“Экаград”, экафэст і іншыя экапраекты

Гімназія № 1 Слоніма мае багаты вопыт экалагічнай дзейнасці. На працягу шэрага гадоў педагогі і гімназісты ўдзельнічаюць у розных праектах, у тым ліку і міжнародных. У 2011 годзе педагагічны калектыў прыняў рашэнне аб укараненні сістэмы экалагічнага менеджменту, якая дазволіла ад праектаў асобных людзей перайсці да “прынцыпу дзеяння ўсёй гімназіі”.

Вынікам стала распрацоўка і рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі дзейнасці рэгіянальнага рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў практыку ўстановы адукацыі”. Інавацыйны праект ахапіў усе віды дзейнасці гімназіі і ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Працэс рэалізацыі інавацыйнага праекта засноўваўся на арганізацыі сумеснай дзейнасці вучняў, педагогаў і бацькоў, накіраванай на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ва ўстанове і атрыманне новых ведаў і вопыту ўзгаднення асабістых і грамадскіх інтарэсаў.
У гімназіі распрацавана экалагічная палітыка, у адпаведнасці з якой сфарміравана сістэма экалагічнай адукацыі гімназістаў. Мэта палітыкі — фарміраванне экалагічнай культуры і экалагічнай свядомасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя, зніжэнні спажывання энергетычных рэсурсаў.
Для выканання першага і галоўнага абавязацельства палітыкі ажыццяўляецца комплексны падыход, заснаваны на змешанай мадэлі экалагічнай адукацыі вучняў. Экалагізацыя вучэбных прадметаў не прадугледжвае вылучэнне дадатковага часу на паведамленне новай інфармацыі, а прадугледжвае змяненне падыходу да выкладання матэрыялу з экалагічнай пазіцыі і ажыццяўляецца праз выкарыстанне матэрыялу экалагічнага зместу на ўсіх прадметах вучэбнага плана і факультатыўных занятках.
Для выкарыстання выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў і факультатыўных заняткаў кожным метадычным аб’яднаннем гімназіі сфарміраваны і сістэматычна папаўняецца электронны банк прыкладных заданняў, практыкаванняў і задач экалагічнай і энергазберагальнай тэматыкі. Для гэтага падабраны серыі цытат, прыказак, прымавак, вершаў з экалагічным зместам, якія выкарыстоўваюцца ў якасці эпіграфа да ўрокаў, для правядзення маўленчых размінак, арганізацыі міні-дыскусій і г.д. Зроблена падборка тэкстаў дыктантаў і пераказаў, змест якіх звязаны з праблемамі навакольнага асяроддзя або прыгажосцю прыроды. Створаны медыятэка і відэатэка.
Адной з абавязковых умоў работы метадычных фарміраванняў гімназіі з’яўляецца павышэнне эколага-педагагічнай кампетэнтнасці і асобасны рост кожнага педагога. Вядучую ролю ў фарміраванні эколага-педагагічнай кампетэнтнасці выконвае метадычнае суправаджэнне педагогаў. Яно ўключае педагагічныя саветы, навукова-метадычныя семінары, навукова-метадычную дапамогу, інфармацыйна-метадычнае і прававое забеспячэнне, творчыя групы, пасяджэнні МА, самаадукацыю педагогаў.
У рамках навуковага таварыства гімназістаў “Пошук” і малога навуковага таварыства малодшых школьнікаў “Першацвет” на працягу некалькіх гадоў былі створаны і прадстаўлены на навукова-практычных канферэнцыях навукова-даследчыя праекты экалагічнага зместу.
У гімназіі таксама створаны каляндар экалагічных спраў.
Традыцыйна мы падключаемся да міжнародных экалагічных акцый, праводзім выставы фотаздымкаў, малюнкаў і вырабаў. У лістападзе ў гімназіі праходзіць тыдзень энергазберажэння “Ад слоў — да справы!”. У рамках гэтага тыдня 11 лістапада ў Міжнародны дзень энергазберажэння праходзіць флэш-моб “Гадзіна без камп’ютара”. Да гэтай акцыі падключаюцца і іншыя слонімскія ўстановы адукацыі. Таксама на працягу тыдня праводзяцца алімпіяды, экалагічныя турніры, дэбаты, акцыі, конкурсы праектаў. 15 лістапада, у Міжнародны дзень другаснай перапрацоўкі рэсурсаў праводзіцца выстава-прэзентацыя “Выдатнае з непатрэбнага”, выступае інфармацыйная група “САВА” і агітбрыгада. У студзені праводзіцца акцыя “Вучым малодшых”, у ходзе якой старшакласнікі рыхтуюць гульнявую праграму для вучняў пачатковых класаў па пэўнай экалагічнай тэме. Праводзяцца працоўныя дэсанты “Зялёны week-end”, тэматычныя вечары для старшакласнікаў “Еcoparty”. Добрай традыцыяй у гімназіі стала правядзенне 22 красавіка экафэсту “Мы — за чыстую планету!”.
Гімназія з’яўляецца ініцыятарам правядзення акцыі “Марш жаб”, якая праходзіць у лютым — сакавіку. Сутнасць акцыі заключаецца ў тым, што яе ўдзельнікі павінны паабяцаць зрабіць хоць бы крок насустрач вырашэнню праблемы глабальнага пацяплення і захавання клімату і павышэнню дасведчанасці аб энергаэфектыўнасці.
Адным з эфектыўных сродкаў экалагічнага выхавання, на думку педагогаў гімназіі, з’яўляюцца міжнародныя тэлекамунікацыйныя праекты, у прыватнасці праекты сеткі IEARN. Штогод гімназісты пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы І.І.Валынец прымаюць удзел больш чым у 25 інтэрнэт-праектах, сярод якіх “Разам з птушкамі”, “Прыгажосць жывёл”, “Лясная энцыклапедыя”, “Цуды лесу” і інш. 22 верасня мінулага года ў рамках Дня міру вучнямі 11 класа на тэрыторыі пачатковай школы гімназіі была закладзена алея Міру. На працягу апошніх гадоў былі закладзены таксама алея Дружбы, алея Памяці, сад Перамогі.
У працяг работы па экалагічным выхаванні падчас летняга аздараўлення дзяцей 1—4 класаў працуе лагер “Экаград”.
У гімназіі дзейнічае агітбрыгада “Бой транжырам”, у кожным класе створана і працуе “Каманда ашчадных”, члены якой сочаць за праветрываннем і светлавым рэжымам класнага кабінета.
Таксама наладжаны збор макулатуры праз акцыю “Адходы — у даходы”, збор паперы ў спецыяльныя кантэйнеры. Вынікі акцыі “Адходы — у даходы” падводзяцца на свяце-ўшанаванні “Зорная сава”. Клас-пераможца ўзнагароджваецца экскурсіяй. Штогод праводзіцца конкурс касцюмаў з другаснай сыравіны “Мода з адходаў”.
Гімназія мае сертыфікат “Белы бусел”, які сведчыць, што яна ажыццяўляе сваю дзейнасць на прынцыпах экалагічнага менеджменту. Таксама гімназія з’яўляецца школай ШПІРЭ.
Мы ўпэўнены, што рэалізацыя экалагічных прынцыпаў, закладзеных у экалагічнай палітыцы гімназіі, ажыццяўляецца паспяхова. Гэта пацвярджаецца ростам творчай актыўнасці гімназістаў, бацькоў і педагогаў у распрацоўцы і правядзенні экалагічных акцый, праектаў, калектыўна-творчых спраў экалагічнай і энергазберагальнай накіраванасці.

Тамара ЦІХАНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Слоніма.