Гарадскі рэсурсны цэнтр па фізіцы і астраноміі: новы навучальны год — новыя ідэі і планы

Адным з рэзерваў павышэння якасці адукацыі з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў, дзе канцэнтруюцца матэрыяльна-тэхнічныя, педагагічныя і інфармацыйныя рэсурсы з мэтай іх эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання для інавацыйнага развіцця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада або раёна. У красавіку 2015 года пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама створаны гарадскі рэсурсны цэнтр па фізіцы і астраноміі на базе Гомельскага гарадскога ліцэя № 1.

Выбар месца “прапіскі” цэнтра невыпадковы. На працягу больш як 20 гадоў ва ўстанове паспяхова рэалізоўваецца фізіка-матэматычны кірунак навучання. Сёння ліцэй мае два мадэрнізаваныя кабінеты фізікі і астраноміі, якія ўкамплектаваны сучасным вучэбным і лабараторным абсталяваннем, тэхнічнымі і электроннымі сродкамі навучання, вучэбна-метадычным забеспячэннем. Кажучы на астранамічнай мове, у ліцэі працуе сузор’е прафесійных і таленавітых педагогаў: настаўнікі фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Н.Д.Афанасьева, С.А.Булавінскі, Л.І.Гарбачова і В.М.Крохіна, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, кандыдаты фізіка-матэматычных навук М.У.Буй (трэнер гарадской каманды па фізіцы), Г.Ю.Цюмянкоў (трэнер гарадской каманды па астраноміі). У актыве настаўнікаў — падрыхтоўка пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі, Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі па прыродазнаўчанавуковым кірунку “Пошук”, абласнога і рэспубліканскага конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, абласнога турніру юных фізікаў. А яшчэ іх аб’ядноўвае гатоўнасць дзяліцца прафесійным вопытам са сваімі калегамі. Кіруе гарадскім рэсурсным цэнтрам кваліфікаваны метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама С.П.Стрыжнёва. Немалаважна і тое, што ліцэй цесна супрацоўнічае з фізічным факультэтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытутам. Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне прадстаўнікамі МФТІ выязных фізіка-матэматычных алімпіяд, удзельнікамі якіх з’яўляюцца не толькі нашы ліцэісты, але і навучэнцы гімназій Гомеля. З 2014 года Гомельскі гарадскі ліцэй № 1 уключаны ў пералік апорных устаноў для правядзення заключнага этапу алімпіяды “Фізтэх” МФТІ і прымае ўдзельнікаў гэтага прэстыжнага інтэлектуальнага спаборніцтва з усіх абласцей нашай рэспублікі.
У новы навучальны год гарадскі рэсурсны цэнтр па фізіцы і астраноміі ўступіў з новымі планамі і ідэямі. Яго работа пачалася яшчэ ў жніўні з правядзення прадметнай секцыі настаўнікаў фізікі, на якой былі абмеркаваны асаблівасці выкладання вучэбнага прадмета “Фізіка” ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Членамі савета цэнтра вядзецца падрыхтоўка дыстанцыйнай алімпіяды па астраноміі для навучэнцаў 8—9 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля. У плане работы рэсурснага цэнтра на 2015/2016 навучальны год — вучэбныя семінары, майстар-класы і інтэрнэт-масты для педагогаў, пазнавальныя і спаборніцкія мерапрыемствы для вучняў, лабараторныя практыкумы для ўдзельнікаў усіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Спадзяёмся, што наш цэнтр стане творчай лабараторыяй для таленавітых педагогаў і адораных навучэнцаў, будзе садзейнічаць удасканаленню прафесійнага майстэрства настаўнікаў, павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння такіх важных для фарміравання светапогляду сучаснага чалавека вучэбных прадметаў, як фізіка і астраномія, што дазволіць забяспечыць больш высокую якасць прадметнай адукацыі.

Зоя ПАШКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага гарадскога ліцэя № 1,
член Савета гарадскога рэсурснага цэнтра па фізіцы і астраноміі.