Гімназічная зорачка

Яўген — незвычайна таленавіты падлетак з высокімі матэматычнымі здольнасцямі. Гэта неаднаразовы пераможца раённых, абласных, міжнародных конкурсаў і алімпіяд па матэматыцы. Сваю скарбонку перамог за гады навучання ў гімназіі ён папоўніў дыпломамі I, II, III ступені абласнога ўзроўню. 

Настаўнікі гімназіі адзначаюць, што Яўген адрозніваецца сціпласцю і інтэлігентнасцю. Яму споўнілася шаснаццаць гадоў, але, размаўляючы з ім, разумееш, што гэта разумны, прынцыповы і адказны чалавек, у якога ёсць моцны ўнутраны стрыжань. Сам малады чалавек лічыць сябе звычайным сучасным падлеткам — такім, як усе.

Мне вельмі часта даводзіцца сустракацца з Яўгенам у гімназіі. Ён уваходзіць у склад таварыства “УНІСОН” і з задавальненнем удзельнічае ў інтэлектуальных конкурсах. У 2014 годзе стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу “Сузор’е талентаў”, пазней удзельнічаў у XXV адкрытай Міжнароднай прыродазнаўчай канферэнцыі “Патэнцыял” у Маскве. Не з пустымі рукамі прыехаў ён дадому — дыпломам III ступені парадаваў усіх, хто так хваляваўся за яго. Малайчына!

Жэня паспявае добра вучыцца, асвойваць складаную праграму гімназіі і разам са сваёй настаўніцай па матэматыцы Святланай Анатольеўнай Міхнавец спасцігае складаны свет лічбаў і займальны свет матэматычнай логікі. А гэта, як вы разумееце, не так проста. Святлана Анатольеўна расказвае, што ў Жэні вялікая сіла волі, ён заўсёды дасягае пастаўленых мэт. Акрамя гэтага, ён працавіты і скрупулёзны вучань. Для таго каб перамагчы на матэматычных конкурсах і алімпіядах, аднаго таленту мала. Трэба не толькі шмат трэніравацца, але і мець жаданне і цярпенне адкрываць новыя, яшчэ невядомыя, старонкі матэматыкі.

Эрудыт-гімназіст у сваім напоўненым справамі жыцці знайшоў месца і іншым захапленням. Па некалькі гадзін кожны вечар Яўген трэніруецца ў спартыўнай зале. Выходзіць на рынг і становіцца пераможцам. Жэня — кандыдат у майстры спорту па таэквандо. Яўген вельмі ўдзячны сваім трэнерам за тое, што выхавалі яго сапраўдным спартсменам, прывілі любоў да спорту. Дзякуе хлопчык і сваім настаўнікам гімназіі за веды, дапамогу і падтрымку. Прыемна чуць ад Жэні словы падзякі ў адрас бацькоў і сястры. Яны заўсёды дапамагаюць яму, перажываюць, даюць парады.

Сям’я Жэні заўсёды разам з ім. Любімая сямейная тэлепраграма “Што? Дзе? Калі?” дае магчымасць сабрацца і абмеркаваць цікавыя пытанні.

Што тычыцца будучыні Яўгена, то ён марыць стаць прадпрымальнікам і заснаваць сваю кампанію. Гэтую мару падтрымліваюць і бацькі хлопца.

У планах гімназіста — паступленне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Жэня знаходзіць час для чытання спецыялізаваных кніг па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.

Мары здзяйсняюцца. Я чамусьці ні на хвіліну не сумняваюся, што Яўген стане дастойным і паспяховым чалавекам, створыць сваю сям’ю і будзе шчаслівым. Добрая, моцная аснова ў яго закладзена. Яна дазволіць ісці да сваёй мары ўпэўненымі крокамі. Ісці наперад сумленна і адказна, бо, абапіраючыся на талент і працавітасць, можна горы варочаць.

Наталля ІВАШКА,
метадыст гімназіі № 3 Салігорска.