Энергазберажэнне ў мадэлі

У Беларусі ў апошні час актуальнай становіцца праблема замяшчэння газу і нафты мясцовымі крыніцамі энергіі, нездарма ж 2013 год быў вызначаны як Год беражлівасці. Прэзідэнт краіны і ўрад накіроўваюць нашых вучоных на пошукі альтэрнатывы нафты і газу. Вялікія запасы торфу, лесу даюць магчымасць рашыць гэтую праблему, але нельга не прымаць пад увагу і энергію сонца, вады і ветру, тым больш, што іншыя краіны Еўропы ўжо даўно паспяхова займаюцца гэтымі пытаннямі. Надзённай тэме вырашылі прысвяціць сваю работу і навучэнцы гуртка “Макетаванне” сярэдняй школы № 1 Магілёва Максім Мельцар, Аляксандр Сырадой і Вячаслаў Галузаў.

За чатыры месяцы вучні зрабілі макет сельскага прыватнага дома з поўным наборам тэхнічных будаўнічых рашэнняў для значнай эканоміі электраэнергіі. Але, перш чым рабіць макет, хлопцы вызначылі, што пачэснае месца ў ліку правераных спосабаў скараціць энергазатраты (а як вынік — менш закупліваць нафты і газу для вытворчасці электраэнергіі) займае вятрак. Лідарам па эканоміі электрычнасці з’яўляюцца таксама і сонечныя батарэі. Ну, і, вядома, ніводны беражлівы гаспадар зараз не абыходзіцца без люмінесцэнтных энергазберагальных лямпачак.
Акрамя таго, хлопчыкі высветлілі, што на карысць грамадства таксама магчыма выкарыстоўваць энергію вады, тым больш, што наша Беларусь, як вобразна любяць казаць, “краіна рэк і азёр”. Можна скарыстоўваць і такі спосаб здабычы энергіі, як вадзяное кола. А колькі эканоміі цяпла даюць нам сучасныя будаўнічыя тэхналогіі і матэрыялы?! Напрыклад, шклопакеты, папулярнасць якіх узрастае дзень пры дні. Такім чынам, праблема вывучана, і хлопцы ўзяліся за рэалізацыю сваёй ідэі.
А зрабіць мы з вучнямi вырашылi рэальную мадэль вясковага iндывiдуальнага жылога дома ў мiнiяцюры, адлюстраваўшы, як магчыма вырашыць праблему энергазберажэння на практыцы. На макеце трэба паказаць выкарыстанне перадавых энергазберагальных тэхналогiй у будаўнiцтве i побыце (скарыстанне шклопакетаў, энергазберагальных лямп для асвятлення памяшканняў дома), а таксама адлюстраваць выкарыстанне мясцовых вiдаў палiва — дроў. У нас у доме павiнна быць руская печ. Яна i крынiца цяпла ў доме, i крынiца прыгатавання смачнай i здаровай ежы, што таксама вельмi важна i актуальна ў наш час. Акрамя гэтага, трэба паказаць на макеце выкарыстанне энергii сонца (сонечныя батарэi на даху дома), энергii вады (вадзяное кола) i энергii ветру (вятрак).
Ад рашэння перайшлі да практыкi. Пад аснову макета была ўзята плiта ДСП, на якую з дапамогай клею быў замацаваны пенапласт. Па пенапласце мы правялi разметку мясцовасцi (пад вятрак, дом, вадзяное кола, возера, раку i чыгунку). А далей, каб не перашкаджаць адзiн аднаму i скарацiць тэрмiн выканання макета, кожны вучань самастойна ажыццяўляў пэўную частку задачы.
Так, Максiм Мельцар рыхтаваў макет ветранога млына, Аляксандр Сырадой вырабляў макеты вадзянога кола і легкавога аўтамабіля, а Вячаслаў Галузаў узяўся за стварэнне чыгункі, аўтамабільнай дарогі, пажарнага вадаёма, рэчышча на рэльефе мясцовасці, а таксама моста цераз рэчку. Варта адзначыць, што дзецям прыйшлося вывучыць неабходную літаратуру і распрацаваць адпаведныя чарцяжы.
Самай цяжкай і працаёмкай справай стала выкананне макета дома, таму хлопцы над гэтым працавалі разам. Зруб дома яны зрабілі з драўляных брускоў, затым падрыхтавалі перагародкі ў будынку, паставілі шклопакеты, вырабілі фундамент дома, дзверы і ганак, дах з франтонамі, дзе замацавалі сонечныя батарэі. Грунтоўна падышлі вучні і да афармлення ўнутранай планіроўкі дома. Таму, падняўшы дах будынка, унутры можна ўбачыць прыхожую з кладоўкай, кухню-сталовую, залу і спальны пакой. Усе пакоі хлопцы аснасцілі мініяцюрнай мэбляй і бытавымі прыборамі. Ёсць у доме і энергазберагальныя лямпы. Не забыліся і пра рускую печ з гаршкамі і вілкамі.
Далей засталося толькі сабраць усю кампазіцыю разам. На рэльеф мясцовасці былі наклеены макеты дома, вадзянога кола, ветрака, легкавога аўтамабіля, чыгункі і шасэ. Скончыўшы работу па стварэнні макета, мы аформілі ўсю неабходную дакументацыю для ўдзелу ў будучых спаборнiцтвах.
Рэалізацыя гэтага праекта ў рэальным жыцці дае магчымасць эканоміць энергію і цяпло, часткова адключыць сельскую мясцовасць ад энергасістэмы і перайсці на мясцовыя віды паліва, а таксама атрымаць альтэрнатыўную энергію сонца, вады і ветру. Гэтыя крыніцы энергіі не забру-джваюць навакольнае асяроддзе і атмасферу ў адрозненне ад газу, нафты і вугалю, а таксама дазваляюць эканоміць дзяржаўны бюджэт, а гэта ў сваю чаргу дазволіць нам, беларусам, жыць багацей. Вядома, мы разумеем, што выраб ветракоў, вадзяных колаў, энергазберагальных лямп, сонечных батарэй у прамысловых аб’ёмах зараз каштуе дорага, але ў свеце і ў нас, у Беларусі, вучоныя шукаюць і знаходзяць спосабы, якія зробяць працэс вытворчасці гэтых відаў прадукцыі болей танным. І мы спадзяёмся, што ў хуткім часе праекты стануць рэальнасцю ў нашым жыцці.

Сяргей ЛУК’ЯНАЎ,
настаўнiк працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Магiлёва.