Інфарматызацыя выхаваўчай работы — працэс няспынны…

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што працэс інфарматызацыі грамадства трывала ўвайшоў у сістэму адукацыі і выхавання. Таму адной з прыярытэтных задач сучасных устаноў адукацыі з’яўляецца ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і выхаваўчую работу. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны семінар намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, які адбыўся ў Скідальскай гімназіі.

У сваім дакладзе “Вопыт выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у выхаваўчым працэсе” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мая Слуцкая адзначыла, што інфарматызацыя ў гімназіі — працэс няспынны. І для гэтага ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы. Тут працуюць два камп’ютарныя, адзін лінгафонны кабінеты, персанальныя камп’ютары ўсталяваны ў васьмі прадметных кабінетах. Усяго камп’ютараў 43, 39 з якіх аб’яднаны ў лакальную сетку і маюць доступ да высакахуткаснага інтэрнэту. Своечасова аднаўляецца сайт гімназіі, пастаяннымі наведвальнікамі якога з’яўляюцца не толькі педагогі і навучэнцы, але і бацькі гімназістаў, жыхары горада. Пацвярджэнне таму — штодзённыя каментарыі на сайце (да 300 на дзень). У гімназіі ёсць два мультымедыйныя праектары, інтэрактыўная дошка, музычная апаратура, інтэрактыўная тэставая сістэма фірмы “Вотум”. Неабходна адзначыць, што 82% педагогаў маюць сертыфікаты карыстальніка ПК.
Інфармацыйныя тэхналогіі ў выхаваўчай сістэме гімназіі выкарыстоўваюцца ў такіх кірунках, як арганізацыя пазакласных мерапрыемстваў, гімназічных свят і канцэртаў, класных і інфармацыйных гадзін, творчых гульняў, для праектнай дзейнасці навучэнцаў. Яны спрыяюць усталяванню кантактаў гімназістаў і педагогаў з навучэнцамі і настаўнікамі з іншых школ раёна, вобласці, краін-суседзяў. З дапамогай тэхналогій выпускаецца гімназічная газета “Горад Светлаград”, выдаюцца буклеты, інфармацыйныя лістоўкі. Арыгінальна арганізаваны ў гімназіі перапынкі. Гімназія падзелена на зоны па інтарэсах: актавая зала — караоке-студыя, кабінет з інтэрактыўнай дошкай — шахматны клуб, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр — відэастудыя, камп’ютарны кабінет — медыяцэнтр.
У найбліжэйшай перспектыве ў Скідальскай гімназіі плануецца стварэнне віртуальнага мультымедыйнага музея гімназіі і сваёй радыёстанцыі.
Гімназісты наведваюць два факультатывы па інфармацыйных тэхналогіях “Развіццёвая інфарматыка”, “Забаўляльная інфарматыка”, а ў шосты школьны дзень — гурток “Графіка і мультымедыйныя тэхналогіі”. Такія заняткі дапамагаюць навучэнцам развіваць лагічнае мысленне, прасторавае ўяўленне, творчыя здольнасці. Вынікам работы факультатываў і гуртка сталі шматлікія перамогі гімназістаў у раённых конкурсах названага кірунку. Пры арганізацыі работы гімназіі ў шосты школьны дзень патэнцыял ІКТ выкарыстоўваецца для правядзення мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, для прагляду, аналізу і абмеркавання навукова-папулярных фільмаў і праграм у межах тэматычных тыдняў.
Па суботах, у межах праекта “Універсітэт выхаднога дня”, праводзяцца заняткі клуба па інтарэсах “Мы наведвальнікі прававога сайта”. У шосты школьны дзень усе жадаючыя могуць наведваць клуб па інтарэсах “Камп’ютарныя гульні”. Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць арганізаваць вольны час дзяцей у шосты школьны дзень, а таксама ператварыць бязмэтавую вандроўку па інтэрнэце ў цікавую і карысную справу пад кантролем настаўнікаў.
Сацыяльная псіхолага-педагагічная служба гімназіі выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі для стварэння і папаўнення базы даных адораных навучэнцаў, апрацоўкі анкет, дыяграм, графікаў, для даследавання дынамікі тых ці іншых праблем у адукацыйным працэсе гімназіі.
Нельга не адзначыць неабходнасць выкарыстання магчымасцей ІКТ у рабоце намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і педагогаў. Са з’яўленнем персанальнага камп’ютара ў кожнага настаўніка і адміністратара назапашваць, сістэматызаваць, аналізаваць інфармацыю стала значна лягчэй. Магчымасці лакальнай сеткі дазваляюць адміністрацыі кантраляваць, курыраваць, карэкціраваць дакументацыю класных кіраўнікоў.
У межах практычнага блока семінара былі прадстаўлены два выхаваўчыя мерапрыемствы па адзначанай тэме. Інфармацыйная гадзіна ў форме прэс-канферэнцыі акрэсліла блізкую падзею 2014 года — алімпіяду ў Сочы. Вучні 8 класа з задавальненнем расказвалі пра свае дасягненні ў спорце, якіх аказалася нямала, адказвалі на пытанні віктарыны аб алімпійскіх гульнях. Стварыць атмасферу студыйнай гульні дапамагло выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі.
“Ці ўяўляе небяспеку для сучаснага грамадства інтэрнэт?” — на гэтае пытанне шукалі адказ навучэнцы 9 — 11 класаў на дэбатах. Паміж сабой спаборнічалі каманды спікераў і антыспікераў, за часам сачыў таймкіпер. Інтэрактыўная тэставая сістэма, мультымедыйная і музычная апаратура стварылі ў класе атмасферу тэлевізійнага шоу.
Камп’ютарныя і камунікацыйныя тэхналогіі ўяўляюць сабой праявы інфармацыйнай рэвалюцыі. Таму і зразумелы інтарэс да іх педагогаў, якія ўвесь час імкнуцца знайсці шляхі адаптацыі вучняў да сучаснасці.

Мая СЛУЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Скідальскай гімназіі.