Хто праславіцца — у падарожжа адправіцца!

Пазабюджэтная дзейнасць — адзін з кірункаў работы кожнай установы адукацыі, а таксама гэта магчымасць атрымаць уласныя сродкі. Таму ўвесь калектыў нашай школы прымае актыўны ўдзел у выкананні плана пазабюджэтнай дзейнасці.

Ужо не першы год у нашай школе разгортваюцца самыя сапраўдныя спаборніцтвы па зборы макулатуры і металалому. Вядуцца спаборніцтвы паміж класамі і ў асабістым заліку. Увесь навучальны год на першым паверсе размешчаны экран, а загадчык гаспадаркі вядзе прыём другаснай сыравіны і яе строгі ўлік. І часта можна бачыць, як дзеці падыходзяць і глядзяць, якія там ужо вынікі, ці не адстаюць яны ад іншых.

Радуе, што не толькі дзеці ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, але і бацькі, педагогі. Ёсць і сем’і — сапраўдныя рэкардсмены. Па выніках мінулага навучальнага года ў зборы макулатуры гэта сям’я Мікіты Палавені. Яны здалі 436 кілаграмаў макулатуры! Вось гэта рэкорд! Другі год вучыцца ў школе Маргарыта Карпач, і другі год сям’я актыўна ўдзельнічае ў зборы макулатуры (сёлета — 200 кілаграмаў).


А ў зборы металалому летась наладзілі спаборніцтвы хлопчыкі 4 класа паміж сабой! Павел Малашка, Яраслаў Савіцкі, Арцём Бубен са сваімі татамі дружна здавалі металалом. Але ў самы апошні момант Арцём з татам апярэдзіў сяброў: 234 кілаграмы — іх уклад у агульную справу!

А Павел з Яраславам здалі па 200 кілаграмаў.

У спаборніцтвах па зборы макулатуры дзецям актыўна дапамагалі педагогі. Гэта Наталля Аляксандраўна Баброўская, Святлана Уладзіміраўна Курыла, Аляксандр Анатольевіч Камяк, Ірына Аркадзьеўна Жлабовіч, Ала Іванаўна Ляшкевіч і многія іншыя.

І, як і ў любым спаборніцтве, у нас ёсць пераможцы!

А пераможцы павінны быць узнагароджаны!

Вызначалі прызавыя месцы, на агульнашкольнай выніковай лінейцы падвялі вынікі, пераможцы атрымалі граматы, падарункі. А яшчэ самых актыўных удзельнікаў чакала экскурсія ў агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.

Не буду апісваць усё, што ўбачылі дзеці падчас экскурсіі на тэрыторыі комплексу ў Каробчыцах, але калі дзеці вярнуліся з паездкі, то эмоцыі іх перапаўнялі. А вось словы і ўражанні дзяцей, якія пабывалі там упершыню:

“Там такія прыгожыя коні!”

“Там такая класная дзіцячая пляцоўка! Мы гушкаліся на арэлях, з’язджалі з горак. А яшчэ бачылі сапраўдны пірацкі карабель “Баракуда”, дзе можна было пастаяць за сапраўдным штурвалам. Бачылі хатку Бабы Ягі, каля якой стаялі скульптуры жывёл, у якіх Баба Яга ператварыла непаслухмяных дзяцей. А побач стаіць велізарны трохгаловы Змей Гарыныч!”

“А яшчэ мы пабывалі ў партызанскім лагеры. Там ёсць два вялікія самалёты, некалькі танкаў, кулямёты. Было вельмі цікава наведаць пабудовы, у якіх жылі партызаны. Там можна было браць у рукі зброю, посуд. Мы заходзілі ў партызанскую школу, у якой стаялі парты і лаўкі, дошка”.

“А я страляў у ціры!”

Увогуле, добрая традыцыя ў нашай школе! І сябе паказалі, і Каробчыцы паглядзелі! І добрая матывацыя на гэты год: хто зноў праславіцца — у падарожжа адправіцца!

Валянціна ПАДДУБІЦКАЯ,
дырэктар Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.