Эканомія — добрая звычка

Вопыт работы з дашкольнікамі паказвае, што нават дзеці 4—7 гадоў свядома ўносяць свой уклад у энергазберажэнне, калі ў гэтым зацікаўлены дарослыя. Мая дзейнасць як выхавальніка дашкольнай адукацыі па тэме “Прырода просіць дапамогі” накіравана на фарміраванне беражлівых адносін да выкарыстання энергарэсурсаў і разлічана на тры гады.

У спецыяльна арганізаванай самастойнай дзейнасці з выхаванцамі выкарыстоўваю розныя метады: гутарку, расказ, вырашэнне праблемных сітуацый, гульні, даследаванні, эксперыменты. У прадукцыйных відах дзейнасці выхаванцы адлюстроўваюць свае ўражанні аб эканоміі і беражлівасці праз работы па маляванні, лепцы, аплікацыі і канструяванні, выкарыстоўваючы ўжо знаёмыя рэчы: пластыкавыя бутэлькі, упакоўкі, старыя газеты. Дзеці пачынаюць разумець, што без траты грошай, не выходзячы ў краму, можна зрабіць нешта новае, даць рэчам другое жыццё. У выніку яны раскрываюць сябе як даследчыкі.

У рабоце асаблівае значэнне надаю навучанню эканоміі. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікалі заняткі “У школе Берагошы”, “Каралева Лямпачка”, “Беражыце ваду”, “Эканомім цяпло”. На кожных з іх замацоўваецца значэнне слова “эканомія”. І, як вынік, у дзяцей з’явіліся ўяўленні аб эканоміі, навыкі даследчых паводзін. Атрыманыя веды аб вадзе, спосабах яе ачысткі, розных відах энергіі і спосабах эканоміі дзеці з задавальненнем выкарыстоўваюць у зносінах з дарослымі, аднагодкамі. Вельмі прыемна, калі бацькі адзначаюць, што іх дзеці выкарыстоўваюць гэтыя веды дома: нагадваюць, што трэба закрываць кран, выключаць святло, электрапрыборы, калі выходзіш з пакоя, з задавальненнем прымаюць удзел у зборы другаснай сыравіны.

Улічваючы, што вядучым відам дзейнасці выхаванцаў з’яўляецца гульня, я выкарыстоўваю розныя віды такой дзейнасці. З задавальненнем нашы выхаванцы гуляюць у сюжэтна-дыдактычныя гульні “Атэлье для маленькіх прыгажунь”, “Кандытарская фабрыка”, “Пункт абмену валюты”, дзе створаны ўмовы, набліжаныя да рэальнай абстаноўкі. Дзеці ператвараюць непрыдатны матэрыял у рэчы для хатняга ўжытку: пластмасавую бутэльку — у сальніцу, упакоўку ад шакаладкі — у футляр для расчосак, шкарпэтку — у ігольніцу.

Дыдактычныя гульні “Кім быць?”, “Дзе губляем ваду”, “Хто дапаможа электратоку”, “Размяркуй смецце па колеры бака” дапамагаюць выхаванцам вучыцца мысліць, развіваць настойлівасць, імкненне дабівацца поспеху ў любой справе.

Работа па энергазберажэнні немагчыма без удзелу бацькоў. Для ўключэння іх у вырашэнне гэтых задач выкарыстоўваю анкетаванне, кансультацыі, інтэлектуальныя гульні, тэматычныя забавы і вечарыны. Гэта яркія, незвычайныя, запамінальныя святы, якія не пакідаюць абыякавымі нашых бацькоў. Пры правядзенні такіх мерапрыемстваў выкарыстоўваю разнастайныя спосабы мадэлявання і эксперыментавання. Для выхаванцаў — вясёлая гульня, а для бацькоў — сур’ёзная работа, дзе яны разам са сваімі дзецьмі вырашаюць пазнавальныя, практычныя, выхаваўчыя задачы. Такое супрацоўніцтва дае магчымасць сумесна асвоіць тэхналогіі беражлівага стаўлення да энергарэсурсаў і ўнесці пасільны ўклад у вырашэнне праблемы.

Вынікам маёй дзейнасці ў гэтым кірунку з’яўляецца тое, што выхаванцы маюць уяўленне аб спажыванні энергарэсурсаў, могуць расказаць на даступным ім узроўні, якую ролю адыгрываюць святло, цяпло, чыстае паветра, вада ў жыцці чалавека, жывёл, раслін, сумесна з бацькамі вучацца эканомна расходаваць энергарэсурсы.

Алена ШЫНТАР,
выхавальнік ясляў-сада № 6 Навагрудка.