Экалогія на чырвонай дарожцы

Напрыканцы кастрычніка на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна сталіцы ў рамках доўгатэрміновага адукацыйнага праекта “Экалогія і дзеці” прайшоў раённы конкурс экалагічнай моды “Галерэя вобразаў”.

У конкурсе прынялі ўдзел калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска. Мы, канкурсанты з сярэдняй школы № 12 Мінска, вельмі стараліся, слухалі сваіх выкладчыкаў і добрасумленна падрыхтаваліся да паказу. Асаблівасць гэтага конкурсу ў тым, што юныя мадэльеры самастойна ствараюць калекцыі адзення на занятках у гуртках. Для вырабу аксесуараў і сучаснага маладзёжнага адзення мы выкарыстоўвалі раслінныя матэрыялы, упаковачныя мяшкі, пакеты для бытавых адходаў, спанбонд.На думку арганізатараў конкурсу, мэта яго правядзення — сфарміраваць у дзяцей эколага-гаспадарчы падыход да цвёрдых бытавых адходаў як да рэсурсу на прыкладзе другаснага выкарыстання, выявіць і заахвоціць навучэнцаў, неабыякавых да праблем нашага горада, стымуляваць іх творчую актыўнасць.

Адзенне з’яўляецца адным са складнікаў культуры нашага народа. Колеравая гама беларускага адзення разнастайная, аднак у народнай вопратцы пераважае белы, чырвоны і зялёны колеры. Менавіта іх мы і выкарыстоўвалі ў падрыхтоўцы сваёй калекцыі.

Конкурс праводзіўся па двух напрамках. Першы — гэта дэфіле “На чырвонай дарожцы”. Удзельнікі рыхтавалі свае касцюмы па чатырох намінацыях: “Міс кінадзіва”, “Тэатральная маска”, “Стыльныя штучкі”, “Стыльны аксесуар”. У гэтым годзе каманда нашай школы паказала калекцыю, на наш погляд, вартую быць прадстаўленай на сапраўднай чырвонай дарожцы моднага кінафестывалю. У калекцыі надзвычай важнымі былі аксесуары да касцюмаў, а асабліва вылучаўся экстравагантны капялюш у намінацыі “Міс кінадзіва”. Каманда нашай школы ўжо займала прызавыя месцы ў конкурсе “Галерэя вобразаў”. У гэтым годзе ёй дасталася ганаровае трэцяе месца.

Другі напрамак творчага спаборніцтва — выстава работ з цвёрдых бытавых адходаў “Палёт фантазіі”. Наша школа прайшла на гарадскі этап конкурсу з творчымі работамі “Цяпло на Каляды”, “Навагодні сюрпрыз”, “Вечная восень” і “Хатка для кацянят”. І мы гэтаму вельмі рады!

Лізавета КАСТЭНКА,
вучаніца сярэдняй школы № 12 Мінска.