Экскурсія ў прафесію

Падштурхнуць да выбару будучай прафесіі маладога чалавека могуць розныя абставіны, падзеі, аргументы. Адзін з такіх шляхоў — экскурсіі старшакласнікаў на прадпрыемствы, у арганізацыі, навучальныя ўстановы. У Церахоўскай сярэдняй школе № 1 Добрушскага раёна Гомельскай вобласці выкарыстоўваюць поўны спектр дзейсных метадаў у прафарыентацыйнай рабоце. І чым раней пачынаецца такая работа, тым больш яна выніковая. Кожны год 100% выпускнікоў нашай школы становяцца студэнтамі выбраных УВА, каледжаў, ліцэяў.

Працуючы з бацькамі вучняў, педагогі не толькі праводзяць бацькоўскія сходы, дзе знаёмяць іх з запатрабаванымі на рынку працы прафесіямі, прахаднымі баламі, вынікамі дыягностыкі навучэнцаў, але і актыўна прыцягваюць да выступленняў у школе з аповедамі пра свае спецыяльнасці.
Вялікую ролю ў інфармаванні бацькоў адыгрывае сайт установы адукацыі, дзе своечасова размяшчаецца інфармацыя аб правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання, зрэз-тэстаў па вучэбных прадметах і дыягнастычнага тэсціравання.
Работа з навучэнцамі ў нашай школе вядзецца ў традыцыйных формах: арганізацыя факультатыўных заняткаў “Мая прафесійная будучыня”; правядзенне дыягностыкі навучэнцаў педагогам-псіхолагам школы па анкетах рэгіянальнага цэнтра тэсціравання; сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, навучальных устаноў, прадпрыемстваў, выпускнікамі школы, якія ўжо атрымалі прафесію і зрабілі паспяховую кар’еру (“Яны вучыліся ў нашай школе”); правядзенне класных гадзін і індывідуальнай работы з навучэнцамі.
У 2014 годзе з’явілася новая форма прафарыентацыйнай работы — экскурсіі па навучальных установах Гомеля і прадпрыемствах вобласці і раёна.
Наведванне прадпрыемстваў карыснае і інфарматыўнае, яно дае магчымасць убачыць структуру прадпрыемстваў, азнаёміцца з відамі дзейнасці на іх. Так, у выніку экскурсіі на Добрушскі фарфоравы завод школьнікі на практыцы атрымалі канкрэтныя веды аб рабоце розных спецыялістаў і інфармацыю аб магчымым месцы працы. Падчас экскурсіі ў пажарную часць старшакласнікі азнаёміліся з прафесіяй пажарнага. Такая форма работы карыстаецца вялікай папулярнасцю ў падлеткаў і іх бацькоў.
А ў верасні было праведзена анкетаванне навучэнцаў 8—11 класаў па пытанні, якія навучальныя ўстановы Гомеля яны хочуць наведаць. На падставе анкетавання былі складзены маршруты наведвання навучальных устаноў у рамках Года гасціннасці і ў рамках абласной акцыі “Пазнаем Гомельшчыну разам, ці Сардэчна запрашаем!”.
Цёпла і гасцінна сустракалі нас выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, дзе мы пабывалі ў экалагічным цэнтры, палюбаваліся рыбкамі і дэкаратыўнымі прусакамі.
У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім каледжы мы наведалі кабінеты, у якіх студэнты робяць перавязкі, кабінеты маніпуляцыйнай тэхнікі, санітарна-гігіенічных і стаматалагічных дысцыплін, акушэрства і гінекалогіі і інш. Некаторыя старшакласнікі былі так уражаны, што выказалі жаданне абавязкова паступіць і скончыць менавіта гэты каледж.
У Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы адзін з яго выкладчыкаў правёў для нас пазнавальную віртуальную экскурсію па вучэбных кабінетах, паказаў ролік з інфармацыяй па ўсіх спецыяльнасцях.
А ў адным з самых старых каледжаў горада — каледжы чыгуначнага транспарту — нам падрабязна расказалі аб усіх вучэбных дысцыплінах, азнаёмілі з гісторыяй каледжа, паказалі наглядныя і трэніровачныя дэталі і механізмы.
Гэта, дарэчы, толькі пачатак. У будучыні плануем наведаць і ўстановы вышэйшай адукацыі Гомеля. Упэўнена, што новыя экскурсіі стануць не менш карыснымі і цікавымі.

Наталля КАНДРАЦЕНКА,
завуч па выхаваўчай рабоце Церахоўскай
сярэдняй школы № 1 Добрушскага раёна.