Хлопцаў аб’яднаў міні-футбол

Асаблівая ўвага ў Квасоўскай сярэдняй школе ўдзяляецца здароваму ладу жыцця, развіццю фізкультуры і спорту. Вядома, для развіцця спорту патрэбны адпаведныя ўмовы. На вялікую радасць навучэнцаў нашай школы, іх бацькоў і педагогаў у 2014 годзе адбылася знамянальная падзея: завяршылася рэканструкцыя адной са спартыўных зал фізкультурна-аздараўленчага комплексу школы.

На рэканструкцыю было выдаткавана каля 3,5 млрд рублёў бюджэтных сродкаў. Больш за паўмільярда рублёў спонсарскай дапамогі выдзеліў мясцовы СВК імя В.І.Крамко. У спартыўнай зале з’явіліся добрыя раздзявальні, душавыя, гардэроб, зоны для гульні ў тэніс, адпачынку, кабінеты для педагогаў і трэнераў. Пабалець за сваіх на ўстаноўленых трыбунах зараз могуць каля 200 чалавек.
Цяпер у абноўленай спартыўнай зале кіпіць спартыўнае жыццё. Практычна з раніцы і да позняга вечара тут занятыя дзеці і моладзь. Праходзяць спаборніцтвы розных узроўняў — гуляюць футбалісты, баскетбалісты, валейбалісты і нават бейсбалісты. Трэніруецца тут тры разы на тыдзень і школьная каманда па міні-футболе. І ўжо шосты раз у лютым гэтага года ў Квасоўскай сярэдняй школе адбыўся міжнародны турнір па міні-футболе памяці Героя Беларусі В.І.Крамко, які сабраў 14 каманд з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. У спартыўных баталіях прынялі ўдзел хлопцы, пачынаючы з 2006 года нараджэння і маладзейшыя — усяго 221 чалавек.
Удзельнікі, балельшчыкі і госці спартыўнага свята напачатку ўбачылі фільм пра Героя Беларусі. Удзельнікаў турніру віталі цяперашні кіраўнік калгаса імя В.І.Крамко Сяргей Вітальевіч Крамко, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Віктар Янавіч Салама. С.В.Крамко падкрэсліў, што гаспадарка працягне ствараць умовы для прыцягнення школьнікаў і працоўнай моладзі да заняткаў фізкультурай і спортам. Нагляднае пацвярджэнне гэтых слоў — электроннае табло і новыя міні-футбольныя вароты, якія нядаўна з’явіліся ў спартыўнай зале.
Дзецям з Квасоўкі не толькі пашчасціла мець унікальную спартыўную базу для міні-футбола, але ім пашанцавала і з педагогамі, трэнерамі, якія прывіваюць школьнікам любоў да гэтага віду спорту і развіваюць спартыўныя навыкі. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Якаўлевіч Шыкеля ў 2013 годзе, а яго калега Рамуальда Леанідаўна Сурконт у 2014 годзе занялі прызавыя месцы ў рэспубліканскім аглядзе-конкусе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў па папулярызацыі футбола і стварэнні комплекснага фізкультурна-спартыўнага мерапрыемства “Урок (гадзіна) футбола” і былі ўдастоены грамат Міністэрства адукацыі і Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” і грашовых прэмій. У пазаўрочны час футбольную эстафету падхоплівае таленавіты трэнер па футболе прафкама ААТ “Белкард” Уладзімір Андрушкевіч.
У міжнародным турніры па міні-футболе кожная каманда гуляла ў дзень па тры матчы. Наогул хлопцы з каманды “Квасоўка-Белкард” удзельнічаюць у турнірах па тры-чатыры разы на год і паказваюць добрыя вынікі: 2-е месца на спаборніцтвах у Барысаве, 4-е месца на міжнародным турніры ў Балгарыі, перамогі на турнірах у Польшчы. Але турнір памяці Героя Беларусі В.І.Крамко для іх асаблівы. Усе тры дні матчы праходзілі з вялікім запалам і энтузіязмам, усе хваляваліся, трыбуны гулі, хлопцы адчайна змагаліся, перажывалі, засмучаліся, калі прайгравалі, радаваліся, калі перамагалі. Кожны год каманда “Квасоўка-Белкард” трапляла ў тройку лепшых. Не стаў выключэннем і гэты турнір: каманда заняла 2-е месца. А пераможцам стала перспектыўная каманда з украінскага Жытоміра.
Гаспадары турніру саступілі ва ўпартай барацьбе толькі гэтай камандзе з лікам 1:2. Далей у турнірнай табліцы стаяць выхаванцы вядомых у Беларусі клубаў “Нёман — Гродна” і “БАТЭ — Барысаў”. Лепшым гульцом у квасоўскай камандзе прызнаны Іван Канцавы, а Дзяніс Сідлярэвіч атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.

Алег ХРЫПТОВІЧ,
дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.