Фарміруючы камунікатыўныя кампетэнцыі

Кожны з нас, калі чуе замежную мову, вельмі хоча зразумець, пра што ж гавораць? Таму наша навучальная ўстанова бачыць перад сабой галоўную задачу — выклікаць устойлівую цікавасць да нямецкай мовы і даць вучням трывалыя веды!

Такім чынам, нямецкая мова, мова вялікіх Шылера і Гётэ. Сёння яна запатрабавана ў самых розных галінах — у навуцы, мастацтве, палітыцы. Нямецкая — адна з самых распаўсюджаных моў не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Гэта адна з рабочых моў Еўрапейскага саюза. Той, хто валодае нямецкай мовай, можа ў арыгінале чытаць Шылера і Гётэ, Гейнэ і Ніцшэ. І, вядома, у выпускніка школы, а затым і ВНУ, які ведае нямецкую мову, больш шанцаў на рынку працы.

Вывучэнне замежнай мовы — гэта цяжкая праца. Таму неабходны разнастайныя сродкі, формы і метады работы, якія дапамогуць зрабіць навучанне больш даступным і простым. І для нашай установы адукацыі такім сродкам, як паказвае вопыт, з’яўляецца выкарыстанне ІКТ на ўроках нямецкай мовы.
Дзейсным спосабам работы з камп’ютарам мы лічым выкарыстанне падрыхтаваных з улікам пэўных патрабаванняў камп’ютарных прэзентацый, калі на ўроку задзейнічаны экран, праектар і ўсяго адзін камп’ютар для дэманстрацыі. Гэта дае магчымасць факусіраваць увагу ўсёй групы вучняў, дазваляе праводзіць заняткі ў форме гутаркі, гульні. Толькі так можна навучыць школьнікаў складна выказваць свае думкі на замежнай мове. ІКТ разам з традыцыйнымі метадычнымі сродкамі могуць быць выкарыстаны на любым этапе ўрока ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі.
У аснову выкарыстання на ўроках замежнай мовы мультымедыйных прэзентацый пакладзены камунікатыўны падыход да авалодання ўсімі аспектамі іншамоўнай культуры: пазнавальным, вучэбным, развіццёвым і выхаваўчым, а ўнутры вучэбнага аспекту ўсімі відамі маўленчай дзейнасці: чытаннем, гаварэннем, аўдзіраваннем, пісьмом.
Прымяненне камп’ютарных тэхналогій, перш за ўсё, рэзка павышае цікавасць вучняў да прадмета, вядзе да ўзмацнення матывацыі вучэння. Гэта неабходная ўмова паспяховасці навучання, бо без цікавасці да папаўнення ведаў, без уяўлення і эмоцый немагчыма творчая дзейнасць вучня.
Як паказвае практыка, камп’ютарная праграма PowerPoint з’яўляецца вельмі эфектыўным сродкам. Адукацыйны патэнцыял гэтага тэхнічнага сродку навучання стаў добрай дапамогай у ажыццяўленні нагляднай падтрымкі навучання на ўроках нямецкай мовы.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі прымяняюцца:

  •  пры азнаямленні з новай лексікай, бо малюнак на маніторы/экране дазваляе асацыіраваць фразу на замежнай мове непасрэдна з прадметам або дзеяннем;
  •  пры вывучэнні граматычнага і краіназнаўчага матэрыялу, калі ўбачаныя на экране маляўнічыя карцінкі, схемы, аніміраваныя вобразы спрыяюць лепшаму ўспрыманню і засваенню новага матэрыялу.

Ствараючы прэзентацыю, настаўнік улічвае індывідуальныя здольнасці, навучанасць дзяцей, такім чынам, ажыццяўляецца асобасна арыентаванае навучанне. Ужыванне прэзентацый на ўроках дае магчымасць анімацыі, змянення і выдзялення найбольш значных элементаў пры дапамозе колеру, шрыфту, нахілу, памеру.
Дзякуючы інтэрнэту атрыманы доступ да ілюстрацыйнага матэрыялу, якога раней відавочна не хапала. Сельскія школьнікі рэдка выязджаюць на экскурсіі за межы вёскі, фонды буйных музеяў нам не даступныя, таму вялікім патэнцыялам з’яўляюцца віртуальныя экскурсіі. Гэта дазваляе пашырыць веды вучняў пра гісторыю Германіі, дзяржаўны лад, культуру, спорт, легенды, пра адметнасці нямецкіх гарадоў і кулінарныя традыцыі Германіі.
Урокі кантролю ведаў ужо немагчыма сабе ўявіць без тэсціравання. Рэгулярнае правядзенне тэсціравання на ўроках зніжае негатыўнае стаўленне да кантролю, тым больш што вынік можна даведацца адразу, а прабелы запоўніць, вярнуўшыся да яго на наступным уроку.
Выкарыстанне ІКТ на ўроках нямецкай мовы спрыяе павышэнню ступені сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі ў сукупнасці яе складнікаў, а менавіта: навучэнцы авалодваюць новымі моўнымі сродкамі, павялічваецца аб’ём лексічных адзінак, якія выкарыстоўваюцца; навучэнцы развіваюць вучэбна-пазнавальныя, інфармацыйныя кампетэнцыі. Яны вучацца рабіць прэзентацыі, выкарыстоўваючы ўстаўкі аўдыя- і відэафайлаў, карцін і фатаграфій. Дзеці вучацца прымаць іншую культуру і талерантна ставіцца да іншых нацый. Знаёмства з культурнай спадчынай нямецкамоўных краін стала нашмат больш даступным.

Наталля ЛЕВАНЬКОВА,
намеснік дырэктара
Мазолаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.