Фінансавая граматнасць — шлях да поспеху

Сёння ў школе вучаць розным прадметам — матэматыцы, літаратуры, біялогіі… Але ніхто не вучыць таму, як трэба карыстацца фінансамі. А ў сучасным спажывецкім свеце, дзе шмат што ўпіраецца ў грошы, няведанне асноў кіравання фінансамі можа дорага каштаваць. Засваенне элементарных навыкаў планавання, зберажэння грашовых сродкаў нязменна вядзе да павелічэння ўласных даходаў.

З ідэяй правядзення алімпіяды па фінансавай граматнасці выступіла Праўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі рэгіянальнай алімпіяды па фінансавай граматнасці з’явіліся Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі.
Свае веды ў пытаннях фінансавай граматнасці навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці паказалі падчас правядзення раённага этапу алімпіяды, які адбыўся 17 верасня 2014 года і ў якім удзельнічала 667 навучэнцаў. Прызёры раённага этапу прыклалі многа сіл і энергіі для падрыхтоўкі да абласнога этапу.
І вось 25 верасня ўрачыста, пад гукі фанфар адкрыла алімпіяду па фінансавай граматнасці начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Раіса Фёдараўна Лычкоўская. Словы віншавання і наказу 78 удзельнікам алімпіяды выказаў начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.
У кампетэнтнасці журы ва ўдзельнікаў не было ніякага сумнення: узначальвала журы Алена Мікалаеўна Манько, начальнік эканамічнага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. У склад журы таксама ўвайшлі чатыры вядучыя спецыялісты эканамічнага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.
Хутка праляцеў час работы навучэнцаў над заданнямі. Выходзячы з аўдыторый, дзеці шумна абмяркоўвалі, што такое лізінг, дыверсіфікацыя, які памер стаўкі рэфінансавання ўстаноўлены Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у цяперашні час, у чым розніца паміж крэдытнай і дэбетовай картай і яшчэ шмат цікавых пытанняў, якія выклікаюць цяжкасці ў многіх дарослых.
Пасля вялікіх хваляванняў дзяцей чакаў сюрпрыз — цікавая экскурсія на Буйніцкае поле з наведваннем горада майстроў. Экскурсія ўсіх вельмі захапіла, але, калі навучэнцы вярталіся ў залу інстытута развіцця адукацыі для вырашальнага моманту-ўзнагароджання, у атмасферы адчувалася напружанне і хваляванне. І вось надышоў урачысты момант, якога так доўга чакалі. Абсалютным пераможцам, які набраў максімальную колькасць балаў, стаў Сяргей Ламачэнка, навучэнец Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна, 2 месца падзялілі паміж сабой Марына Аляксандрава (сярэдняя школа № 4 Горак) і Павел Бераставой (сярэдняя школа № 1 Глуска імя С.І.Грахоўскага). 3 месца падзялілі Кацярына Блахіна (Міхееўская сярэдняя школа Дрыбінскага раёна), Антон Плотнікаў (Клімавіцкая дзяржаўная раённая гімназія імя І.С.Нікалаева) і Яўген Семчанка (Філатаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Круглянскага раёна).
Размаўляючы з навучэнцамі, мы, дарослыя, сур’ёзна задумаліся над тым, наколькі сёння востра стаіць пытанне фінансавай граматнасці, паглядзелі на ўзровень уласных ведаў у гэтых пытаннях. Таксама ўбачылі шчырую цікавасць і жаданне спецыялістаў Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці супрацоўнічаць са сферай адукацыі і вызначылі шэраг перспектыўных напрамкаў для павышэння фінансавай граматнасці навучэнцаў і нас, педагогаў.
Мы ўпэўнены, што веды, набытыя навучэнцамі падчас падрыхтоўкі і правядзення алімпіяды, будуць вельмі запатрабаваны ў жыцці.

Наталля АФАНАСЬЕВА,
начальнік аддзела педагагічных інавацый Магілёўскага
дзяржаўнага 
абласнога інстытута развіцця адукацыі.