Голуб міру са Слоніма даляцеў да Рыа

Вучні гімназіі № 1 Слоніма на працягу шэрага гадоў плённа працуюць у тэлекамунікацыйных праектах пад кіраўніцтвам каардынатара настаўніка англійскай мовы Ірыны Іосіфаўны Валынец. Работа ў праектах такога тыпу дае магчымасць школьнікам, выкарыстоўваючы інтэрнэт і іншыя тэхналогіі, уступаць у прамыя зносіны з аднагодкамі з усяго свету, працаваць у сумесных праектах, адкрываць Беларусь для замежных партнёраў і распавядаць пра культуру, геаграфію і мастацтва сваёй краіны.
Мы ганарымся тым, што малюнак адной з былых вучаніц Ірыны Каралені (зараз яна студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы) быў выбраны, каб прадстаўляць Беларусь у міжнародным палатне міру, якое дэманстравалася на Алімпіядзе ў Рыа. А пачалося ўсё ў 2012 годзе, калі стартаваў міжнародны праект “Школьнае міжнароднае палатно міру”, у якім удзельнічалі школьнікі з 204 краін. Удзельнікі праекта ад гімназіі таксама дзяліліся бачаннем міру на планеце ў сваіх мастацкіх работах. Кожная работа ўтрымлівала заклік да міру ва ўсім свеце. У малюнку Ірыны быў адлюстраваны сімвал міру — голуб, а ў ім планета Зямля, сонца, месяц, вясёлка, кветкі і палі. “Мір — гэта калі ў тваім сэрцы спакой” — ключавая фраза яе закліку да міру.Нядаўна Ірына прыехала ў родную гімназію, дзе прымала віншаванні ад школьнікаў і настаўнікаў з такім важным дасягненнем і падарунак ад шэфаў — Слонімскага водаканала.

Удзел у міжнародных праектах выхоўвае пачуццё гонару за Беларусь, фарміруе цікавасць да вывучэння англійскай мовы, павышае якасць навучання, пашырае кругагляд вучняў, дазваляе ўсвядоміць сябе грамадзянінам свету.

Людміла КУРДУН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Слоніма.