Фантазіруем, разважаем, творым…

Сярод педагагічных тэхналогій, методык, якія выкарыстоўваюцца ў дашкольных установах, асаблівае месца займае ТРВЗ (тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач). Для дзяцей дашкольнага ўзросту ў ТРВЗ выдзеліліся раздзелы РТФ (развіццё творчай фантазіі) і РТЗ (развіццё творчых здольнасцей).

Мэты ТРВЗ — не проста развіваць фантазію дзяцей, а навучыць іх думаць сістэмна, з разуменнем працэсаў, якія адбываюцца, а таксама даць у рукі выхавальнікам інструмент па канкрэтным практычным выхаванні ў дзяцей якасцей творчай асобы, здольнай разумець адзінства і супярэчнасць навакольнага свету, вырашаць свае маленькія праблемы.
Працуючы ў дашкольнай установе, я паставіла задачу пазнаёміць педагогаў з тэхналогіяй ТРВЗ. У нашай дашкольнай установе была арганізавана школа ТРВЗ, кіруе ёй педагог Міраслава Генадзьеўна Альшук, якая прайшла аўтарскія курсы па гэтай тэхналогіі. Каб пазнаёміць педагогаў з гэтай тэхналогіяй, зацікавіць ёю і пераканаць іх у яе каштоўнасці, былі праведзены кансультацыі па тэмах “Што такое ТРВЗ”, “ТРВЗ у рэжымных момантах”, “Метады фарміравання навыкаў кіруемай фантазіі” і інш. На кансультацыях-практыкумах прапаноўваліся для разгляду розныя праблемныя сітуацыі, а выхавальнікі шукалі і знаходзілі нестандартныя рашэнні, аргументавалі свае думкі.
Выхавальніца Зоя Пятроўна Шчарбачэня, стаж работы якой у дашкольнай адукацыі больш як 30 гадоў, на занятках і ў розных відах дзейнасці выкарыстоўвае прыёмы фантазіравання, эмпатыі. Прапаноўвае дзецям пафантазіраваць (пераўтварыцца ў пэўны аб’ект у якой-небудзь сітуацыі і расказаць пра свае пачуцці ў гэты момант). Напрыклад: уяві, што ты гарачы прас, які забылі выключыць. Уяві, што ты зорачка на небе і ноччу ўбачыла дзіця, якое ніяк не можа заснуць ад боязі. Як бы ты дапамагла гэтаму маленькаму чалавеку? Вельмі цікавы метад — “Мазгавы штурм”, які вучыць дзяцей прапаноўваць розныя спосабы рашэння адной задачы. Ён неабходны тады, калі абмяркоўваецца сітуацыя, якая на першы погляд не мае выйсця. Дзякуючы гэтаму прыёму, дзеці разумеюць, што з любой сітуацыі можна знайсці выйсце.
Настаўнік-дэфектолаг спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Алена Яфімаўна Левіна ў сваёй рабоце актыўна выкарыстоўвае кольцы Лулія, якія дазваляюць фарміраваць у дзяцей рухомасць мыслення, уносяць элемент гульні ў заняткі, дапамагаюць падтрымліваць цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца, садзейнічаюць узбагачэнню слоўнікавага запасу, фарміраванню граматычна правільнай будовы маўлення, развіццю выразнага маўлення дзяцей.
Алена Яфімаўна адзначае, што ў выніку выкарыстання элементаў ТРВЗ-тэхналогіі ў дзяцей зніжаецца пачуццё скаванасці, пераадольваецца сарамлівасць, пашыраецца кругагляд, з’яўляецца імкненне да навізны, вырастае пазнавальная актыўнасць. Як вынік — з’яўляюцца станоўчыя адносіны да заняткаў, паступова развіваецца лагічнае мысленне, моўная і агульная актыўнасць, усе бакі маўлення дашкольнікаў.
Нашы выхавальнікі ўпэўнены, што метады і прыёмы ТРВЗ настолькі цікавыя і дарослым, і дзецям, што іх можна ўключаць у любыя заняткі, а вынікі не прымусяць сябе чакаць. Пры гэтым мы пераканаліся, што:
— няма тэмы, на якую нельга гутарыць з дашкольнікамі, толькі падача матэрыялу павінна быць пабудавана на жывой цікавасці да самога дзіцяці;
— педагогу трэба памятаць, што не так важна рашыць з дзецьмі задачу, як сфарміраваць уменне ўсведамляць прыёмы, пры дапамозе якіх гэта адбываецца;
— заданні дашкольнікам павінны быць максімальна зразумелымі і цікавымі;
— вынікі работы варта выкарыстоўваць прадукцыйна;
— трэба дазваляць дзіцяці памыляцца і памыляцца самім, шукаць выйсце неабходна разам;
— з дзіцем трэба размаўляць, а не толькі гаварыць яму.

Святлана КУРАЛОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Ашмян.