Электронныя падручнікі: ноу-хау або патрабаванне часу?

Навучанне з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій ужо стала новым адукацыйным стандартам, які ўкараняецца ва ўсе структуры адукацыі: дзіцячыя сады, школы, ПТНУ, ССНУ, ВНУ і курсы па розных спецыяльнасцях.

У сувязі з гэтым актуальнай з’яўляецца распрацоўка адпаведных сучасным ідэям развіцця адукацыі (адкрытая адукацыя, дыстанцыйная адукацыя і інш.) новых сродкаў навучання, у прыватнасці, электронных падручнікаў.
Электронныя падручнікі (ЭП) індывідуалізуюць працэс навучання, дазваляюць праводзіць навучанне дыферэнцыравана. Магчымасць ажыццяўлення кантролю і дыягностыкі памылак з арганізацыяй імгненнай зваротнай сувязі прадастаўляецца на любым этапе адукацыйнай дзейнасці, што дапамагае праводзіць самакантроль і самакарэкцыю вучэбнай дзейнасці. ЭП фарміруюць уменне прымаць аптымальнае рашэнне ў розных сітуацыях, развіваюць як наглядна-вобразны, так і тэарэтычны тып мыслення, культуру пазнавальнай дзейнасці, узмацняюць матывацыю навучання.

Адзінага навукова-метадычнага забеспячэння і стандартаў у галіне стварэння і прымянення электронных падручнікаў не існуе, што адмоўна адбіваецца на якасці электронных падручнікаў. Пры вялікай разнастайнасці электронных сродкаў падтрымкі навучання, якія з’явіліся ў апошні час, узнікае праблема іх класіфікацыі, у прыватнасці, вызначэння паняцця “электронны падручнік”.
Электронны падручнік павінен забяспечваць якаснае прад’яўленне тэарэтычнага матэрыялу; магчымасць выканання варыятыўных трэніровачных заданняў і кантрольных работ; арганізацыю зваротнай сувязі. Электронны падручнік, арганізаваны такім чынам, лёгка карэкціруецца пры неабходнасці і аўтаматычна забяспечыць бесперапыннасць і паўнату дыдактычнага цыкла працэсу навучання.
Атрыманне зваротнай сувязі з’яўляецца адным з важных звёнаў дыдактычнага цыкла працэсу навучання. ЭП забяспечваюць кожнаму карыстальніку выбар, стварэнне і рэалізацыю індывідуальнай траекторыі атрымання адукацыі або набыцця навыкаў і ўменняў. Але цалкам самастойнае навучанне не заўсёды з’яўляецца эфектыўным з-за розных псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў.
Магчымасць наблізіцца да чалавечага ўзаемадзеяння з дапамогай тэхнічных сродкаў зносін стала даступнай толькі са з’яўленнем глабальнай сеткі інтэрнэт.
У цяперашні час існуе мноства сродкаў для стварэння мультымедыя- дадаткаў вучэбнага характару.
Як жа арганізаваны працэс навучання ў ЭП? Часцей за ўсё кантроль ведаў у электронных падручніках ажыццяўляецца з дапамогай тэсціравання. Прымяняюцца розныя тыпы тэсціравання (выбар аднаго з некалькіх варыянтаў адказаў і ўстанаўленне адпаведнасці паміж элементамі з дзвюх груп). Цікавым спосабам праверкі ведання тэрміналогіі з’яўляюцца тэрміналагічныя крыжаванкі.
Для рэалізацыі кантролю над вучэбным працэсам важная такая магчымасць электроннага падручніка, як выкарыстанне сеткавага рэжыму, які прызначаны для арганізацыі кантролю ведаў і зваротнай сувязі.
Для выкарыстання пераваг сеткавага рэжыму мэтазгодна ажыццяўляць рэгістрацыю навучэнцаў. У працэсе рэгістрацыі карыстальнік выбірае ўнікальнае імя і пароль, таксама можа быць пазначаны электронны адрас, які будзе выкарыстоўвацца пры перасылцы рознай інфармацыі.
Выкладчык мае магчымасць атрымаць інфармацыю аб тым, у якім з раздзелаў курса працуе навучэнец і якія адзнакі ён атрымаў за тэсціраванне па раздзелах курса. Такім чынам, выкладчык можа часткова кантраляваць працэс навучання.

Для павелічэння прадукцыйнасці працэсу навучання неабходны зносіны выкладчыка і студэнта, гэта значыць, зваротная сувязь. Зваротная сувязь — гэта важны кампанент электроннага падручніка.
Самым эфектыўным спосабам навучання з’яўляецца непасрэднае ўзаемадзеянне дасведчанага выкладчыка і зацікаўленага вучня, але патрэбна масавасць. Выкарыстанне камп’ютара дазваляе стварыць гібкія сістэмы навучання, але нават такія сістэмы, па-першае, не могуць параўнацца з чалавекам па колькасці і якасці варыянтаў адказаў і спосабаў рэагавання на дзеянні навучэнца, а па-другое, маюць затрымку ў часе.
Камп’ютарная сетка інтэрнэт з’яўляецца ідэальным інтэгральным сродкам як для традыцыйнага вучэбнага працэсу, так і для дыстанцыйнага навучання, бо для арганізацыі зваротнай сувязі выкладчыка з вучнем прадастаўляе паслугі электроннай пошты (з выкарыстаннем пратаколаў POP3 і SMTP) — для рассылкі інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, абмену інфармацыяй па выкананні заданняў; непасрэднай перадачы даных па пратаколе TCP/IP — для “жывога”, у рэальным часе, кантакту навучэнцаў і выкладчыкаў (семінары, кансультацыі) у спецыяльна выдзелены для гэтага час.

Вырашэнне многіх праблем магчыма толькі з выкарыстаннем вучэбных праграм. Электронныя падручнікі закліканы дапоўніць выкладанне прадметаў школьнай праграмы, а значыць, яны будуць выкарыстоўвацца паралельна са звычайнымі падручнікамі. Толькі нямногія з тых, хто працуе ў галіне стварэння такіх праграм, маюць намер стварыць сродак, прызначаны для замены настаўніка ў класнай аўдыторыі. Самае вялікае, на што можна рэальна разлічваць, — гэта спадзявацца, што гэтыя сістэмы зробяць больш лёгкай работу настаўніка, вызваліўшы яго ад функцый, якія настаўнік і так амаль не можа выканаць. А менавіта: на працягу ўсяго курса прадмета, на кожным этапе адразу пасля засваення матэрыялу кантраляваць вынік, павялічыць нагляднасць матэрыялу, уздзейнічаць на розныя органы пачуццяў, розныя тыпы памяці; дапамогуць настаўніку хутчэй і больш эфектыўна рыхтавацца да ўрокаў. Тады ў педагога будзе больш магчымасцей для выканання задач, якія пад сілу толькі чалавеку-настаўніку і ў выкананні якіх ніякая машына не можа яго замяніць.
Да таго ж у цяперашні час жыць і працаваць без камп’ютара становіцца ўсё цяжэй. Зніжэнне кошту на камп’ютар дазваляе больш шырока прымяняць яго ў розных галінах. Мы павінны вучыць дзяцей рабоце з камп’ютарам, памятаючы, што сённяшнім вучням прыйдзецца заўтра мець справу з яшчэ больш развітой інфармацыйнай тэхналогіяй.

Таццяна ЦІМАФЕЕВА,
выкладчык матэматыкі і інфарматыкі Магілёўскага
прафесійнага электратэхнічнага каледжа.