Хутчэй, спрытней, каб быць вышэй

У пятніцу і суботу на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства праводзіўся дзіцячы фестываль па скалалажанні “BABY FEST”. Больш за сотню навучэнцаў з розных рэгіёнаў краіны, а таксама госці з Расіі прыехалі, каб не толькі на спрыт іншых паглядзець, але і свае ўменні пакарэння скаладрома паказаць.

У фестываля, які ўжо стаў традыцыйным і праводзіўся трэці год запар, даволі цікавы статус. Па-першае, гэта адкрытыя спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню, падчас якіх навучэнцы 2004 і 2005 гадоў нараджэння (1 група) і 2006—2008 гадоў нараджэння (2 група) на спецыяльна абсталяваных трасах паказваюць свае фізічныя здольнасці, спрыт і вынослівасць. Па-другое, гэта своеасаблівая навагодняя ўзнагарода юным скалалазам за ўдзел на працягу года ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх афіцыйных спаборніцтвах — так бы мовіць, навагодні ранішнік у стылі скалалажання. А на навагоднія ранішнікі, як вядома, абавязкова прыходзяць у навагодніх касцюмах. Таму пакараць скаладром навучэнцы адпраўляліся не толькі ў спартыўных касцюмах, але і касцюмах бэтмана, чараўніка.
Па-трэцяе, як адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, гэта сямейнае свята, свята яднання педагогаў цэнтра, навучэнцаў і іх бацькоў, захопленых скалалажаннем. Фестываль з’яўляецца і своеасаблівай формай атрымання кваліфікацыі. Для гэтага юным скалалазам неабходна было за вызначаны час пераадолець 12 трас рознага ўзроўню складанасці. За праходжанне кожнай трасы з першай спробы давалася 10 балаў, з другой — 7, за ўзяцце бонусу з першай спробы — 4 балы, з другой спробы — 2 балы. У кожнай узроставай групе вызначалася па 6 лепшых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выходзілі ў фінал.
Праходзіць трасы было няпроста, таму падчас фестывалю былі і хуткія ўзлёты (у пераносным сэнсе гэта слова) на вяршыню скаладрома і падзенні (у прамым сэнсе) на мягкія маты. Кожная траса задумана арганізатарамі фестывалю з пэўнымі адметнасцямі, тэхнічнымі прыёмамі лажання: дзесьці для атрымання максімальнай колькасці балаў трэба было акуратна падскочыць, дзесьці правільна паставіць ногі, недзе перакаціцца. Самымі складанымі былі ўчасткі трасы, якія ішлі па вялікім навісанні, дзе плоскасць часткі скаладрома размешчана практычна гарызантальна.
Па словах галоўнага суддзі фестывалю суддзі нацыянальнай катэгорыі Ларысы Аляксандраўны Малыжанковай, кожны фестываль — гэта не толькі новыя трасы, але і новая (большая, чым у мінулым годзе) колькасць удзельнікаў. Кожны фестываль — гэта і нешта арыгінальнае, навагодняе ў стылі скалалажання. Так, сёлета сярод удзельнікаў праводзіўся конкурс на лепшы навагодні касцюм.
— Паколькі фестываль традыцыйна праводзіцца напярэдадні Новага года, мы стараемся зрабіць дзецям сюрпрыз. Першы раз мы наладзілі для прызёраў катанне на своеасаблівай горцы — нацягнутай ад столі да падлогі вяроўцы. У мінулым годзе юных скалалазаў праз вокны спартыўнай залы віншавалі Дзед Мароз са Снягуркай, сёлета дзяцей і бацькоў чакае феерверк, — паведаміла Ларыса Аляксандраўна.
Па выніках спаборніцтваў пераможцам у першай узроставай групе сярод хлопчыкаў стаў Мікіта Сасноўскі з Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна, сярод дзяўчынак — Марыя Ліпковіч з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У другой узроставай групе сярод хлопчыкаў першае месца заняў Павел Астапчык з Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна, сярод дзяўчынак — Юна Радзівонава з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Па выніках конкурсу на лепшы навагодні касцюм пераможцамі прызнаны Ілья Вядзернікаў, Данік Сакалоўскі, Кірыл Лашук з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Падчас сямейнага свята ўсе яго ўдзельнікі атрымалі выдатны навагодні настрой.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.