Герменеўтыка на занятках па беларускай мове

Літаратуры ў сістэме адукацыі і выхавання належыць асаблівая культуратворчая роля: яна здольна ператвараць унутраны свет асобы і ўплываць на духоўнае ўзбагачэнне жыцця, рабіць яго па-сапраўднаму цікавым, змястоўным, насычаным.

Той, хто працуе ў школе, добра ведае: каб вучань атрымліваў асалоду, чытаючы твор, узбагачаўся духоўна, яго трэба навучыць аналізаваць мастацкі тэкст, разумець сэнс аўтарскіх адступленняў і пейзажных замалёвак. Лічу, што звярнуць старшакласнікаў да кнігі настаўніку літаратуры дапаможа герменеўтычны метад вывучэння мастацкага твора.
Герменеўтычны метад не так шырока распрацаваны ў сучаснай беларускай методыцы выкладання літаратуры. Да яго звярнулася Н.Б.Рашэтнікава ў сваіх артыкулах “Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў вучняў у працэсе ўрока-дыялогу па беларускай літаратуры” і “Некаторыя аспекты метадалогіі методыкі выкладання беларускай літаратуры”. Значна больш ён распрацаваны ў рускай літаратуры, культуралогіі, у нямецкай філасофіі Шлеермахерам і Гадамерам, якія стаялі ля вытокаў герменеўтыкі. Асабіста мне давялося з ім сутыкнуцца таму, што наша школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай “Укараненне мадэлі арганізацыйна-педагагічнага суправаджэння самарэалізацыі асобаснага патэнцыялу навучэнцаў”.
За два гады работы па гэтым метадзе старшакласнікі паспяхова авалодалі сістэмай ведаў, практычнымі ўменнямі і навыкамі. У іх з’явіўся ўстойлівы інтарэс і станоўчыя адносіны да літаратуры. Кожны ўрок літаратуры ператвараецца ў жывы дыялог з пісьменнікам, з героямі твора, з самім сабой, а не з настаўнікам. Задача настаўніка — арганізаваць дыялагічную прастору ўрока. Роля настаўніка пераводзіцца з узроўню magistrdixit у прастору субяседніка і чытача. У гэтым прадукцыйнасць герменеўтычнага метаду.

Дык з чаго складаецца герменеўтычны метад?

