Дзіцячая творчасць — адзінокім людзям

Днямі ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі падведзены вынікі абласнога конкурсу “Елка як арт-аб’ект”, у якім прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў адукацыі з усёй вобласці.

Усяго было прадстаўлена больш за 250 работ у розных намінацыях. Фантазія і творчасць проста неабмежаваныя: елкі, цацкі, навагоднія ўпрыгажэнні тэхнічнай накіраванасці, а таксама ў стылі квілінгу, бісерапляцення, арыгамі. І было б несправядліва, каб уся гэтая прыгажосць, напоўненая святлом, цяплом, дабрынёй дзіцячых сэрцаў, знайшла адлюстраванне толькі ў выніковым пратаколе конкурсу. Таму было вырашана правесці акцыю “Падары радасць блізкаму”, у рамках якой педагогі і выхаванцы цэнтра наведалі і павіншавалі тых, хто адзінокі і мае патрэбу ў клопаце.
Падарункаў хочацца ўсім! Але ёсць людзі, якія асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы, станоўчых эмоцыях, радасці. Тым больш — у навагоднія святы, якія прынята сустракаць з сям’ёй. Але жыццё непрадказальнае. Кожны чалавек можа апынуцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, кожнаму з нас можа спатрэбіцца дапамога. І добра, калі ведаеш: што б ні здарылася, заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя падставіць плячо дапамогі.
У рамках акцыі з падарункамі мы наведалі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў “Васільеўка”, Церухоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзіцячае аддзяленне Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, папраўчую калонію № 4 Гомеля.
Гэтыя дні былі напоўнены самымі разнастайнымі эмоцыямі і ўражаннямі. Абапіраючыся на атрыманы вопыт зносін з адзінокімі, хворымі, людзьмі, якiя жывуць у нястачы, мы можам з гордасцю заявіць, што зрабілі нешта важнае. Гэта не патрабавала спецыяльнай падрыхтоўкі або неверагодных намаганняў, але прынесла вялікае маральнае задавальненне.

Наталля АЛЬХОВА,
загадчык інструкцыйна-метадычнага
аддзела Гомельскага абласнога цэнтра
тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.