Экалогія, валеалогія і Правілы дарожнага руху

На працягу трох гадоў калектыў Ноўкінскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці працаваў над рэалізацыяй творчага праекта “Стварэнне эфектыўнай сістэмы здароўезберажэння і здароўезабеспячэння дзяцей дашкольнага ўзросту”. Перад педагогамі ўзніклі новыя задачы па пабудове мадэлі здароўезберажэння ва ўстанове, распрацоўцы сістэмы выкарыстання форм і метадаў нетрадыцыйнага аздараўлення дзяцей; стварэнні праграмна-метадычнага комплексу і ўкараненні лакальнай праграмы па валеалагічнай адукацыі дашкольнікаў “Я вывучаю і раблю сябе” аўтара і навуковага кіраўніка праекта Н.А.Куксавай, старшага выкладчыка кафедры педагогікі і псіхалогіі і прыватных методык Віцебскага абласнога ІРАіР.

Вырашэнне пастаўленых задач дасягалася дзякуючы выкарыстанню ўдзельнікамі праекта здароўезберагальных тэхналогій. Сярод іх тэхналогія захавання і стымулявання здароўя (было адпрацавана выкарыстанне дынамічных паўз, рухомых і спартыўных гульняў, пальчыкавай гімнастыкі). Акрамя таго, медыцынскі персанал з катэгорыяй дзяцей, якія стаяць на “Д”-уліку, адпрацаваў выкарыстанне ў рэжыме дня гімнастыкі для вачэй, дыхальнай і артапедычнай гімнастыкі. Выкарыстоўваецца і тэхналогія навучання здароваму ладу жыцця. Стала традыцыяй навучанне дашкольнікаў элементам самамасажу, кропкаваму масажу; выкарыстанне заняткаў з серыі “Я вывучаю і раблю сябе”. Выкарыстоўваюцца і карэкцыйныя тэхналогіі (гэты від здароўезберагальных тэхналогій прымяняе настаўнік-дэфектолаг (фанетычная рытміка), кіраўнік выяўленчай студыі (колератэрапія), педагог-псіхолаг (псіхагімнастыка, казкатэрапія, пачала ўжывацца арттэрапія). Дзеля павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў у ходзе рэалізацыі творчага праекта выхавацелі вышэйшай катэгорыі А.С.Фурс, С.У.Крыванос праводзілі практыкум па выкарыстанні нагляднага мадэлявання ў валеалагічным выхаванні дашкольнікаў.
Творчая група цэнтра сумесна з ўдзельнікамі праекта распрацавала тэматычны план мерапрыемстваў па арганізацыі найпрасцейшага турызму са старэйшымі дашкольнікамі, метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні рухомых гульняў у рухальным і пазнавальным развіцці дзяцей, падрыхтавала ілюстрацыйны каталог нетрадыцыйнага абсталявання, канспекты заняткаў па інавацыйных здароўезберагальных тэхналогіях, метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі актыўнага адпачынку ў зімовы перыяд. Таксама быў папоўнены банк метадычных і дыягнастычных матэрыялаў па валеалогіі (схемы, шкалы, тэсты і інш.), дапоўнена і зменена развіццёвае асяроддзе дашкольнай установы.
Асаблівая ўвага ў ходзе рэалізацыі праекта ўдзялялася дзецям з маторнай адоранасцю. Арганізавана работа гуртка “Вясёлыя дзеці”, змест заняткаў у ім уключае наступныя кампаненты: хадзьба і бег пад музыку з выкарыстаннем творчых заданняў, практыкаванняў з мячамі-хопамі, практыкаванні са стэпамі, поўзанне, лажанне, рухі стужкай (скакалкай, абручом), камбінацыі руху ўдваіх, складаныя рухі.
Сацыялагічнае даследаванне заказу бацькоў паказала, што іх цікавасць да гэтай праблемы ўзрасла дзякуючы мэтанакіраванай рабоце выхавацеля Н.І.Новікавай. На этапе рэалізацыі творчага праекта Наталля Іванаўна прыярытэт аддавала канструкцыйна-тэхналагічнай функцыі, якая вызначала механізм рэалізацыі напрацаваных матэрыялаў праз канкрэтныя формы дзейнасці (кансультацыі, адкрытыя прагляды, гутаркі, семінары), папаўненне інфармацыйнага банка даных па валеалагічнай адукацыі дашкольнікаў. Так, быў распрацаваны метадычны комплекс, які ўключаў праграму па фарміраванні і развіцці здароўя дзяцей дашкольнага ўзросту “Я вывучаю і раблю сябе”, а таксама тэматычнае планаванне па рэалізацыі праграмы.
У ходзе работы над праектам “Тры сігналы святлафора” (гэты напрамак стаў вядучым у дзейнасці выхавацеля Таццяны Віктараўны Лупанавай) на этапе дыягностыкі высветлілася, што дзеці мелі павярхоўныя веды пра характэрныя асаблівасці вуліц роднага пасёлка, ім цяжка было расказаць аб прафесіі супрацоўніка ДАІ. Таму асноўнымі формамі азнаямлення дзяцей з Правіламі дарожнага руху былі заняткі, экскурсіі, мэтавыя прагулкі, гульні. Экскурсіі і прагулкі педагог выкарыстоўвала пры азнаямленні дашкольнікаў з родным пасёлкам. У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвала і шэраг гульнявых прыёмаў: “пытаюся — адказваю” (што больш — вуліца ці пасёлак? Раскажы свайму сябру з іншай краіны пра нашы вуліцы, пасёлкі, гарады); “заплюшчыўшы вочы, уяві…”; “выберы канверт” (пры дапамозе паштоўкі, якая ляжыць у канверце, расказаць пра…); работа з пытаннямі (да дзяцей, дзяцей да выхавальніка): “што б вы яшчэ хацелі даведацца пра…?”, “пра што б вы спыталі…?”, “калі б… прыйшоў да вас у госці?”; прайграванне рэальных сітуацый, напрыклад, “як бы ты паводзіў сябе, калі б у аўтобус зайшоў пажылы чалавек…”; работа з прымаўкамі, загадкамі; супастаўленне розных думак, пунктаў погляду выхаванцаў; выкананне заданняў творчага характару.
Вынікамі праекта стала зніжэнне захваральнасці дзяцей, станоўчая дынаміка паказчыкаў іх фізічнага і псіхічнага здароўя, стварэнне ў цэнтры эфектыўнай сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў і прафесійнага асяроддзя для абмену вопытам, паляпшэння арганізацыйна-педагагічных і матэрыяльна-тэхнічных умоў, павышэнне забяспечанасці дашкольнай установы праграмна-метадычнымі комплексамі, павышэнне статусу адукацыйнай установы ў соцыуме.

Таццяна СМІРНОВА,
намеснік загадчыка Ноўкінскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Віцебскага раёна.