Фестываль ведаў, творчасці і дружбы

Усімі магчымымі спосабамі трэба запальваць у дзецях гарачае імкненне да ведаў і навукі. Вучань будзе згараць ад нецярпення вучыцца, не баючыся ніякіх намаганняў, калі настаўнік зможа развіць у дзецях цікавасць і творчы падыход да навукі.

Галоўнай задачай адукацыі становіцца сёння не столькі авалоданне сумай ведаў, колькі развіццё творчага мыслення вучняў, фарміраванне уменняў і навыкаў самастойнага пошуку, аналізу і ацэнкі інфармацыі, самасцвярджэння і самарэалізацыі творчых здольнасцей.
Ужо каторы год запар у сярэдняй школе № 44 Віцебска праводзіцца Фестываль ведаў, у рамках якога рэалізуюцца гэтыя задачы, праходзяць розныя творчыя і інтэлектуальныя конкурсы, канцэрты, спектаклі, навукова-практычныя канферэнцыі, выставы, ажыццяўляюцца праекты і многае іншае, што спрыяе развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў. Нядаўна ў школе прайшоў Фестываль ведаў — 2014 “Свет без межаў”.
Для таго, каб кожны новы фестываль ведаў стаў для хлопчыкаў і дзяўчынак непаўторным і незабыўным, арганізатары прыкладваюць шмат намаганняў. Так, упершыню ў рамках Фестывалю ведаў быў праведзены Дзень дружбы Расіі і Беларусі. Наша школа гасцінна расчыніла дзверы перад сябрамі з Расіі.
У гэты дзень адбылася навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў, удзельнікамі якой сталі не толькі навучэнцы нашай школы, але і дзеці са Смаленска. Навучэнцы абаранялі свае праекты на рускай, беларускай, англійскай мовах. А таксама па-за конкурсам былі прадстаўлены даследчыя работы на кітайскай мове.
Пасля інтэлектуальнага спаборніцтва і цырымоніі ўзнагароджання адбыўся канцэрт, на якім з творчымі нумарамі выступалі як навучэнцы з нашай школы, так і смаленскія школьнікі.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Уладзіміраўна Высоцкая, гэтая сустрэча накіравана не толькі на папулярызацыю і развіццё даследчай дзейнасці, але і на ўмацаванне сяброўскіх сувязяў паміж дзяржавамі, абмен вопытам у арганізацыі і правядзенні даследчай дзейнасці.
Асобую падзяку Святлана Уладзіміраўна выказала выкладчыкам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, якія штогод з’яўляюцца членамі журы навукова-практычнай канферэнцыі.
Закрыццё Фестывалю ведаў стала для школы чарговым святам, але ўжо крыху сумным, бо за гэты перыяд прайшло мноства яркіх незабыўных падзей і для настаўнікаў і, вядома, для навучэнцаў. Словы віншаванняў, падзякі, пажаданні поспехаў гучалі на закрыцці фестывалю. Дыпломамі былі адзначаны дзеці, якія актыўна прымалі ўдзел у розных гульнях, спаборніцтвах, конкурсах. Завяршыўся Фестываль ведаў канцэртам, які падрыхтавалі вучні школы.
Немагчыма пераацаніць ролю гэтага праекта для нашай школы. Бо наяўнасць творчых інтарэсаў у школьнікаў спрыяе росту іх актыўнасці на ўроках, якасці ведаў, фарміраванню станоўчай матывацыі да навучання, актыўнай жыццёвай пазіцыі, што ў сукупнасці і выклікае павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.

Святлана КРЫЎКО,
кіраўнік метадычнага аб’яднання, настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 44 Віцебска.