Гуляйце і вучыцеся!

Авалоданне англійскай мовай як замежнай — працэс доўгі і часта сумны. Як зрабіць яго цікавым і вясёлым заняткам? У гэтым нам дапамогуць захапляючыя настольныя гульні Activate. Гэтыя гульні падахвочваюць навучэнцаў да актыўнага выкарыстання лексікі і моўных узораў у рэальнай сітуацыі зносін. Гульні дапамагаюць навучэнцам гаварыць свабодна, без боязі зрабіць памылкі і думаць творча.

Настольныя гульні Activate для вывучэння англійскай мовы спрыяюць развіццю слоўнікавага запасу, замацаванню граматычных структур і ўдасканаленню навыкаў вуснага маўлення і міжасобаснага ўзаемадзеяння, забяспечваюць асобасна арыентаваны падыход і ствараюць атмасферу паспяховасці кожнага навучэнца пры вывучэнні англійскай мовы.

Вучэбная гульня выхоўвае культуру зносін і фарміруе ўменне працаваць у калектыве і з калектывам, а яе ўмелае выкарыстанне на ўроках выклікае ў навучэнцаў гатоўнасць і жаданне гуляць і мець зносіны. Здараецца так, што слабы ў моўнай падрыхтоўцы вучань можа стаць першым у гульні: кемлівасць і знаходлівасць тут становяцца больш важнымі, чым веды па прадмеце. Пачуццё роўнасці, атмасфера захопленасці і радасці, адчуванне пасільнасці заданняў — усё гэта дае магчымасць вучню пераадолець нясмеласць, якая перашкаджае свабодна выкарыстоўваць у маўленні словы чужой мовы, зніжае боязь памылак і добра ўплывае на вынікі навучання.

Вучэбныя настольныя гульні з’яўляюцца моцным матывуючым фактарам у працэсе навучання замежнай мове. Гульня спрыяе замацаванню моўных з’яў у памяці, падтрыманню цікавасці і актыўнасці навучэнцаў, узнікненню жадання ў навучэнцаў мець зносіны на замежнай мове. Гульні дапамагаюць настаўніку ажывіць урок, унесці натуральнасць у вучэбныя зносіны на замежнай мове, якая вывучаецца, палегчыць працэс засваення моўнага матэрыялу, зрабіць вучобу цікавай.

Аднак не варта забываць, што гульня павінна быць добра падрыхтавана як змястоўна, так і па форме, дакладна арганізавана. Яна павінна быць прынята ўсёй групай, праводзіцца ў добразычлівай і творчай атмасферы, каб знімаць напружанне ўрока і стымуляваць актыўнасць навучэнцаў.

Гульня патрабуе ад кожнага навучэнца актыўнасці, уключэння ў сумесную дзейнасць. Удзельнікі павінны атрымліваць задавальненне ад усведамлення таго, што яны ў стане мець зносіны на замежнай мове. Пры гэтым гульня будзе жаданай і выніковай, калі яе будуць чакаць як адпачынку і забавы на фоне цяжкай і часам напружанай работы.

Activate гульні ўключаюць у сябе 4 віды розных гульняў: настольныя гульні (вoard games), гульні-карцінкі (picture this), гульні-здагадкі (guess what?), гульні “словы-цаглінкі” (word bricks), а таксама інструкцыю для настаўніка, як прымяніць гэтыя гульні на ўроку, і камплект усіх неабходных матэрыялаў, які дазволіць адразу ж выкарыстоўваць гульні на ўроку.