Пад герменеўтычным метадам маецца на ўвазе дыялогавае навучанне, праблемная прастора, герменеўтычнае мысленне (здольнасць да самастойнага мыслення пры рабоце з тэкстам) і рух па крузе. У даследаваннях З.Фрэйда, Я.Субоцкага, Э.Эрыксана мы знаходзім пацвярджэнне таму, што “жыццёвы вопыт дзіцяці таксама ўключае маральныя і эстэтычныя нормы, якія павінны ўдасканальвацца праз мастацкае слова”. У літаратурнай герменеўтыцы існуе выснова, што мастацкі твор нельга разумець сам па сабе як нешта асобнае. Мастацкі твор з’яўляецца аб’ектам традыцый культурнага вопыту, а не толькі працай пісьменніка.
Мастацкі тэкст базіруецца на аснове герменеўтычнага круга. Перад намі паўстае аўтар і яго тэкст з аднаго боку і чытач — з другога. Работа настаўніка заключаецца ў тым, каб дапамагчы інтэрпрэтатару (чытачу) зразумець, што ўсё адметнае можа быць зразумелым толькі з агульнага, часткай якога яно само з’яўляецца, і наадварот. У даследаваннях нямецкага філосафа Ханса Гадамера прагучала думка, што “сапраўдны сэнс тэксту або мастацкага твора ніколі не можа быць вычарпаны цалкам”, “набліжэнне да яго — бясконцы працэс”. Гадамер лічыў, што “непазбежны рух па крузе менавіта ў тым і складаецца, што за імкненнем прачытаць і намерам зразумець нешта “вось тут напісанае” “стаяць” асабістыя нашы вочы (і асабістыя нашы думкі), якімі мы гэтае “вось” бачым”. Адсюль вынікае ідэя герменеўтычнага круга — калі працэс разумення з’яўляецца бясконцым. Бясконцасць будзе складацца з часу, з чытача любога ўзросту і пакалення.
Работу над любым творам пачынаю з біяграфіі пісьменніка і падаю дзецям тое адметнае, што паўплывала на стварэнне твора. Напрыклад, работа па творчасці Івана Паўлавіча Мележа пачынаецца з таго, што з першага абзаца крытычнага артыкула вучням неабходна выбраць з нізкі слоў тыя, якія больш запалі ў душу. А ў другім абзацы неабходна звярнуць увагу на словы “ўражлівая душа пранясе любоў да зямлі і людзей, да матчынай мовы і песні”, і тут прапаноўваецца паразважаць над кожным словам сказа з крытычнага артыкула, каб падвесці вучняў да мэты работы пісьменніка над “Палескай хронікай”. Знаёмячыся з біяграфіяй Максіма Танка, звярнуліся да дзённікавых запісаў паэта, дзе таксама ідзе гаворка аб рабоце над тым ці іншым вершам. Біяграфію Якуба Коласа разглядалі “ля помніка Якубу Коласу ў Мінску” — вучням была прапанавана прэзентацыя і фотаздымкі помніка. Тут адбывалася не толькі знаёмства з біяграфіяй, творчым шляхам мастака слова, але ішло параўнанне двух відаў мастацтва. Можна ператварыць вельмі сумную работу па вывучэнні біяграфіі ў цікавую і запамінальную на аснове герменеўтычнага аналізу. Такім чынам, я вучу карыстацца літаратуразнаўчымі крыніцамі, даведачным матэрыялам, супастаўляць віды мастацтва, выказваць свае меркаванні, разумець працу мастака. Пасля дасканалага знаёмства з творчасцю пісьменніка, пераходжу да аналізу (інтэрпрэтацыі) мастацкага тэксту.
Па сённяшні дзень існуе думка, што літаратура — такі ж самы прадмет, як фізіка, мова, хімія, і арыентавана на авалоданне навуковымі ведамі. Але гэта не так. Літаратура — гэта від мастацтва, а тэкст — яго частка.
Тэкст, які не прачытаны, не можа быць прааналізаваны. У сувязі з тым, што аб’ём матэрыялу, які павінны прачытаць вучні старшых класаў, вельмі вялікі, перада мной стала праблема: як павярнуць дзяцей да кнігі. Вядомы настаўнік-наватар Я.М.Ільін сфарміраваў педагагічны закон “трёх “О”: очаровать книгой, окрылить героем, обворожить писателем”. Гэты закон цудоўна падыходзіць для таго, каб прывучыць дзяцей чытаць. Працуючы над творчасцю Андрэя Мрыя ў 10 класе, паспрабавала праз дыялог так падвесці жыццёвы шлях пісьменніка, што вучні самі прачыталі даволі складаны твор “Запіскі Самсона Самасуя”. У 11 класе праз асабістае ўспрыманне І.П.Шамякіным вынікаў Чарнобыльскай аварыі, “наведванне” карціннай галерэі М.Савіцкага “Чарнобыль як Апакаліпсіс веку”, а таксама эмацыянальнае прачытанне апошняй старонкі рамана “Злая зорка” стварыліся ўмовы для аналізу ўсяго твора. Першапачатковае ўражанне захапляе вучняў. І тут выступае прынцып сітуацыйнасці — калі нашы зносіны адбываюцца ў той ці іншай сітуацыі і вызначаюцца ёю. Вельмі часта яны выконваюць функцыю “прымусіць” прачытаць.
Адным з кірункаў герменеўтычнага аналізу з’яўляецца пагружэнне ў тэкст. Такая работа дапамагае кіраваць мастацкім уражаннем школьніка, накіроўваць у патрэбны бок, зыходзячы з асабістых уяўленняў і рухаючыся адпаведнымі шляхамі аналізу мастацкага твора, забяспечваючы камунікатыўныя ўменні і навыкі вучняў. Эфектыўным прыёмам на гэтым этапе пагружэння ў тэкст лічу прыём работы над мастацкай дэталлю. Ільін сказаў: “Дэталь — “жамчужына тэксту”. Яна дапамагае праз малое дайсці да цэлага, убачыць і зразумець цэласную карціну.
Асноўныя напрамкі работы над дэталлю: праз дэталь звярнуць увагу вучняў на разуменне ідэйна-мастацкага зместу твора; праз пагружэнне ў глыбінны сэнс — да кнігі; праз кнігу — да жыцця; ад жыцця — зноў да кнігі.
Дэталь дапамагае зацікавіць эпізодам, рабіць адкрыцці, выказваць свае погляды на зразумелае ці на малавядомае. Так, пры разглядзе ў 10 класе верша “Мая Бесядзь” Аркадзя Куляшова мы звярнуліся да вобраза ракі, якая стала сімвалам творчасці паэта. Як крынічка стварае мора, так творчасць паэта — нацыянальную годнасць. Кузьма Чорны ў рамане “Пошукі будучыні” апісвае магутную таполю, якая расла на скрыжаванні дарог. Імкненне Нявады выгадаваць патомства не дало вынікаў. Кожнае дрэўца тапталася і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасамі. Ніхто не трывожыўся аб тым, што аказалася на іх шляху: дрэва — дрэўца — дачка Волечка — краіна — скрыжалі гісторыі. Нарабаванае Густавам Шрэдэрам золата, якое ён сілай аддаў Волечцы, не дало яму спакою і пазбавіла жыцця. Праз вобраз золата раскрыта душа, мары і імкненні герояў твора. Кожная дэталь у рамане “Людзі на балоце” Івана Мележа раскрывае ўнутраны стан герояў. Вада ў вядры, куды Ганна заглядала, каб палюбавацца сабой, пасмачка валасоў, якая казытала Васіля, вугельчык, які разгараецца, вужака, што прабег у час спаткання… Дэталь дапамагае нам па-свойму зразумець сэнс твора, выпрацаваць свае адносіны да мастацкага слова.
Уважлівыя адносіны да слова выпрацоўваюць не толькі цікавасць да мастацкага тэксту, а даюць магчымасць праз малую дэталь бачыць ідэйны змест, разумець аўтарскую пазіцыю, выхоўваюць у вучняў павагу да кнігі, да беларускай мовы.
Ідэя герменеўтычнага метаду ў літаратурнай адукацыі — гэта для вучняў пераход у іншы псіхалагічны стан, іншы ўзровень і стыль зносін, гэта эмоцыі, магчымасці адчуць сябе ў новай якасці, гэта самастойнасць і зусім іншыя адносіны да навучання, а для настаўніка — гэта магчымасць лепш разумець і бачыць сваіх вучняў, магчымасць ацэньваць іх індывідуальныя асаблівасці, актывізаваць пазнавальную дзейнасць. На гэтым этапе развіцця адукацыйнага працэсу неабходна шукаць шляхі, якія будуць фарміраваць гарманічна развітую асобу, здольную лагічна думаць, знаходзіць вырашэнне розных праблемных сітуацый, сістэматызаваць і назапашваць веды, а таксама здольную да высокага самааналізу, самаразвіцця і самакарэкцыі.

Ірына ШВЕК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай
сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.