Дзень самакіравання па-англійску

У ваенным гарадку “Уручча”, у сярэдняй школе № 94 Мінска прайшоў Тыдзень замежных моў — англійскай і нямецкай. І прайшоў ён настолькі ярка, што абыякавых і няўцягнутых у яго не засталося. Удзельнічалі ўсе!

Прыйшоўшы ў школу раніцай у панядзелак, навучэнцы і іх бацькі былі здзіўлены тым, што родная школа сустракала іх замежнай мовай: таблічкі на кожным кабінеце школы былі заменены таблічкамі на англійскай і нямецкай мовах. А з пачаткам першага ўрока пачалася радыёперадача, якая паведаміла ўсім аб пачатку тэматычнага тыдня і плане яго правядзення.
Кожны дзень тыдня быў насычаны мерапрыемствамі. Дзень адкрыцця адзначыўся не толькі радыёперадачай, але і агульнашкольнай выставай насценгазет і найлепшых дзіцячых праектаў, а таксама камп’ютарнымі прэзентацыямі краін моў, якія вывучаюцца, у рэкрэацыі школы.
У першыя два дні тыдня паэтапна праводзіўся конкурс чытальнікаў. А потым прайшоў салодкі флэш-моб: за тры беспамылкова названыя няправільныя англійскія дзеясловы (а для навучэнцаў малодшых класаў — проста за правільнае слова на замежнай мове) удзельнік атрымліваў цукерку.
Трэці дзень тыдня стаў днём самакіравання — навучэнцы 8-х і 9-х класаў праводзілі ўрокі ў 3-х і 4-х класах. Для замяшчэння настаўнікаў былі выбраны старшакласнікі, якія ведаюць замежную на выдатна, і варта адзначыць, што са сваёй задачай яны справіліся выключна!
Чацвер стаў днём замежнага тэатра і кіно. Навучэнцы 5-х і 6-х класаў падрыхтавалі інсцэніроўкі ўрыўкаў твораў класікі на англійскай мове. Таксама ў гэты дзень навучэнцам дэманстраваліся тэматычныя навучальныя фільмы і мультфільмы.
Пятніца была аб’яўлена днём інтэрактыўных экскурсій. Вучні малодшых класаў знаёміліся з геаграфічным становішчам краін мовы, якая вывучаецца, з іх сімваламі і традыцыямі, а старшакласнікі ўдасканальвалі свае веды.
Урачыстае закрыццё тыдня адбылося ў суботу і было адзначана правядзеннем канцэрта-віктарыны “Джэнтльмен-шоу”. Удзельнікі — навучэнцы 7-х і 8-х класаў паказалі сябе і свае веды замежнай мовы, а паміж конкурсамі гучалі песні і дэманстраваліся сцэнкі на замежных мовах. Журы, якое ўзначальвала дырэктар школы Таццяна Мікалаеўна Міхнова, выбрала найлепшых джэнтльменаў, аб’явіла аб паспяховым завяршэнні Тыдня замежных моў і адзначыла работу ўсіх настаўнікаў гэтага метадычнага аб’яднання, дзякуючы якім так ярка і дынамічна прайшоў тэматычны тыдзень.

 

Дзіяна РАМАНАВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 94.