Дзіцячы сад і сям’я: шляхі да паспяховага супрацоўніцтва

Чалавек прыходзіць у свет не праз дзіцячы сад або школу. Ён прыходзіць спачатку ў сям’ю. Што там будзе закладзена ў раннім дзяцінстве — такім і будзе чалавек. Менавіта таму правільна сцвярджаў В.А.Сухамлінскі: “Педагогіка павінна стаць навукай для ўсіх: і для настаўнікаў, і для бацькоў”. Аднак узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сем’ямі навучэнцаў часта застаецца праблемай. У чым прычыны праблем узаемадзеяння? Як арганізаваць работу ўстановы адукацыі такім чынам, каб далучыць бацькоў да больш актыўнага і плённага супрацоўніцтва?

На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі семінара для намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі Гомеля. Семінар “Супрацоўніцтва дашкольнай установы, сям’і і соцыуму: механізм паспяховага партнёрства” адбыўся на базе дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля. Акрамя педагогаў, сваім вопытам падзяліліся прадстаўнікі Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навабеліцкага раёна Гомеля, ІСН АУС Навабеліцкага раёна.
Кіраўнікі семінара — метадысты Гомельскага гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Васільеўна Быстрова і Наталля Уладзіміраўна Шкудрова адзначылі, што ў дзіцячым садзе — пачатковай школе № 63 Гомеля назапашаны багаты вопыт узаемадзеяння з сям’ёй і соцыумам. Гэты вопыт і быў прадстаўлены ў тэарэтычнай частцы семінара. Супрацоўніцтва з бацькамі — працэс шматузроўневы і складаны. Комплекснай формай такога ўзаемадзеяння з бацькамі і дзецьмі ў дзіцячым садзе — пачатковай школе № 63 Гомеля стала рэалізацыя праекта “Сямейны клуб “Школа бацькоўскай любові”. Гэты праект рэалізоўваецца ва ўстанове ўжо не першы год. У 2013 годзе праект быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на Абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў на лепшую арганізацыю шостага школьнага дня.
Правільнае сямейнае выхаванне залежыць шмат у чым ад накіравальнай функцыі дашкольнай установы, куды трапляе дзіця. Таму педагогі неназойліва, але рашуча вядуць работу па фарміраванні ўсвядомленага бацькоўства. Як гэта адбываецца на практыцы, расказала Ганна Віктараўна Бураўчанка, намеснік загадчыка ясляў-сада № 77 Гомеля. Педагог-псіхолаг гэтай жа ўстановы Тамара Іванаўна Вазовікава прадставіла адну з эфектыўных форм супрацоўніцтва з сям’ёй — “Бацькоўскую гасціную”. Удзельнікам семінара быў прадэманстраваны відэазапіс адных з заняткаў гасцінай.
У практычнай частцы семінара вопытам супрацоўніцтва інспекцыі па справах непаўналетніх, устаноў адукацыі і сям’і падзяліўся інспектар ІСН АУС Навабеліцкага раёна Яўгеній Мікалаевіч Копа. Ірына Фёдараўна Бабкова, псіхолаг раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Навабеліцкага раёна, расказала аб асноўных напрамках і формах работы РЦСАН з рознымі катэгорыямі сем’яў.
Сапраўдную цікавасць усіх, хто сабраўся, выклікала выступленне Наталлі Аляксандраўны Басавец — каардынатара аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Наталля Аляксандраўна адзначыла, што Праваслаўная царква заўсёды з’яўлялася прыхільнікам і правадніком каштоўнасцей сямейнага выхавання, мае вопыт супрацоўніцтва з установамі адукацыі ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Неабходнасць і важнасць узаемадзеяння школы, сям’і і соцыуму відавочныя. Паспяховасць дасягненняў дзіцяці залежыць ад таго, хто і як уплывае на яго развіццё. Большую частку часу дзіця праводзіць у школе і дома, таму важна, каб узаемадзеянне педагогаў і бацькоў не супярэчыла адно аднаму, а станоўча і актыўна ўспрымалася дзіцем. Гэта можна ажыццявіць, калі педагог і бацькі стануць саюзнікамі і аднадумцамі, зацікаўлена і ўзгоднена будуць вырашаць праблемы выхавання.

Аляксей ХАДОСКІН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
дзіцячага сада—пачатковай школы № 63 Гомеля.