Гонар за сваю зямлю

Выхаваўчая работа, якую ажыццяўляе калектыў нашай дашкольнай установы, вырашае вельмі важную задачу: фарміраванне сацыяльна-актыўнай творчай асобы, здольнай любіць сваю Радзіму і пераўтвараць яе. Адбываецца гэта праз мерапрыемствы духоўна-патрыятычнага, эстэтычнага і экалагічнага кірункаў.

Каб па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму, трэба перш за ўсё любіць яе маленькі куточак, які называюць Бацькаўшчынай. Якая яна, мая малая радзіма? Гэта залатыя палі збажыны, блакітнае і светлае, як усмешка дзіцяці, неба, гэта чысціня, прыгажосць і цудоўныя кветкі. Ці можна не любіць такое хараство!? Упэўнена ў тым, што сапраўднага грамадзяніна неабходна выхоўваць з першых нясмелых крокаў у вялікі свет, ён павінен адчуць радзіму, як кажуць, з малаком маці. Як жа данесці да нашых дашкольнікаў высокія пачуцці любові да Радзімы? Як навучыць ганарыцца зямлёй, дзе ты нарадзіўся, самай лепшай у свеце, таму што над ёй ззяе твая зорка, яна бароніць твае карані, а значыць, і твой лёс.
Чысціня і прыгажосць думак, пачуццяў і ўчынкаў, адносін да людзей і навакольнага свету — усё гэта павінна быць галоўным у выхаванні маленькіх грамадзян. Упэўнена ў тым, што ўсе таленты і здольнасці, лёс чалавека ад вытокаў зямлі сваёй, са скарбонкі гісторыі і культуры свайго народа. З 2006 года ў нашым дзіцячым садзе працуе тэатральна-мастацкая студыя “Пралесачка”. Гасцёўня студыі ўтрымлівае этнаграфічны куточак, дзе прадстаўлены старажытныя рэчы беларускага побыту, летапіс і макет Быхава, ёсць тут і выставы “Гліняны цуд”, “Родныя сэрцу краявіды”. У выставачным пакоі студыі адбылася выстава карцін прафесійнага мастака і цудоўнага чалавека Льва Уладзіміравіча Каваленкі. Педагогі сада для дзяцей і бацькоў праводзяць цікавыя заняткі: “Падарожжа ў гісторыю роднага краю”, “Мая малая радзіма”, гурток “Беларусачка”, “Родныя сэрцу мясціны”. Прапановы, пажаданні сваёй краіне, дзіцячаму саду ад нашых дашкольнікаў запісаны на касеце “З верай у будучыню”. Мы верым у тое, што ўсе прапановы і пажаданні маленькіх быхаўчан абавязкова здзейсняцца. А сёння яны — нашы любімыя чамучкі і фантазёры — вучацца любіць сваю Радзіму, выкладваючы з кубікаў Н.А.Зайцава галоўныя словы: Беларусь, Радзіма, Быхаў, маці, школа, сябры. Праз тэатр, які ёсць у садзе, дзеці пазнаюць прыгажосць адносін, вучацца сябраваць, любіць прыроду. Шмат казак і спектакляў паказалі нашы маленькія артысты. Дзеці з задавальненнем знаёмяцца з гісторыяй свайго горада падчас падарожжаў па памятных мясцінах, пры вывучэнні тэматычных альбомаў, пры праглядзе фільмаў пра Быхаў з відэатэкі сада.
Вось такія паступовыя крокі робяць яны ў будучыню нашай краіны, краіны дабрыні, прыгажосці і талентаў. Мне думаецца, што мы на шляху, які дасць добры плён, таму што павага да Бацькаўшчыны і вера ў будучыню — гэта магутная стваральная сіла.
Раніцай групы дзіцячага сада напаўняюцца галасамі дзяцей. Я кожны дзень сустракаю сваіх маленькіх выхаванцаў, якiх мне даверылі мамы і таты з надзеяй, што ім будзе са мной цёпла, камфортна і радасна. Галоўная мэта маёй работы — ствараць у групе асаблівы мікраклімат добразычлівай увагі адно да аднаго, узаемнай павагі, уступлівасці і разам з тым ініцыятыўнасці, актыўнай цікавасці да ўсяго, што адбываецца. Я шмат сіл і эмоцый аддаю дзецям, але яны даюць мне значна больш. Разам з імі я акунаюся ў cвет дзяцінства і нібы жыву столькі жыццяў, колькі іх у групе — рухавых, гарэзлівых, любімых маіх малышоў.
Чаму ж я выбрала менавіта гэтую прафесію? Таму што хацела працаваць так, каб сад быў для малышоў краінай цудаў, казак і добрых чараўніцтваў. Для мяне вызначальнымі з’яўляюцца словы: “Дзяцінства — заўсёды геніяльнае, як геніяльны і кожны сапраўдны паэт…”. Імкнуся, каб кожны дзень быў адкрыццём, пазнаннем новага, незвычайнага. Мая праграма-мінімум: працаваць так, каб не было вакол абыякавых дзіцячых вачэй. І намаганні мае недарэмныя, дастаткова паглядзець у вочы выхаванцам. Яны свецяцца радасцю і цікавасцю, ім са мной спакойна, як з маці, яны шчаслівыя спяшаюцца да мяне кожную раніцу.
Гарманічнае развіццё дзіцяці немагчыма без фарміравання ў ім самасвядомасці, самапавагі і пачуцця нацыянальнай годнасці. З дашкольнага ўзросту павінна пачынацца далучэнне маленькіх беларусаў да спадчыны продкаў, выхаванне ў іх лепшых рыс нацыянальнага характару: добразычлівасці, шчырасці, працавітасці, стараннасці ў любой справе. З ранняга дзяцінства памятаю пяшчотныя рукі матулі і словы калыханкі. Напэўна, тады нарадзілася ў маёй душы любоў да роднай мовы, да роднага слова. Потым ужо захаплялася творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, вуснай народнай творчасцю. Я заўважыла жаданне дзяцей глыбей даведацца аб гісторыі роднага краю i пасля размовы з бацькамі і анкетавання вырашыла арганізаваць гурток “Беларусачка”.
Выхаванне патрыятызму прадугледжвае веданне гісторыі і сучаснасці сваёй краіны, жаданне ўзмацняць яе, абараняць. Арганізоўваю сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў Дзень абаронцаў Айчыны і ў Дзень Перамогі. На такіх сустрэчах дзеці ўсведамляюць, што гераізм і адвага людзей у гады вайны падарылі нам мірнае і шчаслівае жыццё зараз.
Мы, педагогі, павінны нястомна працаваць у кірунку адраджэння беларускай культуры, мовы, усведамляць сваё месца і ролю ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці дзяцей. Прыйдзе час — і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі! Я мару, што калі мае выхаванцы стануць дарослымі людзьмі, кожны з іх будзе адчуваць сябе неад’емнай часткай гэтай прыгожай зямлі, цудоўнага народа і гатовы будзе на ўвесь свет сказаць: “Я — беларус!”.

Наталля ВАРГАНАВА,
загадчык ясляў-сада № 6 “Бярозка” Быхава,
Наталля АЗАРАНКА,
выхавальнік ясляў-сада № 6 “Бярозка” Быхава.