Гэта трэба жывым!

Кожны раз, калі ў дзень 9 Мая дыктар чытае “Рэквіем” Роберта Раждзественскага, а затым сумны метраном адбівае імгненні хвіліны маўчання, у мяне, здаецца, спыняецца сэрца. Не толькі таму, што сярод мноства таленавітых твораў пра Вялікую Айчынную вайну яго геніяльна простыя словы гучаць асабліва пранізліва. Нам цяжка ўявіць да канца ўсе пакуты, жах і боль, якія перажылі нашы суайчыннікі ў той грозны час. І толькі адна думка стукае ў скронях: “Калі б не вы …”

Менавіта таму мы працягваем збіраць дакументальныя матэрыялы пра блізкіх і далёкіх сваякоў студэнтаў і выкладчыкаў факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, якія сталі ўдзельнікамі і сведкамі ваеннага ліхалецця. Сёння сярод экспанатаў нашага праекта “Галерэя Памяці” — ксеракопіі дакументаў, фотаздымкаў, запісы ўспамінаў, прэзентацыі і відэафільмы аб больш як 60 удзельніках, воінах і партызанах, якія змагаліся з фашызмам.
Каля пяці гадоў факультэт падтрымліваў сувязь з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Паўлам Андрэевічам Барэйкам, які служыў на вайне тэлефаністам. У рады Чырвонай Арміі Павел Андрэевіч быў прызваны ў верасні 1944 года, калі да Перамогі заставалася менш як год. Але ж у жыцці вельмі часта ўсё вырашаюць імгненні, а дакладней, учынкі, да якіх за драбнюткія долі секунд чалавек аказваецца гатовы ці не гатовы. Радзіма высока ацаніла ратныя заслугі П.А.Барэйкі: у баях за Чэхаславакію ён быў удастоены медаля “За адвагу” і ордэна Чырвонай Зоркі. Ці думаў у тыя імгненні васямнаццацігадовы баец, што, забяспечваючы сувязь пад варожым агнём, ён не толькі добрасумленна выконвае загад камандзіра, але і ратуе ад пагібелі, магчыма, не адзін дзясятак сваіх таварышаў? А, можа, як пазней напіша Роберт Раждзественскі, “…трэба проста памятаць доўг, ад першага імгнення да апошняга…”? 1 мая 2014 года Паўла Андрэевіча не стала…
А вось як пачала сваё сачыненне “Вайна і дзеці” студэнтка 3 курса Ганна Івалгіна, якая ўдзельнічала год назад у рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Аўтограф”: “…Сёння я пiшу на гэтую тэму, бо мяне хвалююць адносiны да падзей Вялiкай Айчыннай вайны ў сучасным свеце. Калi некаторыя палiтычныя лiдары прапаноўваюць выкiнуць такi тэрмiн, як ВАВ. Узвышаюць да подзвiгу дзейнасць Сямёна Бандэры, лiтоўскiх легiянераў… Для мяне i маёй сям’i Вялiкая Айчынная вайна — гэта іншае, i мне ёсць аб чым расказаць. Я не сведка вайны, але вайна чорным крылом прайшлася па маім родзе. Гэтая тэма трагiчная i святая для маёй сям’i…”
Такой жа святой і трагічнай гучала тэма вайны і ў выступленнях удзельнікаў літаратурнага конкурсу “З калосся цяжкога жытоў i пшанiц”, які прайшоў на нашым факультэце ў канцы мінулага года. Студэнты-першакурснікі прамаўлялі кожны радок з такім болем і настолькі выразна, быццам самі былі сведкамі ці ўдзельнікамі тых страшных падзей — відаць, памяць пра Вялікую Айчынную ў нашага народа дзесьці на генетычным узроўні.
Якімі ж словамі выказаць падзяку вызваліцелям і захапленне іх подзвігам! Напэўна, трэба проста памятаць іх, легендарных і безыменных воінаў, абаронцаў рознага ўзросту, полу і нацыянальнасці, іх, што ляжаць у брацкіх магілах па ўсёй Зямлі і да гэтага часу не знойдзеных, іх, чые імёны носяць нашы вуліцы або чые старэнькія фатаграфіі захоўваюцца ў сямейных альбомах. А яшчэ можна заўсёды прыйсці, напрыклад, на Алею Герояў у нашым студэнцкім скверы, аднаму або з сябрамі, і проста моўчкі пастаяць там і падумаць.
Хтосьці добра сказаў, што чалавечая памяць — “гэта дарога з мінулага ў будучыню”. Што пасееш, тое і пажнеш. Наколькі беражліва будзем мы захоўваць у сваіх душах гэтыя старонкі нашай гісторыі, перадаваць сваім нашчадкам памяць пра гэтых людзей, якія засланілі сабой увесь свет і само жыццё, настолькі доўгім і шчаслівым будзе і наша стагоддзе. Людзі! Пакуль сэрцы стукаюцца — памятайце! Таму што інакш ніяк нельга. Не можам. Не маем права.

Алена САДОЎСКАЯ,
старшы выкладчык кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы
ГДУ імя Францыска Скарыны.