Флэш–фільмы, віктарыны, мультымедыйныя карты…

Чалавецтва развіваецца ў эпоху постындустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства. Інфармацыйныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў жыццё і дапамагаюць эфектыўна вырашаць прафесійныя, эканамічныя і многія іншыя праблемы. Каб правільна выкарыстаць тэхнічныя і інфармацыйныя магчымасці, неабходна валодаць адпаведнымі ведамі, якія дазваляюць арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы.

Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у школе актывізуе пазнавальную і мысліцельную дзейнасць вучняў на розных уроках. За час педагагічнай работы я назапасіла пэўны вопыт практычнага прымянення ІКТ па гісторыі, прычым не толькі на вучэбных занятках, але і ў пазакласнай дзейнасці.
Выкарыстоўваю камп’ютар на розных этапах урока. Вопыт паказвае, што ІКТ больш мэтазгодна прымяняць пры вывучэнні новага матэрыялу і замацаванні атрыманых ведаў.
На ўроках гісторыі ІКТ прадстаўлены ў выглядзе мультымедыйных прэзентацый. Іх падрыхтоўка — сур’ёзны творчы працэс. Кожны элемент прэзентацыі павінен быць дасканала прадуманы і асэнсаваны з пазіцыі вучнёўскага ўспрымання.На падрыхтоўку адной прэзентацыі да ўрока з выкарыстаннем сродкаў анімацыі, графікі, аўдыясродкаў і фрагментаў мультымедыйных энцыклапедый затрачваецца каля трох гадзін. Але гэта таго варта, бо прэзентацыя дазваляе адмовіцца ад іншых відаў нагляднасці і максімальна сканцэнтраваць увагу педагога на ходзе ўрока (кіраванне праграмай зводзіцца да простага націскання на клавішу камп’ютарнай мышкі). Праграма PowerPoint дазваляе выкарыстоўваць на ўроку карты, малюнкі, партрэты гістарычных дзеячаў, відэафрагменты і дыяграмы. Прэзентацыі рыхтуюць і самі вучні.
Выкарыстоўваю на занятках і флэш-фільмы, якія дазваляюць наглядна ўбачыць/уявіць пэўныя гістарычныя падзеі, адчуць далучэнне да іх, акунуцца ў розныя эпохі. Асаблівую ролю флэш-фільмы адыгрываюць на ўроках пры вывучэнні ваенных бітваў: вучні бачаць размяшчэнне сіл праціўнікаў перад бітвай, яе ход і вынікі.
Звяртаюся на ўроках і да мультымедыйных карт, прысвечаных пэўным гістарычным падзеям. Добра зарэкамендавалі сябе тэсты і трэнажоры, якія з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі на факультатыўных занятках. Гэта не толькі тэсты, складзеныя настаўнікам у праграмах Word ці PowerPoint, але і гатовыя варыянты тэстаў з інтэрнэту. У тэстах могуць быць малюнкі, выявы, фотаздымкі. Спосабы работы з тэстамі даволі разнастайныя: франтальнае і індывідуальнае апытанне, самастойнае выкананне тэстаў з наступнай праверкай на экране.
Віктарыны больш эфектыўна выкарыстоўваць у пазакласнай дзейнасці і на ўроках абагульнення. Найчасцей яны праводзяцца ў выглядзе “Сваёй гульні”. Так, падчас віктарыны “Русь у пачатку X—XIII стагоддзі” на слайды выводзяцца раздзелы з пытаннямі па балах, якія можа набраць каманда. Вучні выбіраюць любы ўзровень складанасці заданняў, адказваюць на пытанне і ў выпадку правільнага адказу атрымліваюць заслужаныя балы. Настаўнік можа выкарыстоўваць розныя віды віктарын, якія робяць урок яркім, эмацыянальна насычаным і цікавым. Гэта дапамагае дасягнуць галоўнай мэты — трывалага засваення матэрыялу падчас практычнай дзейнасці.
Трэнажоры для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання па гісторыі і грамадазнаўстве набліжаны да рэальных варыянтаў заданняў ЦТ. Вучні чытаюць інструкцыю, выконваюць увесь тэст, пасля чаго камп’ютар апрацоўвае вынікі. Дзеці атрымліваюць разгорнуты аналіз выкананых заданняў, дзе могуць убачыць свае і правільныя адказы. Калі ў вучняў узніклі цяжкасці з пэўным пытаннем, яны ў любы момант могуць вярнуцца да тэорыі і яшчэ раз вывучыць матэрыял. Такія заданні можна выконваць як з усім класам, так і з асобным вучнем.
Выкарыстанне ІКТ дапамагае настаўніку не толькі павысіць матывацыю да вывучэння прадмета, але і псіхалагічна аблягчае працэс засваення вучэбнага матэрыялу, павышае цікавасць да вывучэння гісторыі, пашырае агульны кругагляд і магчымасці нагляднасці на ўроках, садзейнічае больш поўнаму засваенню тэарэтычнага матэрыялу, дапамагае вучням здабываць інфармацыю з розных крыніц і апрацоўваць яе з дапамогай камп’ютара, фарміруе ў дзяцей уменне коратка і дакладна фармуляваць уласны пункт погляду, павышае прадукцыйнасць працы настаўніка і школьнікаў на занятках.
Безумоўна, камп’ютар не вырашае ўсіх праблем. Гэта толькі шматфункцыянальны тэхнічны сродак навучання. Не менш важнымі з’яўляюцца і сучасныя педагагічныя тэхналогіі і інавацыі ў навучанні, якія дазваляюць не проста ўкласці ў кожнага вучня пэўны запас ведаў, але найперш стварыць умовы для праяўлення пазнавальнай актыўнасці дзяцей. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі разам з правільна падабранымі ці спраектаванымі тэхналогіямі навучання ствараюць неабходны ўзровень якасці, варыятыўнасці, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання і выхавання.

Марына ІПАТАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Жабінкі.