастайная: “Матчыны калыханкі”, “Беларускія народныя гульні для дашкольнікаў”, “Беларускія нацыянальныя сімвалы”, “Беларуская народная цацка”, “Святочны навагодні карагод” і інш.

Распрацаваная мною сістэма работы па развіцці ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту беларускага маўлення з выкарыстаннем нагляднага мадэлявання прынесла станоўчыя вынікі, бо мае выхаванцы ўмеюць паслядоўна пераказваць, складаць апісальныя і сюжэтныя апавяданні, перадаваць літаратурны рыфмаваны тэкст. А самае галоўнае, беларуская мова гучыць у групе не толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцці. Дзеці з цікавасцю выказваюць свае думкі на беларускай мове, ведаюць шмат беларускіх вершаў, калыханак, забаўлянак, лічылак.

Да сваіх калег і бацькоў выхаванцаў у далучэнні да роднай беларускай мовы я звяртаюся словамі Змітрака Бядулі: “Не саромейся, беларус, гаманіць па-беларуску — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека”.

Алена КАЦЮШКІНА,
выхавальнік ясляў-сада № 110 Магілёва.