Камплект гульняў Activate ўключае 11 настольных гульняў. Маляўнічыя гульнявыя палі паказваюць маршрут, па якім ідуць гульцы, і моўныя клішэ, якія навучэнцы павінны выкарыстоўваць у маўленні. Кожная настольная гульня мае сваю тэму, якая спрыяе развіццю слоўнікавага запасу, замацаванню граматычных структур і ўдасканаленню навыкаў вуснага маўлення навучэнцаў. Тэмы гульняў наступныя: “Раскажы пра сябе”; “Назаві любімае”; “Выкарыстай слова і складзі сказ”; “Што я ведаю пра гэта”; “Трэці лішні”; “Свет прафесій і заняткаў”; “Хто чым заняты”; “Што можна знайсці ў розных месцах”; “Ты калі-небудзь быў там”; “Без чаго свет быў бы лепшым?”; “Я б аддаў перавагу…”. У групах навучэнцы кідаюць ігральны кубік і, выкарыстоўваючы моўныя клішэ, а таксама свой вопыт, уяўленне і крытычнае мысленне, даюць адказы. Адказы навучэнцаў адкрытыя па форме і змесце, і не бывае няправільнага адказу. Пакуль адзін навучэнец адказвае, астатнія ўважліва слухаюць, таму што нельга паўтарацца. Кожны адказ павінен быць новым і арыгінальным.

Камплект гульняў Activate ўключае 24 гульні-карцінкі (рicture тhis), кожная з якіх змяшчае 6 тэматычна падобных карцінак на адным баку і 6 адпаведных пытанняў рознага ўзроўню складанасці на супрацьлеглым. У парах або групах навучэнцы супастаўляюць карцінкі са словамі і адказваюць на пытанні адно аднаго, падмацоўваючы адказы прыкладамі са свайго вопыту. Гэты від гульняў можа быць выкарыстаны для стварэння рэальных сітуацый зносін пры вывучэнні англійскай мовы, уцягнення навучэнцаў у міжасобаснае ўзаемадзеянне. Такія гульні актывуюць лексічны запас і дапамагаюць супаставіць лексічныя адзінкі з канкрэтнымі аб’ектамі.

Камплект гульняў Activate таксама ўключае 24 гульні-здагадкі (guess what?). Кожная картка-гульня змяшчае тэмы і 6 слоў, якія адносяцца да гэтай тэмы. Тэма гульні бывае двух узроўняў: базавага і прасунутага. Навучэнцы ў невялікіх групах тлумачаць значэнні слоў, астатнія гульцы павінны ўгадаць словы і лагічна вызначыць тэму, да якой адносяцца ўсе словы. Гульні-здагадкі даюць магчымасць навучэнцам развіваць навыкі вуснага маўлення і навыкі аўдзіравання, узбагачаюць лексічны запас і развіваюць кемлівасць і хуткасць рэакцыі.

Апошні від гульняў у камплекце Activate — гэта гульні “словы-цаглінкі” (word іricks), якія маюць 140 картак з вялікай калекцыяй назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў, прыслоўяў, прыназоўнікаў і артыкляў. Кожная картка-цаглінка змяшчае 2 словы, па адным з кожнага боку, якія пэўным чынам звязаны паміж сабой. Навучэнцы, выкарыстоўваючы карткі-цаглінкі, павінны скласці сказы на англійскай мове. Гульні “словы-цаглінкі” — гэта выдатны спосаб удасканаліць граматычныя навыкі навучэнцаў.

Вы таксама можаце стварыць свае гульні. У раздзеле “Зрабі сам” (do-it-yourself) ёсць кароткая інструкцыя, як стварыць гульні самому і адаптаваць іх пад узровень вашых навучэнцаў або пад пэўную тэму. Камплект гульняў і інструкцыю для настаўнікаў можна знайсці на сайце https://americanenglish.state.gov/resources/activate-games-learning-american-english і раздрукаваць.

Адметнай рысай гэтых настольных гульняў з’яўляецца іх камунікатыўная накіраванасць і абумоўленасць. А гэта якраз адпавядае галоўнай мэце навучання любой замежнай мове — развіццю камунікатыўнай кампетэнцыі, гэта значыць уменню мець зносіны. Важна адзначыць, што гэтыя гульні спрыяюць пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў пры вывучэнні англійскай мовы, робяць працэс авалодання англійскай мовай радасным, творчым і калектыўным.

Вераніка БЕБЕХ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска.