Фестываль, які збірае, вучыць, дапамагае

ІV Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў у канцы кастрычніка завяршыўся ў сталіцы. Ужо даказана, што фестывальны сімвал “зялёны яблык” прыносіць толькі карысць “педагагічнаму арганізму” маладога спецыяліста, бо ў традыцыях гэтага мерапрыемства — беражлівыя, уважлівыя адносіны да пачынаючага настаўніка, аказанне яму ўсебаковай дапамогі. Сёлета фестываль меў свае адметнасці.

Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыя “Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі”. У ролі арганізатараў выступае Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Як і ў мінулым годзе, рабочай пляцоўкай для фестывалю стаў Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”.Па словах арганізатараў, фестываль накіраваны на стымуляванне творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленне таленавітых маладых настаўнікаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных супольнасцях, развіццё прасторы для камунікацыі і прафесійнага росту пачынаючых педагогаў. Акрамя таго, фестываль — гэта прапаганда сучасных адукацыйных практык і ўкараненне інавацыйных педагагічных ідэй у прафесійную дзейнасць маладых педагогаў, забеспячэнне адкрытасці прафесійных зносін.
Удзельнікамі фестывалю могуць быць педагогі, якія выкладаюць дысцыпліны, прадугледжаныя тыпавым вучэбным планам для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, са стажам работы не больш за 3 гады.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю прысутнічалі намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігар Карпенка, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аксана Няхайчык, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка.
Разам з тым у мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава, рэктар МГІРА Таццяна Мароз, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі горада, педагогі сталіцы.Удзельнікамі IV Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў сталі 16 каманд маладых педагогаў з розных гарадоў і краін. Мінск прадстаўлялі настаўнікі з усіх раёнаў сталіцы. Апроч таго, былі маладыя педагогі з Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, а таксама Масквы і Маскоўскай вобласці, Кранштата, Санкт-Пецярбурга. Як заўважылі арганізатары, каманды аб’ядноўвала маладосць, цяга да навізны і адкрыццяў.
Каб падтрымаць заяўлены дух, арганізатары паклапаціліся аб адметнай праграме. Каманды прывезлі на фестываль яркія музычныя прывітанні, якія прагучалі на цырымоніі адкрыцця, на “Фестывалі, які вітае…”. А дагэтуль былі “Фестываль, які збірае…”, дзе адбывалася праектаванне прасторы фестывалю, “Фестываль, які адкрывае…” з трэнінгамі асобаснага росту ад лепшых педагогаў-псіхолагаў сталіцы, удзельнікаў і пераможцаў гарадскога конкурсу прафмайстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог-псіхолаг”.
28 кастрычніка ў цэнтры “Лідар” у межах фестывалю адбылося ўрачыстае адкрыццё інтэрактыўнай музейнай пляцоўкі “Моладзь Беларусі”. Як адзначыў падчас адкрыцця музейнай пляцоўкі дырэктар цэнтра Васіль Стадольнік, тут сабрана і прадстаўлена інфармацыя пра гісторыю маладзёжных рухаў сучаснай Беларусі і былога Савецкага Саюза, уключаючы гісторыю піянерскай і камсамольскай арганізацый пачынаючы з 1918 года.
Пад музейную экспазіцыю аддалі другі паверх вучэбнага корпуса “Лідара”. Трапляючы сюды, на сценах бачыш фотарэпрадукцыі савецкіх камсамольскіх будоўляў і віды гарадскіх будынкаў, якія ў пасляваенныя гады дапамагалі аднаўляць з руін камсамольцы. Тут жа прадстаўлены выявы шасці ўзнагарод УЛКСМ, сабрана ўся атрыбутыка маладзёжнага руху.
Цэнтрам музейнай пляцоўкі стаў клас, у якім будуць выкладаць гісторыю па новых методыках і з дапамогай сучасных інтэрактыўных сродкаў. Месцам для размяшчэння цікавай экспазіцыі цэнтр “Лідар” быў абраны невыпадкова: тут працуюць з актыўнымі і адоранымі дзецьмі з усёй сталіцы.
Права адкрыць інтэрактыўную пляцоўку і перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена намесніку старшыні Мінгарвыканкама Ігару Карпенку, старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаілу Мірончыку і дырэктару МГААЦ “Лідар” Васілю Стадольніку, якія выказалі спадзяванне, што дзякуючы новай пляцоўцы з гістарычнымі элементамі юнакі і дзяўчаты будуць не толькі ўключаны ў адукацыйную дзейнасць, але і змогуць удасканальваць свае асабістыя якасці лідара і актыўнага грамадзяніна.
“Тут для паспяховай дзейнасці змогуць аб’яднацца розныя катэгорыі моладзі, якія будуць рухацца наперад, не забываючы пра традыцыі”, — зазначылі высокія госці.
Яшчэ адной адметнасцю фестывалю стала закладка яго ўдзельнікамі сапраўднай яблыневай алеі, што было сапраўдным падарункам ад маладых педагогаў. Дарэчы, кожная каманда прывезла сваю маладую яблыньку! Увогуле яблыня — выдатны варыянт для пасадкі. Яна дорыць прыгажосць, чароўнасць, веру ў сябе, поспех у каханні і шчасце, звязанае з вечнай маладосцю і даўгалеццем.
Падчас фестывалю маладыя настаўнікі сталі ўдзельнікамі квеста “У пошуках педагагічнага часу”, падрыхтаванага крэатыўнымі педагогамі-арганізатарамі, удзельнікамі і пераможцамі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог-арганізатар”.
Маладыя педагогі горача віталі і такую праграмную частку, як “Фестываль, які запальвае …” (сапраўднае вогнішча на фестывалі было ўпершыню), і квік-настройкі на паспяховую работу з Паўлам Радкевічам, педагогам-арганізатарам з сярэдняй школы № 30 Мінска. Не засталася без увагі і педагагічная кухня, дзе настаўнікі дэманстравалі свае кулінарныя здольнасці. Было весела!
29 кастрычніка ў рамках фестывалю адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Педагагічныя супольнасці — інстытут настаўніцтва”. Пасля пленарнага пасяджэння маладыя педагогі змаглі пабываць на 19 майстар-класах вопытных педагогаў Мінска, членаў клуба настаўнікаў “Вялікі перапынак” і педагогаў Расіі.Часткай фестывалю сталі танцы, таму ўвечары педагогі сабраліся на педагагічнай танцпляцоўцы “Фестываль, які ў рытме …”. Майстар-клас для іх правёў Яўген Вараб’ёў, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 33 Мінска. Гэты настаўнік з’яўляецца пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мудрасць у абліччы прыгажосці” (“Мы — маладыя!”), фіналістам чэмпіянатаў Еўропы і Расіі сярод прафесіяналаў, пераможцам конкурсаў Саюза танцавальнага спорту Расіі сярод прафесіяналаў.
У апошні фестывальны дзень (30 кастрычніка) пасля начной работы па прапанаваным заданні (выбраным напярэдадні камандамі) адбылося мерапрыемства “Фестываль, які прымае …”. Паток пазітыўных эмоцый, яркія педагагічныя ідэі і рашэнні — усё гэта было прадстаўлена камандамі.
А завяршальным акордам фестывальнай праграмы стаў абмен думкамі “Хачу сказаць чацвёртаму…” і “Прапаную ідэі для пятага …”. Затым усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі сертыфікаты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота з сайта МГААЦ “Лідар”.