Горад майстроў-краязнаўцаў

25 сакавіка на базе гімназіі № 25 Мінска прайшлі традыцыйныя адкрытыя раённыя краязнаўчыя чытанні. Гэтае мерапрыемства — своеасаблівае падвядзенне выніку велізарнай і карпатлівай краязнаўчай работы, праведзенай вучнямі і педагогамі за апошнія гады. Арганізатарамі чытанняў сталі ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна, Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, гімназія № 25 Мінска.

Адчувалася адразу, што ў гімназіі свята. Навучэнцы сустракалі гасцей у святочным адзенні, у беларускіх касцюмах, ветліва запрашалі распрануцца і праводзілі да месца рэгістрацыі. Вітаў гасцей (а іх было больш за 100) ансамбль танца “Ірыс-шоу” з Палаца дзяцей і моладзі “Золак”. На свяце прысутнічалі шаноўныя госці — ветэраны вайны і працы. Усюды панавала музыка, усмешкі на тварах. Прадставіў гасцей дырэктар гімназіі Сяргей Леанідавіч Дзенюшкін, які расказаў пра сістэму работы навучальнай установы ў межах Рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Работа чытанняў была арганізавана ў чатыры секцыі. Першая секцыя “Беларусь гасцінная” працавала ў форме кастынгу экскурсаводаў. Яго ўдзельнікам прапаноўвалася за 7 хвілін творча (сцэнічна) прадставіць гісторыка-культурныя, сацыяльныя, прыродныя і іншыя адметнасці малой радзімы ў форме візітоўкі. Асабліва запомнілася тэатралізаваная экскурсія сярэдняй школы № 77 Заводскага раёна і выступленне самага юнага краязнаўца з гімназіі № 35 Кастрычніцкага раёна Аляксея Борздага, які прадставіў работу “Па сцежках мінулага”.
У секцыі № 2 была арганізавана выстава работ і майстар-клас творчых калектываў па вывучэнні традыцыйных беларускіх рамёстваў. Атрымаўся свайго роду горад майстроў. Усе былі ўражаны юнаком з 25-й гімназіі Аляксандрам Юшкевічам, які праў кудзелю, працуючы на калаўроце.
Работы трэцяй секцыі “І помніць свет уратаваны” былі праілюстраваны эпізодамі з пошукавай дзейнасці вучняў, што пакінула шчымлівае пачуццё. Школьнікі абапіраліся ў выступленнях на сямейныя фотаздымкі, успаміны, дакументы. Гэта яскрава прасочвалася ў работах навучэнцаў 25-й гімназіі. Запамінальнымі былі работы сярэдняй школы № 43 пра паэта і разведчыка Язэпа Семяжона, пра імёны герояў у нзвах вуліц Заводскага раёна з сярэдняй школы № 172.
Чацвёртая секцыя — “Беларусь спартыўная”. Асабліва запомнілася выступленне дзвюх дзяўчынак з 5 класа гімназіі № 25 Аліны Прановіч і Марыі Кудзінай, якія паведамілі пра Аляксандра Журыка, вядомага хакеіста, майстра спорту міжнароднага класа, з якім звязана слаўная хакейная гісторыя нашай краіны. Для зборнай ён заўсёды быў лепшым абаронцам. Паспеў пагуляць у Канадзе, у расійскіх камандах, але вярнуўся ў Беларусь.
Напрыканцы мерапрыемства выступіла Яўгенія Васільеўна Канавалава, старшыня камісіі жанчын—удзельніц Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу. Яўгенія Васільеўна сказала добрыя словы ў адрас кіраўнікоў музеяў, адзначыла іх энтузіязм, ініцыятыву, высокі прафесіяналізм.
Чытанні паказалі актывізацыю грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў розных установах адукацыі Мінска. Як адзначыла загадчыца аддзела краязнаўства МДТЭЦ ДіМ Ганна Цімафееўна Сажнева, традыцыйныя адкрытыя раённыя краязнаўчыя чытанні прайшлі цікава, творча, захапляльна. Яны паказалі вынік работы навучальных устаноў у даследчай дзейнасці навучэнцаў у межах Рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў галіне краязнаўства, прыцягнулі ўвагу да вывучэння нацыянальных рамёстваў, звычаяў, традыцый, абрадаў, гістарычнага мінулага краіны.

Аліна ПАХВАЛЁНАЯ.