Фестываль навукі запрашае да ўдзелу

На пачатку новага года ў Магілёве пройдзе чарговы, ужо трэці, фестываль навукі, арганізатарамі якога выступаюць гарвыканкам і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

За час свайго існавання фестываль навукі стаў важнай падзеяй не толькі для абласнога цэнтра, але і для ўсёй краіны. Ён дапамагае стымуляваць цікавасць да навуковай дзейнасці навучэнцаў і студэнтаў, а таксама садзейнічае іх прафесійнай арыентацыі. Акрамя таго, фестываль дазваляе павысіць імідж навуковых і педагагічных спецыяльнасцей, папулярызаваць сучасныя навуковыя веды і дасягненні.Мінулы фэст даказаў сваю актуальнасць. Арганізатары распрацавалі для ўдзельнікаў мерапрыемствы, каб кожны з іх мог праявіць сябе. Для студэнтаў праходзіла адкрытая алімпіяда па матэматыцы, для школьнікаў — конкурсы даследчых работ, прэзентацый, вучэбных кінафільмаў і малюнкаў. У перапынках паміж спаборніцтвамі ні навучэнцам, ні педагогам не даводзілася сумаваць. Шмат цікавага можна было ўбачыць на выставе “Навука ўчора і сёння”, адкрытых лекцыях-дыспутах, майстар-класах і творчых сустрэчах. З карысцю правесці час моладзі дазволіў інтэлектуальны чэмпіянат “Свая гульня”, а педагогам — наведванне семінара “Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў”.Як паведаміў член аргкамітэта настаўнік фізікі Ліцэя БРУ Аляксандр Плятнёў, сёлетні фестываль навукі абяцае быць не менш цікавым і насычаным падзеямі. Таму да ўдзелу ў ім ужо цяпер запрашаюцца навучэнцы школ, ліцэяў, каледжаў, студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, якія прымаюць удзел у любых формах навукова-тэхнічнай творчасці. Дзверы фестывалю адчынены для ўсіх жадаючых. Дадатковую інфармацыю наконт удзелу можна атрымаць на сайтах www.ufclub.bru.by, www.bru.by і на старонках аднайменных груп у сацыяльных сетках.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.