Дзень здароўя “Юныя турысты”

Арганізацыя выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень з’яўляецца важнай і актуальнай. Мерапрыемствы ў суботні дзень у нашай школе праводзяцца з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей і з выкарыстаннем розных відаў дзейнасці. Мы хочам, каб кожнае дзіця мела больш магчымасцей для самасцвярджэння і самарэалізацыі.

У нашай установе адукацыі ўжо склалася шмат традыцый у правядзенні шостага школьнага дня: гэта фальклорныя святы “Калядныя сустрэчы”, “Масленіца”, кірмашы, творчыя сустрэчы з мастакамі, паэтамі Рагачоўшчыны, дні музеяў, экскурсіі, паходы і паездкі, калектыўна-творчыя справы, спартыўныя святы.Кожны год мы шукаем, як і чым напоўніць гэты дзень. Каб разнастаіць праграму шостага школьнага дня, важна выкарыстоўваць міжведамаснае ўзаемадзеянне. Нашы дзеці з задавальненнем наведваюць гульнявую пляцоўку “Пацешная субота” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а таксама шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, якія арганізаваны не толькі на базе нашай школы, але і ў іншых установах адукацыі горада.
Краязнаўства і турызм — вось найбольш цікавыя кірункі ў рабоце нашай навучальнай установы. На базе школы працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Літаратурнае краязнаўства”, “Турызм”, “Краязнаўства” ад Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Таму асабліва запамінальным мерапрыемствам у рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння стаў Дзень здароўя “Юныя турысты”, да арганізацыі і правядзення якога далучыліся супрацоўнікі раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і прадстаўнікі Асвода. Далучэнне вучняў да спорту, турызму і здаровага ладу жыцця, а таксама прапаганда актыўнага адпачынку — такія мэты мы ставілі, задумваючы гэтае спартыўнае мерапрыемства.Праграма Дня здароўя была разнастайнай і насычанай. З навучэнцамі 2—3 класаў праводзіліся вясёлыя эстафеты, дзе дзяўчынкі і хлопчыкі памераліся сіламі і праявілі свае турыстычныя навыкі. Актыўнымі заўзятарамі на гэтым мерапрыемстве былі не толькі аднакласнікі, але і дружная каманда бацькоў.
Для навучэнцаў 4—9 класаў была падрыхтавана паласа перашкод, дзе хлопцы і дзяўчаты змаглі паказаць свой спрыт у этапах “Навясная пераправа”, “Пераправа па бервяне”, “Маятнік”, “Купіны”. Праявіць свае ўменні і шмат чаму навучыцца атрымалася на станцыі “Турыстычныя вузлы”. Супрацоўнікі Асвода на станцыі “Першая медыцынская дапамога” расказалі, як аказваць першую медыцынскую дапамогу, а навучэнцы, выкарыстоўваючы вучэбны манекен, змаглі зрабіць штучнае дыханне.
Скончылася свята падвядзеннем вынікаў і зарадам добрага настрою на выхадныя, а для кагосьці і на ўвесь вучэбны тыдзень.

Анжаліка ДРАБКОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Рагачова.