Гумар у спорце важны, не спрачайцеся!

У гонар святкавання 150-годдзя сярэдняй школы № 1 Магілёва ў спартыўнай зале прайшлі вясёлыя спаборніцтвы пад дэвізам “Юмор в спорте важен, не спорьте!”, у якіх прынялі ўдзел каманды настаўнікаў і вучняў-старшакласнікаў.

Святочнае афармленне залы, вясёлая музыка, шматлікія балельшчыкі і госці — усё спрыяла добраму настрою.
Каманду “Мега-пачы” прадстаўлялі маладыя, энергічныя, таленавітыя і эрудзіраваныя настаўнікі школы. Ад іх не адставалі і навучэнцы: выбуховыя, хуткія і спрытныя, яны адпавядалі назве каманды — “Дынаміт”.
Музычны конкурс “Танец маленькіх качанят” не пакінуў абыякавым нікога, розныя конкурсныя заданні, эстафеты толькі ўмацоўвалі запал. У зале ішла гарачая барацьба. Судзейская брыгада працавала дакладна і арганізавана.
Шмат радасці і весялосці даставіла гэтае цудоўнае спартыўнае свята. І, напэўна, кожны, хто быў на ім, мог сказаць: “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”. Было сапраўды здорава. Усе хацелі перамагчы.
Нашы настаўнікі паказалі байцовы характар: спрытныя, хуткія, моцныя, з выдатным пачуццём гумару, яны былі прыкладам для хлопчыкаў і дзяўчынак. А дзеці яшчэ раз прадэманстравалі сваю выдатную фізічную падрыхтоўку.
Конкурсныя заданні скончыліся. Журы падвяло вынікі. Ва ўпартай барацьбе, з невялікім адрывам, перамогу атрымала каманда настаўнікаў.
Усе ўдзельнікі і балельшчыкі атрымалі масу станоўчых эмоцый і зарадзіліся выдатным настроем. А пасля спаборніцтваў пакідалі залу з надзеяй сустрэцца на новых турнірах і спаборніцтвах.
Хочацца заклікаць усіх! Будзьце маладыя душой, умацоўвайце сваё здароўе, займайцеся фізічнай культурай і спортам! І як выдатна, калі ў гэтым удзельнічаюць вучні і настаўнікі разам!

Ірына САС,
настаўніца фізічнай культуры
і здароўя сярэдняй школы № 1 Магілёва.