Каб дзеці знайшлі сваё шчасце

Кітайскую мову факультатыўна вывучаюць 180 хлопчыкаў і дзяўчынак з трох устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Оршы. Для многіх з іх валанцёры, якія выкладаюць прадмет, — бясспрэчны аўтарытэт, прыклад у паводзінах і ўчынках; дзеці называюць іх у ліку самых любімых настаўнікаў. А для маладых спецыялістаў — выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі КНР — работа ў беларускіх школах стала першым педагагічным вопытам. 

Цаа Хай Цзін прыйшла ў сярэднюю школу № 3 і гімназію № 2 Оршы ў лістападзе мінулага года. Менавіта тут зрабіла першыя крокі ў прафесію гэтая абаяльная, прыгожая, таленавітая, эрудзіраваная настаўніца. Вучні і калегі завуць яе Фаінай. Згодна з прыгожай кітайскай традыцыяй, рускае імя нашай гераіні падарыла яе ўніверсітэцкі выкладчык рускай мовы. Зараз у педагога-валанцёра займаецца каля 80 дзяцей ва ўзросце ад сямі да пятнаццаці гадоў.— Заўсёды хацела стаць настаўніцай роднай мовы, працаваць з дзецьмі, — расказвае Фаіна. — Ажыццявіць мару было няпроста: прафесію педагога ў нашай краіне паважаюць, канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на ўніверсітэцкі дыплом высокая. Вельмі многія ў Кітаі імкнуцца стаць настаўнікамі кітайскай мовы, аднак выбіраюць самых лепшых. Пасля заканчэння ўніверсітэта я добра падумала, прайшла складаны адбор, які ажыццяўляе Інстытут Канфуцыя, і такім чынам атрымала накіраванне на работу ў Беларусь. Прыемна, што дзецям падабаецца займацца кітайскай мовай. Але як педагог сваю задачу я бачу значна шырэй: не проста навучыць размаўляць, чытаць і пісаць па-кітайску, але і пазнаёміць дзяцей з нацыянальнай культурай, гісторыяй, дасягненнямі і традыцыямі, прыродай маёй краіны. На кожным уроку мы даведваемся што-небудзь новае пра Кітай — так, каб дзецям гэта было цікава і даступна. Напрыклад, нядаўна вывучалі стравы, параўноўвалі кітайскую кухню з беларускай. Дарэчы, знайшлі нямала агульнага. Гэтая агульнасць характэрна для Беларусі і Кітая ў многіх сферах; знайсці, адкрыць на ўроках разам з вучнямі як мага больш нітак, якія звязваюць нашы народы, падтрымаць інтарэс да Кітая — гэта надзвычай важна. І, канечне ж, я стараюся навучыць сяброўству, адказнасці, працавітасці, стараннасці, падтрымліваць жаданне настойліва вучыцца, каб дасягнуць поспеху. Самае галоўнае для настаўніка — любіць навучэнцаў і сваю прафесію. Калі мы разам, нам весела і цудоўна. У маіх юных землякоў і ў беларусаў розны колер вачэй, але яны аднолькава свецяцца розумам, дабрынёй, прагай адкрыццяў. Хачу, каб у жыцці маіх вучняў усё склалася добра і шчасліва, каб яны раслі здаровыя, выдатна вучыліся, знайшлі прэстыжную работу і сваё сямейнае шчасце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.