Ініцыятыва сёння — бязмежныя магчымасці заўтра

У лістападзе на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка сумесна з асацыяцыяй “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” прайшоў майстар-клас для прадстаўнікоў каманд — пераможцаў і лаўрэатаў інтэрнэт-гульні “Наша Беларусь: мэты ўстойлівага развіцця — складовыя элементы свету”.

Удзельнікі з гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа прапанавалі на разгляд праект “Мы — краіна будучыні!”, накіраваны на папулярызацыю беларускай культуры сярод моладзі. Наша прапанова для далейшага развіцця беларускай культуры заключаецца ў тым, каб прасоўваць батлы на ўроках англійскай мовы, якія будуць развіваць у нашай моладзі ўменне трымацца на сцэне, правільна і даступна фармуляваць свае думкі, дзяліцца сваімі планамі на будучыню, раскрываць сябе ў непрадказальных сітуацыях. Батлы можна рабіць у розных жанрах паміж навучэнцамі класа, розных класаў, паміж установамі адукацыі. Іх можна праводзіць па ўсіх прадметах без выключэння як выніковыя заняткі ў канцы кожнай чвэрці або навучальнага года. Гэта можа стаць традыцыяй кожнай установы адукацыі. Праграма рэалізацыі гэтага праекта ўключае такія мерапрыемствы, як прадстаўленне сябе або каманды, сітуацыйныя пытанні па тэме кожнага батла, якія хвалююць сучасную моладзь, дэбаты, стварэнне інтэлект-карт, якія ў далейшым увойдуць у зборнік праектных ініцыятыў моладзі.
Прапанаваная праграма — арыенцір на ўстойлівае развіццё, яна дапаможа пераадолець стэрэатыпы індывідуальнай і грамадскай свядомасці, будзе садзейнічаць эфектыўнаму вырашэнню самых розных задач, з якімі моладзь сутыкаецца ў сучасным свеце. Пакуль гэта яшчэ ініцыятыва выкладчыкаў англійскай мовы, якія распрацавалі праект сумесна з навучэнцамі 8-х класаў. У будучыні мы плануем прыцягнуць і педагогаў іншых прадметаў. Праект стаў зыходным пунктам для пачатку работы метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы над тэмай “Фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў праз стварэнне сацыяльна адаптаванага адукацыйнага асяроддзя ў гімназіі” па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. З пачатку года на сайце гімназіі стала штомесяц праводзіцца віктарына General knowledge stuffs for trivia buffs, куды ўваходзяць пытанні па літаратуры, краіназнаўстве, музыцы, спорце, мастацтве і сусветных адкрыццях. Віктарына дапамагае навучэнцам набываць веды не толькі пра сваю краіну, але і зразумець культуру і традыцыі іншых народаў свету.

Першы English battle у рамках падрыхтоўкі да правядзення першага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове стартаваў у кастрычніку. Навучэнцы 8—10 класаў пасля прадстаўлення сваіх каманд вырашалі сітуацыйныя пытанні па вусных тэмах. На наступным этапе прадстаўнік з кожнай каманды прапаноўваў ідэю па паляпшэнні гімназічнага жыцця вучняў, а апаненты задавалі пытанні ці абвяргалі некаторыя пункты. Далей прайшло галасаванне за прыняцце праграмы.

На ўроку англійскай мовы ў 7 “Б” класе “Many people — many opinions” была выкарыстана форма батлаў для раскрыцця асноўнага зместу ўрока. Навучэнцы былі падзелены на дзве каманды, кожная з якіх пасля свайго прадстаўлення разгледзела чатыры сітуацыйныя пытанні, а пасля праходзілі дэбаты па тэме “Our gymnasium is our country”. За кожнае меркаванне галасавалі гледачы, якія кідалі бюлетэні ў спецыяльную скрыню, па выніках галасоў выбіралі каманду пераможцаў. А затым камандзе-пераможцы было прапанавана скласці інтэлект-карту па выніках мерапрыемства і апублікаваць яе ў газеце “Гімназіст”.

Спадзяёмся, што наша ініцыятыва стане добрай традыцыяй у гімназіі, і мы зможам дасягнуць пэўнага выніку па павышэнні сацыяльнай паспяховасці не толькі навучэнцаў, але і педагогаў, паколькі рух у нагу з часам павінен адбывацца ў тандэме “навучэнцы — педагогі — законныя прадстаўнікі”.

Ініцыятыва каманды “Патрыёты” гомельскай гімназіі № 36 была высока ацэнена пры падвядзенні вынікаў інтэрнэт-гульні “Наша Беларусь: мэты ўстойлівага развіцця — складовыя элементы свету”. У скарбонцы гімназістаў 13 індывідуальных дыпломаў і агульнакамандны дыплом пераможцы.

Таццяна БУЛАНЧЫКАВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа.