Фізічную актыўнасць павышае стэп-аэробіка

Праблема фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту — адна з актуальных на сённяшні дзень. У апошнія гады назіраецца пэўнае зніжэнне як рухальнай актыўнасці малых, так і іх здароўя ў цэлым.
З названай праблемай сутыкаюцца шматлікія ўстановы дашкольнай адукацыі. Некаторыя не акцэнтуюць на гэтым асаблівай увагі, іншыя шукаюць эфектыўныя спосабы вырашэння такой сітуацыі.

Менавіта такім шляхам пайшлі ў яслях-садзе № 1 гарадскога пасёлка Круглае. Кіраўнік фізічнага выхавання ўстановы Алена Яраславаўна Пітоўская, назіраючы за дзецьмі ў арганізаванай рухавай дзейнасці і свабоднай гульні, заўважыла, што ў большасці дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту няма здольнасці аптымальна рэгуляваць рухальныя дзеянні, хутка і рацыянальна вырашаць рухальныя задачы, ажыццяўляць дазіраваныя рухі ва ўмовах дэфіцыту часу, — адным словам, дзецям не хапае каардынацыйных здольнасцей. Праводзячы аналіз сваіх назіранняў, Алена Яраславаўна прыйшла да высновы, што традыцыйныя заняткі фізічнай культурай мала арыентаваны на развіццё каардынацыйных здольнасцей у дашкольнікаў, і таму стала шукаць інавацыйныя праграмы і тэхналогіі па развіцці каардынацыйных рухаў дзяцей. Так была знойдзена тэхналогія стэп-аэробікі, якая развівае рухавасць суставаў, паляпшае гнуткасць, пластыку, дапамагае выпрацаваць добрую паставу, прыгожыя выразныя і дакладныя рухі, ды і ўвогуле садзейнічае гарманічнаму развіццю дзіцяці.
Спачатку трэба было стварыць неабходныя ўмовы, і Алена Яраславаўна занялася вырабам стэп-платформ. Безумоўна, педагог ведала, што стэп-платформы ёсць у продажы, але ж на гэта патрэбны сродкі. Таму ў яслях-садзе іх зрабілі самі з падручных матэрыялаў: прасаваная драўніна — стружачная пліта, абцягнутая дывановым пакрыццём.
Потым кіраўнік фізічнага выхавання ўстановы пачала распрацоўку практычных заняткаў са стэп-платформамі. Спачатку Алена Яраславаўна выкарыстоўвала пры правядзенні рухавых гульняў у якасці абмежавальніка персанальнай прасторы “домікі”. Такія абмежавальнікі месца з’яўляюцца дзейсным спосабам арганізацыі і кіравання групай. Затым, калі дзеці асвоілі кантроль свайго цела на абмежаванай прасторы, ім была прапанавана ранішняя гімнастыка з выкарыстаннем стэп-комплексаў. Каб стварыць і захаваць устойлівы станоўчы настрой дзяцей, Алена Пітоўская выкарыстоўвала толькі добра знаёмыя выхаванцам фізічныя практыкаванні. З мэтай далейшага прыцягнення ўвагі да заняткаў на стэп-платформах педагог уводзіла ў комплекс ранішняй гімнастыкі прыктыкаванні з прадметамі: мячыкамі, кубікамі і цацкамі, што аказвала эфектыўнае ўздзеянне на псіхаэмацыянальны стан дзяцей.
Чарговым этапам практычных заняткаў на стэпах стала ўключэнне гэтай тэхналогіі ў ход правядзення фізкультурных забаў і спартыўных свят. Дзеці з ахвотай уздзельнічаюць у рухавых гульнях “Зрабі фігуру”, “Пералёт птушак”, “Хутка ў домік” і іншых. А іх паказальныя выступленні з комплексамі стэп-аэробікі на садаўскіх святах заўсёды выклікаюць захапленне ў бацькоў і іншых гасцей.
Таксама стэп-аэробіка была ўключана ў спіс дадатковых паслуг звыш базавага кампанента на платнай аснове. Дарэчы, адбылося гэта па шматлікіх просьбах бацькоў дзяцей. Так ва ўстанове пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “Асарці”, дзе дзеці сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту асвойваюць рытмапластычныя элементы сучаснага танца з выкарыстаннем стэп-платформ.
Такім чынам, сфера прымянення стэп-аэробікі ў яслях-садзе № 1 Круглага стала даволі шырокай. Стэп-платформы прымяняюцца ў якасці абсталявання для фарміравання асноўных відаў рухаў: бег, хадзьба, падскокі, поўзанне; арганізацыі рухавых гульняў дзяцей як старэйшага, так і малодшага ўзросту; выканання рытмічных кампазіцый, танцавальных рухаў, індывідуальнай і самастойнай рухальнай актыўнасці.
Алена Пітоўская правяла вялікую работу: гэта і выраб саміх платформ, і падбор музычнага суправаджэння, і супрацоўніцтва з бацькамі па розных арганізацыйных пытаннях, асвойванне метадычных прыёмаў у рабоце з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, і захоўванне тэхнікі бяспекі на занятках. Але ж такая карпатлівая работа заўсёды ўзнагароджваецца. Дзякуючы намаганням Алены Яраславаўны, ва ўстанове значна павысілася цікавасць дзяцей да заняткаў фізічнай культурай, стала больш дасканалай здольнасць дзяцей арыентавацца ў прасторы і каардынаваць свае рухі. А самае галоўнае — дзеці ў яслях-садзе сталі менш хварэць.

Алена ПАЎЛЕНКА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 1 г.п.Круглае.