…І зноў звініць званок

…І зноў звініць званок з урока. Але заўтра — новы ўрок, і паслязаўтра ўрок. Усе яны розныя, але ў кожным з іх павінна быць іскрынка. І галоўная задача настаўніка — знайсці гэтыя іскрынкі. Навучаючы, настаўнік вучыцца і сам.

Так, у гэтай прафесіі шмат цяжкасцей. Але толькі ў ёй можна рэалізаваць свой творчы патэнцыял, атрымаць зарад энергіі для руху наперад, адчуць задавальненне ад праведзенай работы. Не варта баяцца рызыкаваць і мяняцца. Ні ў якім выпадку не спыняцца на дасягнутым, а ісці наперад. І мне падабаецца вучыцца. Мой дэвіз: “Адукацыя праз усё жыццё”.
Закончыўшы Мінскі педагагічны каледж № 1, БДПУ імя Максіма Танка, я з радасцю прыйшла працаваць у пачатковую школу № 103 Мінска. Здзейснілася мая мара: я — настаўнік пачатковых класаў. Працую ў гэтай школе ўжо 15 гадоў. Мне хочацца асэнсаваць сваё мінулае і сучаснае, падвесці некаторыя прафесійныя вынікі, намеціць планы на будучыню. Успамінаю, як цяжка даваліся першыя ўрокі! Колькі часу прыходзілася рыхтавацца да заўтрашняга вучэбнага дня! Як складана было часам знайсці неабходныя словы! Толькі любоў да сваёй прафесіі дапамагла пераадолець першыя, самыя цяжкія крокі ў свеце настаўніцкай справы. Мне пашчасціла: я да гэтай пары працую ў калектыве мудрых, дасведчаных настаўнікаў, гатовых дапамагчы ў любой сітуацыі. Мае калегі — мае аднадумцы. Мне ёсць з каго браць прыклад!
Удзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі—2014” дапамог мне яшчэ раз прааналізаваць сваю педагагічную дзейнасць, унесці неабходныя карэктывы.
Працуючы ў школе, я зразумела, што сапраўдны настаўнік павінен быць захоплены сваёй прафесіяй. Калі ты не проста перадаеш веды, а “гарыш”, тады запальваюцца і вочы тваіх вучняў. Сучаснай школе патрэбны сучасны настаўнік. Зараз, у час камп’ютарных тэхналогій, бывае цяжка зацікавіць дзіця, таму я заўсёды знаходжуся ў пошуку чагосьці новага, цікавага. Стараюся падыходзіць творча да вучэбнага працэсу. Прымяненне мультымедыйных тэхналогій на ўроках павышае іх эфектыўнасць, адкрывае вялікія магчымасці для творчага падыходу да іх правядзення і разнастайнасці.
Так, настаўнік павінен ісці ў нагу з часам: выкарыстоўваць у сваёй рабоце інавацыі, розныя методыкі, павінен дасканала валодаць матэрыялам, які выкладае. Але галоўнае для настаўніка ў тым, каб умець убачыць у кожным школьніку яго індывідуальнасць, спрыяць самавыяўленню асобы гэтага дзіцяці. Для таго каб педагогу падабраць ключы да яго сэрца, недастаткова ведання сучасных методык, патрэбна інтуіцыя і чулая душа. Разважаючы пра свой жыццёвы шлях, я добра разумею, што не магу правесці мяжу, дзе заканчваецца мая работа і пачынаецца асабістае жыццё. Бо работа настаўніка — гэта не толькі ўрок у 45 мінут. Таму з упэўненасцю магу сказаць: я не працую настаўнікам, я жыву настаўнікам. Усё, што было сказана, знайшло сваё адлюстраванне ў вершы, прадстаўленым на раённым этапе конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі—2014”.

Учитель я…

Учитель я. А значит я — актриса,
Во мне сто лиц и тысячи ролей.
Учитель я. А значит я — царица,
Мне покорять дано сердца детей.
Учитель я. Сильна я поневоле,
И мой удел — терпение и труд.
Учитель я. Живу я этой ролью,
И мне цветы признания несут.
Учитель я. И этим я прекрасна,
Огонь и лед сошлись во мне одной.
Учитель я. А значит мне подвластно
Сердца детей наполнить теплотой.

Вынікі працы педагога відаць не адразу. Часам яны становяцца прыметнымі праз некаторы час, калі школьнікі сталеюць, стаяць на парозе школы, выбіраюць свой далейшы жыццёвы шлях.
А ў школе… зноў звініць званок.

Фаіна СУШКО,
настаўніца пачатковых класаў пачатковай школы № 103 Мінска.