Харчаванне і яго роля ў захаванні здароўя дзяцей

Дзіцячы арганізм адрозніваецца ад дарослага больш інтэнсіўным абменам рэчываў. Харчаванне істотна ўплывае на развіццё мозгу і інтэлект дзіцяці, на функцыянальны стан цэнтральнай нервовай сістэмы, на працэсы росту і развіццё юнага арганізма, павышае ўстойлівасць яго да розных захворванняў.

Роля харчавання ў сучасных умовах узрастае ў сувязі з паскораным фізічным развіццём. Каб паўнавартасна развівацца, на працягу дня дзіця павінна атрымліваць неабходны для гэтага мінімум харчовых і мінеральных рэчываў.
У цяперашні час склалася пэўная сістэма арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці, якая вырашае наступныя задачы: забеспячэнне дзяцей паўнавартасным якасным гарачым харчаваннем; фарміраванне культуры харчавання і навыкаў самаабслугоўвання; кантроль за каларыйнасцю і збалансаванасцю харчавання; развіццё здаровых звычак і фарміраванне патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця.
Для вырашэння гэтых задач установамі адукацыі задзейнічаны цэлы шэраг супрацоўнікаў. Перш за ўсё, гэта работнікі сталовай. На іх адказнасці знаходзіцца падрыхтоўка смачнай і карыснай ежы. Для кантролю за работай харчаблока створаны камісіі, якія працуюць кожная па сваім плане i выконваюць розныя функцыі.
У абавязкі бракеражнай камісіі ўваходзіць кантроль за закладкай сырой прадукцыі і выхадам гатовых страў, за ўмовамі захоўвання атрыманых прадуктаў, іх рэалізацыяй згодна з тэрмінамі. Членамі гэтай камісіі з’яўляюцца і бацькі навучэнцаў. Камісія вядзе прапаганду здаровага ладу жыцця, кантралюе работу тэхналагічнага абсталявання і яго спраўнасць, вырашае многія іншыя пытанні. Да таго ж, праводзяцца нарады па харчаванні, дзе абмяркоўваюцца праблемы, выяўленыя парушэнні і шматлікія пытанні арганізацыі харчавання.
Аналіз вывучэння характару харчавання дзяцей і падлеткаў у розных рэгіёнах вобласці дае падставу сцвярджаць, што забеспячэнне рацыянальнага і збалансаванага харчавання дзяцей у хатніх умовах далёкае ад жаданага. Часта ў рацыёне пераважаюць мясныя прадукты не лепшай якасці, недастаткова выкарыстоўваецца кісламалочных прадуктаў, сокаў, садавіны.
Дарэчы, больш за палову ад сутачнага ўжывання мясных прадуктаў складае мясная кулінарыя — сасіскі і каўбасы, мясныя вырабы ў смажаным і вэнджаным выглядзе. Вельмі рэдка дзеці ўжываюць кашы, свежыя салаты з агародніны, садавіну.
Сур’ёзнай праблемай у апошнія гады з прычыны актыўнай рэкламы ў сродках масавай інфармацыі стала масавае захапленне чыпсамі, каляровымі газіраванымі напоямі і іншай прадукцыяй, якая змяшчае шмат хімічных ненатуральных фарбавальнікаў. Вынікі анкетавання паказваюць, што салодкія газіраваныя напоі некалькі разоў у дзень ужываюць 28—30% дзяцей.
Навукоўцы правялі даследаванне важнасці воднага балансу падчас навучальнага працэсу і высветлілі, што пры яго парушэнні працаздольнасць школьніка падае на 33%. Калі ж школьнік выпівае 1,5 літра вады ў дзень, то каэфіцыент разумовай актыўнасці не падае на працягу ўсяго навучальнага дня. Таму важным застаецца — як у школе, так і ў дашкольных установах —арганізацыя пітнога рэжыму. У свабодным доступе для дзяцей заўсёды павінна знаходзіцца пітная бутыляваная вада. А ў асартыменце буфета для школьнікаў павінны знаходзіцца некалькі відаў натуральных сокаў, у тым ліку, з мякаццю.
У мэтах забеспячэння дзяцей дыетычным харчаваннем паступова набываецца высокатэхналагічнае абсталяванне — параканвекцыйныя печы. Іх прымяненне дапамагае пашырыць падрыхтоўку шэрагу страў дыетычнага харчавання. Пры гэтым не толькі забяспечваюцца высокія смакавыя якасці, але і захоўваюцца ўсе карысныя ўласцівасці прадуктаў, не адбываецца разбурэння карысных мінеральных рэчываў і вітамінаў. У іх могуць быць адначасова прыгатаваны рыбныя, мясныя стравы або стравы з агародніны, розныя гарніры. Дарэчы, выкарыстанне аднаго параканвектамата дазваляе адмовіцца адразу ад некалькіх пліт і духовак, што таксама значна сэканоміць расход электраэнергіі.
Праца буфетаў і кафэ дае магчымасць арганізаваць дадатковае харчаванне і ўключае прадукты, якія адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання. Гэта малочныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, кісламалочныя напоі з жывымі бактэрыяльнымі культурамі, вітамінізаваныя напоі і сокі прамысловай вытворчасці, салаты, садавіна.
Вельмі важна выхоўваць культуру харчавання дзяцей з ранняга ўзросту. Перш за ўсё, неабходна стварыць у сталовай атмасферу цяпла і хатняй утульнасці. Добра, калі сталы будуць пакрыты абрусамі з эстэтычным афармленнем. Прыгожым дапаўненнем паслужаць вазачкі з кветкамі, сурвэткі. Каб дзеці заўсёды з задавальненнем наведвалі школьную сталовую, добра было б, каб персанал сталовай заўсёды сустракаў іх добразычлівымі ўсмешкамі і многіх ведаў бы па імёнах.
Паказчыкі здароўя дзяцей і падлеткаў вызначаюць стан не толькі медыцынскіх, але і педагагічных, сацыяльных, эканамічных праблем грамадства. Захаваць здароўе падрастаючага пакалення ў працэсе атрымання высокага ўзроўню агульнай адукацыі — гэта дзяржаўная задача, ад якой залежыць будучыня нацыі.

 

Таццяна ФІНСКАЯ,
галоўны інжынер-тэхнолаг упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.