Дзевяць дзён — дзевяць падзей

Знаходжанне дзяцей у профільным аздараўленчым летніку — гэта актыўнае самапазнанне і развіццё, арыгінальныя формы рэалізацыі творчых ініцыятыў, калі ў нефармальнай атмасферы школьнікі самі выбіраюць сабе занятак, адпаведны іх інтарэсам. Асноўная мэта работы такога летніка заключаецца ў стварэнні ўмоў для паўнавартаснага адпачынку і сацыяльнага станаўлення асобы навучэнцаў.

У ліцэі Лунінца распрацавана і апрабавана мадэль профільнага аздараўленчага летніка “Зямляне”. Выкарыстанне гэтай мадэлі дазваляе стварыць спрыяльную псіхолага-педагагічную атмасферу творчай дзейнасці і міжасобаснага ўзаемадзеяння, паказаць здольнасці і магчымасці дзяцей, забяспечыць аздараўленне.
Да адкрыцця летніка ствараюцца атрады па вучэбных напрамках на чале з выхавальнікамі. У лагеры адпачываюць дзеці ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Педагагічны працэс забяспечваюць дырэктар летніка, яго намеснікі, атрадныя выхавальнікі (3 педагогі), а таксама выкладчыкі УВА і настаўнікі ліцэя, якія вядуць заняткі па вучэбных прадметах.
Разглядаючы розныя формы арганізацыі профільнага летніка, мы спыніліся на ідэі сюжэтных дзён у рамках летняй праграмы лагернай змены. Такая форма, на наш погляд, дазваляе па максімуме прыцягнуць дзяцей да работы летніка, забяспечвае эстэтычную ўзаемасувязь знешніх атрыбутаў змены (сімволіка, афармленне) і яе ўнутранага напаўнення (змястоўны, адукацыйны і выхаваўчы аспекты).
Работа профільнага летніка плануецца па прынцыпе “Дзевяць дзён — дзевяць падзей”. Так, у дзень адкрыцця лагера праходзяць прэзентацыя атрадаў і вечар знаёмстваў “Як здорава, што ўсе мы тут сёння сабраліся”. У дзень фізкультуры і спорту праводзяцца першынство па міні-футболе, спаборніцтвы па дартсе, конкурсная праграма “Рух па азімуце” і тэматычная дыскатэка “Жыццё і здароўе — агульначалавечыя каштоўнасці”. У дзень прафесійнага самавызначэння ладзяцца праграма “Горад майстроў” (майстар-класы прафесійнай дзейнасці), фестываль талентаў “Зорны дождж” і спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму. У дзень нацыянальных традыцый “Мая вёска, мой горад” дзеці ўдзельнічаюць у танцавальна-забаўляльнай праграме “Вечарына”. У дзень міласэрнасці арганізоўваюцца сустрэча з настаяцелем храма айцом Сергіем, гутарка на тэму “Святая праведная Сафія княгіня Слуцкая” і інтэрактыўная праграма раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. У дзень духоўнай асветы ліцэісты адпраўляюцца ў Дом міласэрнасці і храм у гонар Усіх Святых у Мінску і нацыянальную бібліятэку. У дзень турызму “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” праводзяцца турыстычна-экалагічная экспедыцыя ў эколага-асветніцкі цэнтр заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, вечар турыстычнай песні, экалагічная праграма “Чалавек — грамадства — прырода” і конкурс “Турыст і навакольная прырода”. У дзень закрыцця змены ладзяцца святочная вечарына “Ліцэйскі баль” і аперацыя “Чамадан”.
Усе мерапрыемствы змены прывязаны да сюжэтных дзён. Гэта выключае перанос ці адмену запланаваных мерапрыемстваў, якія з’яўляюцца лагічным працягам заняткаў і майстар-класаў. Так, ранкам у лагеры ствараюцца вучэбныя групы з 2—10 чалавек, якія днём і вечарам пераўтвараюцца ў творчыя групы.
Улічваючы адукацыйную накіраванасць летніка, важнае месца ў яго рабоце займаюць заняткі па профільных прадметах, якія спалучаюць тэарэтычную падрыхтоўку з практычнай дзейнасцю. Заняткі праводзяць як педагогі ліцэя, так і выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БарДУ, БДПУ імя Максіма Танка і БДУ. Адукацыйная дзейнасць складаецца з вучэбных заняткаў, экспедыцый і экскурсій, лабараторных практыкумаў, майстар-класаў народнага танца і прафесійнай дзейнасці на рабочых месцах.
На вучэбныя заняткі штодзень адводзіцца па 2 гадзіны 15 хвілін для кожнага атрада. Заняткі складаюцца з тэарэтычнай і практычнай частак. Работа скіравана на падрыхтоўку да алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і міжнародных інтэлектуальных конкурсаў.
Вялікая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай рабоце. Мерапрыемствы па розных напрамках дазваляюць кожнаму дзіцяці праявіць сябе. За 4 гады існавання лагера сфарміраваліся добрыя традыцыі: адкрыццё лагернай змены ля вогнішча, культурна-асветніцкія экскурсіі па Беларусі, паходы да вадаёмаў Лунінецкага раёна, знаёмства з прафесіямі непасрэдна на рабочых месцах, турыстычныя спаборніцтвы, ліцэйскі баль. Гэтыя мерапрыемствы з’яўляюцца надзвычай яркімі і выклікаюць шмат станоўчых эмоцый і новых уражанняў.
Знаходкай мінулагодняй лагернай змены стала мерапрыемства “Вечарына”, падрыхтаванае метадыстам аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама А.А.Балыка. За некалькі гадзін майстар-класа ліцэісты змаглі вывучыць такія танцы, як “Падэспань”, “Лявоніха”, “Каханачка”, “Матылёк” і “Кракавяк”, а таксама вывучылі беларускія народныя гульні. У дзяцей была цудоўная магчымасць даведацца шмат новага і цікавага пра розныя танцы, палепшыць танцавальныя навыкі.
Аналізуючы работу летніка, магу ўпэўнена сцвярджаць, што педкалектыў паспяхова спраўляецца з пастаўленымі вучэбна-выхаваўчымі задачамі. Гэта пацвярджаюць поспехі ліцэістаў у розных відах вучэбнай дзейнасці.

Наталля БОЙКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ліцэя Лунінца.