Экалагічная дэкада — цікава, актуальна

Стаўленне чалавека да прыроды — гэта люстэрка яго душы. Развіццё ўсебакова адукаванай асобы вучня немагчыма без экалагічнай адукацыі, якая складаецца з фарміравання экалагічнага мыслення, развіцця экалагічнай культуры. Экалагізацыя — адзін з напрамкаў сістэмы адукацыі. Для арганізацыі экалагічнага навучання ў гімназіі № 3 Віцебска штогод у канцы кастрычніка праводзіцца экалагічная дэкада “Зямля — наш агульны дом”. У рамках экалагічнай дэкады прайшло шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў.

Асноўнымі напрамкамі экалагічнай дэкады былі фарміраванне навыкаў рэсурсазахавання і энергазберажэння, фарміраванне экалагічнай культуры, выхаванне беражлівых адносін вучняў да прыроды.
Так, у рамках экалагічнай дэкады ў 6-х класах мной была праведзена віктарына “Энергазберажэнне — клопат кожнага”. Віктарына складалася з чатырох частак: 1 — складзі прымаўку пра беражлівасць беларускага народа, 2 — адкажы на пытанні на тэму “Энергазберажэнне ў кожным доме”, 3 — працягні выказванне “Упершыню пачалі выкарыстоўваць…”, 4 — выканай заданні на супастаўленне “Як трэба было дзейнічаць?”. Удзельнікамі экалагічнай прэс-канферэнцыі пад назвай “Праблемы захавання прыроднай разнастайнасці на Зямлі” сталі вучні 8-х класаў. На канферэнцыі было шмат выступленняў з выкарыстаннем відэапрэзентацый. Усе выказванні вучняў аб’яднала адна ідэя: галоўнай мэтай аховы прыроды з’яўляецца рацыянальнае прыродакарыстанне, стварэнне прыродаахоўных тэрыторый.
Таксама ў гімназіі праводзіўся конкурс на лепшы верш аб ахове прыроды, у якім прынялі ўдзел вучні 8—10 класаў. Сярод вучняў 6—10 класаў праводзіўся конкурс плакатаў на тэму “Экалогія і мы”.Гасцям было цікава пабываць на экалагічнай выставе пад агульнай назвай “У прыродзе столькі прыгажосці!”. На выставе былі прадстаўлены фларыстычныя работы вучняў 9-х класаў. Кожная работа была па-свойму непаўторная, створаная з любоўю да прыроды, да роднага краю. Найбольш спадабаліся гледачам работы Настассі Зайцавай “Восеньская карусель”, “Фарбы восені”; Наталлі Буянавай “Прыгажуня восень”, “Восеньскі пейзаж”; Любові Жупікавай “Фея дзяцінства”, Кацярыны Шаранда “Восеньскі букет” і іншыя. На адкрыцці выставы прагучала музычна-літаратурная кампазіцыя з удзелам вучаніц 10-х класаў Аліны Кушняровай, Ганны Будзіч, Паліны Івановай. Галоўнымі тэмамі вершаў былі захаванне прыроды роднага краю, яе непаўторнасці і прыгажосці. На ўроку геаграфіі вучні 11-х класаў Сцяпан Кузняцоў, Настасся Бежанар, Улада Лапіна прадставілі навукова-даследчую работу “Альтэрнатыўныя віды паліва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. У выступленні было падкрэслена, што рэсурсазберажэнне — галоўны напрамак эканамічнай палітыкі Беларусі.Хутка скончылася экалагічная дэкада, але экалагічнае выхаванне на гэтым не заканчваецца. Яно будзе працягвацца як на ўроках геаграфіі, так і ў пазакласнай рабоце.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска.