Экалогія як частка душы

Дашкольнае дзяцінства — пачатковы этап станаўлення чалавечай асобы. У гэты перыяд закладваюцца асновы культуры чалавека, і экалагічнай культуры ў тым ліку. Галоўная мэта экалагічнага выхавання — фарміраванне правільнага стаўлення дзіцяці да прыроды, навакольнага свету, да сябе і іншых людзей як да часткі прыроды. Менавіта таму наша дашкольная ўстанова выбрала кірункам сваёй работы паглыбленае эколага-валеалагічнае выхаванне.

Прырода, якая акружае наш дзіцячы сад, дазваляе выхавальнікам арганізаваць сістэматычныя назіранні за раслінным і жывёльным светам, выхоўваць у дзяцей навыкі гуманнага стаўлення да ўсяго жывога. Для работы па экалагічным выхаванні ў кожнай групе створаны куткі прыроды і куткі эксперыментавання. Яны прадстаўлены ў выглядзе доследнага кутка і міні-агарода.
На тэрыторыі дзіцячага садка пракладзена экалагічная сцяжынка, якая выконвае пазнавальную, эстэтычную і аздараўленчую функцыю. Яна прадстаўлена садам, дзе дзеці назіраюць за цвіценнем дрэў, з’яўленнем пладоў яблыні, вішні, парэчак.
Вясной, як толькі растае снег, на клумбах з’яўляюцца першыя кветкі. Мы, выхавальнікі, разам з дзецьмі штогод саджаем астры, аксаміткі, вяргіні, браткі і інш. Гэтыя кветкі цешаць вока і ўпрыгожваюць тэрыторыю круглы год.
Акрамя таго, на тэрыторыі дзіцячага садка створаны аптэчны агарод, дзе дзеці знаёмяцца з лекавымі раслінамі, такімі як рамонак, крываўнік, трыпутнік, ландыш, палын горкі.
На ўчастку растуць бярозы, клён, ясень, бэз, ліпа, елка — гэтыя дрэвы ўстойлівыя да забруджвання гарадскога асяроддзя. Напрыклад, таполя спрыяе іанізацыі паветра, клён вылучае арганічныя рэчывы, якія знішчаюць мікробаў, гэтак жа як таполя і ліпа ахоўваюць людзей ад гарадскога шуму.
У план таксама ўведзены эколага-аздараўленчыя прагулкі і экскурсіі: “Экскурсія ў агарод”, “Экскурсія на клумбу з кветкамі”, “Экскурсія на Шчару”, “Экскурсія на луг”. Усё створана для таго, каб дзеці мелі магчымасць паслядоўна і сістэматычна вывучаць сезонныя з’явы прыроды.
Ёсць на тэрыторыі нашага дзіцячага садка і куточак адпачынку турыстаў. Тут дзеці адпачываюць каля так званага вогнішча, а побач з ім вучацца ставіць палатку, спяваюць песні самі і слухаюць спевы птушак.
У нашым дзіцячым садку ўжо больш за два гады практыкуюцца дзіцячыя даследчыя эксперыменты, якія развіваюць даследчыя навыкі дзяцей. Родапачынальнікам даследчай дзейнасці ва ўстанове з’яўляецца выхавальнік Таццяна Аляксандраўна Лебедзь, якая ў сваёй групе арганізавала гурток “Юны эколаг”. Яна заўважыла цікавасць дзяцей да пазнання навакольнага асяроддзя менавіта праз даследаванні і эксперыменты і з задавальненнем працуе ў гэтым кірунку.
З малых гадоў чалавек павінен пазнаваць і абавязкова вучыцца любіць, берагчы, разумна карыстацца багаццямі прыроды. Экалагічнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту варта пачынаць як мага раней, калі сэрца дзіцяці найбольш адкрыта для дабра.

Марына ПАЧУК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 15 Слоніма.