Хто здольны ствараць хараство, ніколі не збяднее

Адсутнасць снегу і плюсавыя тэмпературы, дождж, золкасць і туман… Апошнім часам такія кліматычныя сюрпрызы ў снежні не рэдкасць. І, напэўна, можна было б да гэтага прызвычаіцца, калі б не адна акалічнасць — Новы год і Каляды.

Не сакрэт, што і дарослыя, і дзеці з аднолькавым захапленнем чакаюць навагодніх свят. Яны жаданымі гасцямі заходзяць у кожны дом, вітаюць нас ля прыбраных ёлак. Нягледзячы на ўмовы глабальнага пацяплення, педагогі, вучні і бацькі сярэдняй школы № 1 Навагрудка ведаюць, як стварыць чарадзейныя імгненні і цудоўны настрой. Бязважкія, але поўныя ўрачыста-казачнага сэнсу выцінанкі спакваля засяляюць вокны трох паверхаў школы, дорачы і дзецям, і дарослым, а таксама прахожым адчуванне зімовага хараства. Школа нагадвае вялікі казачны снежны замак.
Напярэдадні Новага года кожны верыць у казку. Кожнага, хто пераступае парог нашай школы, вітаюць снегавікі і нібы прапануюць падняцца па лесвіцы вышэй.
Казачны зімовы лес з Дзедам Марозам і Снягуркай, куды завіталі чырванагрудыя снегіры, упрыгожылі другі паверх школы. А ўтульнасць і цеплыню ўсімі любімага свята стварылі камін і “заснежаныя” вокны параднага ўвахода ўстановы адукацыі. Кожны вучань школы стаў маленькім чараўніком і разам з бацькамі стварыў навагодні цуд.
Сімвал надыходзячага года — малпа. І ў нашу казку малпачкі таксама завіталі. Яны размясціліся на дзвярах кожнага класа, павіслі на ліянах і назіраюць за кожным, дорачы прыемны настрой.
Галоўнае ў нашай акцыі па ўпрыгожванні школы да навагодніх і калядных свят тое, што, прыспешваючы наступленне навагодняй казкі, упрыгажэнні школы без слоў гавораць землякам: хто здольны ствацраць хараство, ніколі не збяднее, дорачы яго іншым.

Алена БЯЛЯТКА, Дар’я ЖЫДОК,
вучаніцы 11 класа сярэдняй школы № 1 Навагрудка;
Алена СУСЛА,
кіраўнік творчай групы, настаўніца абслуговай працы.
Фота аўтараў.