Галерэя вобразаў з экалагічным ухілам

Раённы конкурс экалагічнай моды “Галерэя вобразаў” нядаўна прайшоў на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна сталіцы. Касцюмы, зробленыя ўдзельнікамі конкурсу сваімі рукамі, пышныя шапачкі ў дзяўчат і начышчаныя боты ў юнакоў — усё быццам бы звычайна, але ўсё гэта было зроблена толькі з бытавых адходаў: поліэтыленавых пакетаў, выкарыстанай паперы, шышак, засушанага лісця, смецця і нават са звычайных рэкламных лістовак!

“Ператвары адходы ў даходы” — вось дэвіз удзельнікаў конкурсу сярэдняй школы № 12. Нягледзячы на тое, што ў 2013 годзе каманда “Фарбы восені” нашай установы адукацыі заняла другое месца на гарадскім этапе конкурсу, а ў 2014 годзе выйшла сярэбраным прызёрам з раённага этапу, менавіта сёлетні конкурс стаў найбольш запамінальным для ўсіх удзельнікаў. Бо за аснову касцюма мы бралі лёгкі, экалагічна чысты матэрыял спанбонд, які шырока выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Мы вырашылі, што правільней за ўсё будзе зрабіць акцэнт на трох колерах: белым, чырвоным і зялёным. Тым больш калі аб’яднаць усе гэтыя тры колеры, то атрымаецца наш беларускі сцяг.
“Удзел у конкурсе дапамог навучэнцам не толькі праявіць свае творчыя і артыстычныя здольнасці, але і звярнуць увагу на праблему другаснага выкарыстання цвёрдых бытавых адходаў”, — кажа кіраўнік школьнага гуртка “Выраб адзення з элементамі мадэлявання і канструявання” і настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 12 Валянціна Мікалаеўна Багдановіч.
Усяго ў раённым конкурсе прынялі ўдзел не больш за 5 навучэнцаў ад кожнай установы адукацыі (4 — дэманстратары калекцыі і 1 — вядучы дэфіле). Напрыклад, намінацыю “Купалінка” прымерала на сябе навучэнка 10 “А” класа Кацярына Міхалап. Купалінка — багіня кахання ў язычніцкай міфалогіі, якая прыходзіць да людзей толькі на адну ноч, на Купалле. Ключавым аксесуарам касцюма з’яўляецца вянок, зроблены з сухацветаў і лісця. Не менш цікавая выява была выбрана навучэнкай 11 класа Таццянай Жлутко, якая здолела ўвасобіць у намінацыі “Назад у мінулае” вобраз мастацкага ансамбля ХІХ стагоддзя. “Андарак і гарсэт у касцюме выкананы з поліпрапіленавага мяшка для будаўнічага смецця, а для ўпрыгажэнняў з беларускім арнаментам выкарыстаны поліэтыленавыя пакеты з-пад хлеба”, — заўважае В.М.Багдановіч.
Мне давялося дэманстраваць касцюм вядучай, у якасці аксесуараў для якога выступалі падвеска-абярэг і чырвоны пояс, звязаныя кручком з поліэтыленавых пакетаў. Пагадзіцеся, глядзіцца вельмі выйгрышна!
Варта заўважыць, што вучэбны прадмет “Абслуговая праца” заканчваецца ў 9 класе, але аб’яднанне па інтарэсах “Юны мадэльер і рукадзелле” ў нашай школе наведваюць навучэнцы як 10, так і 11 класа. Ды яшчэ і з задавальненнем!
Па выніках конкурсу ў нас на гэты раз — бронза. Але мы ўпэўнены, што галоўныя нашы перамогі — яшчэ наперадзе.

Лізавета КАСТЭНКА,
навучэнка сярэдняй
школы № 12 Мінска.
Фота Сяргея НЕЗЕМАНА.