Дзеці ствараюць свой горад

Значнай падзеяй для нашага раёна стала далучэнне ў 2012 годзе горада Навагрудка да міжнароднай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Работа ў рамках ініцыятывы пашырыла межы сацыяльнага партнёрства, дала магчымасць моладзі аб’яднаць свае намаганні з аднадумцамі і сябрамі ў рэалізацыі творчых задум, накіраваных на цікавую і карысную арганізацыю вольнага часу.

Правядзенне штогадовага марафону сацыяльных ініцыятыў паспрыяла ўключэнню ў праектную дзейнасць не толькі вучняў, але і прадстаўнікоў розных гарадскіх арганізацый. Сталі традыцыйнымі сустрэчы членаў маладзёжнага парламента з кіраўніцтвам раёна, на якіх дзеці змаглі выказаць свае прапановы па паляпшэнні жыццядзейнасці горада і знайсці падтрымку ў іх рэалізацыі. Вынікам рэалізацыі праектнай дзейнасці і сацыяльна значных спраў стала стварэнне макета “Навагрудак — горад маёй мары”, на якім дзеці прадставілі тыя аб’екты, якія б хацелі бачыць на Навагрудчыне для правядзення вольнага часу. Шмат з гэтых аб’ектаў былі створаны на падставе прапаноў, распрацаваных творчымі групамі дзяцей. Так, вучні 7-й школы распрацавалі праект паркавай зоны, а вучні гімназіі № 1 — хакейнай пляцоўкі.
Праект “Стары парк па-новаму” паспрыяў з’яўленню маладзёжнай і дзіцячай гульнявых пляцовак. Плануецца задзейнічаць воднае асяроддзе паркавай зоны і арганізаваць катанне на катамаранах і лодках.

Для арганізацыі змястоўнага вольнага часу з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў рэалізаваны праект “Адпачывай актыўна!”. Сёння ў раёне функцыянуюць 5 хакейных і 3 міні-футбольныя пляцоўкі са штучным пакрыццём, спартыўна-біятлонны комплекс у вёсцы Сялец.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял мае праект “У гасцях у дванаццаці месяцаў”, які прадугледжвае стварэнне ў раёне прывабнага адукацыйна-развіццёвага асяроддзя на беразе Свіцязі. З 1 чэрвеня 2015 года сумеснымі намаганнямі аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі і Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра быў адкрыты эколага-забаўляльны цэнтр з аднайменнай назвай. На базе гэтага цэнтра ў канікулярны перыяд і выхадныя дні праводзяцца гульнявыя праграмы і тэатралізацыі, а ў летні перыяд з’яўляецца магчымасць арганізаваць сямейны адпачынак. Рэалізацыя праекта спрыяе актыўнаму адпачынку, экалагічнаму выхаванню, выхаванню культуры здаровага ладу жыцця і асобаснага развіцця дзяцей сумесна з бацькамі.

Любімым месцам адпачынку гараджан стала “алея ліхтароў” у скверы Адама Міцкевіча. Гэта натхніла юных жыхароў на цікавы праект па ўстаноўцы “ліхтара піянерскага сяброўства”, сродкі на які яны атрымалі ад збору макулатуры і металалому.

“Горад, дружалюбны да дзяцей” — гэта не мадэль ідэальнага горада, гэта сістэма мясцовага самакіравання, якая прызвана садзейнічаць рэалізацыі правоў дзяцей. Удзел у міжнароднай ініцыятыве ўсіх нас, дарослых і дзяцей, дазваляе не толькі пачуць голас адно аднаго, але і сумеснымі намаганнямі вырашаць праблемы, будаваць сучасны горад, у якім зручна і камфортна жылося б кожнаму, каб кожны мог сказаць: “Навагрудак — горад маёй мары”.

Алена АСКЕРКА,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.