Дзяцінства дні не падганяйце

Што за ўсё важней для мам? Каб смяяліся звонка дзеці, каб яны раслі без войнаў на добрай, ласкавай планеце. Такімі словамі можна вызначыць дэвіз летняй аздараўленчай работы, якая праводзіцца ў Субацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна. Як і на працягу навучальнага года, у нашы групы кожны дзень спяшаюцца бацькі, каб даверыць самае дарагое — сваіх дзяцей — нам, выхавальнікам, і спакойна ісці на работу.

Летняя работа ў нас спланавана па тэматычных тыднях. Мы стараемся спалучыць мастацка-эстэтычную і фізкультурна- аздараўленчую дзейнасць з пазнавальна-практычнай, гульнявой, працоўнай і інш. Палюбіліся дзецям ранішняя гімнастыка, фізкультурныя гульні і заняткі на свежым паветры, загартоўваючыя працэдуры і рухавыя гульні на прагулцы. Сонца, паветра і вада павышаюць адаптыўныя магчымасці арганізма; практыкаванні ў хадзьбе, бегу, скачках, лажанні, кіданні развіваюць сілу, хуткасць, спрыт, вынослівасць, гнуткасць. Летам развучваем новыя гульні, якія накіраваны на папярэджанне парушэнняў паставы, развіццё каардынацыі і фізічных якасцей, удасканаленне рухальных уменняў і навыкаў.

Лета — цудоўная пара для развіцця мастацкіх здольнасцей дзяцей. Цяпер можна больш ляпіць з гліны і пяску, маляваць каляровай крэйдай, канструяваць з прыроднага матэрыялу, сабранага ў час прагулак, заняцца дзіцячым дызайнам: аранжыроўкай букетаў, стварэннем карцін з раслін, біжутэрыі з прыроднага матэрыялу, стварэннем дэкаратыўных пано і г.д. Стараемся выкарыстоўваць музыку ва ўсіх рэжымных момантах, слухаем музычныя творы на летнія тэмы, арганізоўваем гульні, танцы. Не забываем уключаць ва ўсе рэжымныя працэсы і дзіцячую дзейнасць творы мастацкай літаратуры і фальклору.

Каб дзецям запомніліся гэтыя залатыя дзянькі, правялі ва ўсіх групах тэматычны тыдзень “Шчаслівае дзяцінства маё”. Нам хацелася дапамагчы дзецям раскрыцца, падарыць ім радасны настрой, сфарміраваць пачуццё ўпэўненасці ў сабе. Гэтаму садзейнічалі музычна-спартыўнае свята “Дзяцінства — гэта я і ты”, свята шарыкаў , гутаркі “Хто мы такія — дзеці”, “З днём нараджэння, дзяцінства!”, “Калі ў сяброў згода, кожны гэтаму рад”, слоўныя гульні “Ласкавае імя”, “Я вельмі хачу”, інтэрв’ю “Мары дзяцінства”, гульня-забава “Паравозік сяброў”, танец-гульня “Калі весела жывецца — рабі так” і інш.

Дзеці — наша радасць, наш гонар і наш працяг. Хочацца, каб яны раслі чыстымі і шчырымі, сціплымі і мілымі, добрымі і сімпатычнымі, тады ўсе разам мы будзем шчаслівымі.

Яніна ВІТУС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Субацкага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.