Дзень бацькоўскага самакіравання ў гімназіі:

зварот да традыцый ці новаўвядзенне XXI стагоддзя?

Эксперымент у Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, аб пачатку якога мы расказвалі чытачам у мінулым годзе, паспяхова працягваецца. Нядаўна ў гімназіі зноў прайшоў дзень бацькоўскага самакіравання. Нагадаю: асноўная ідэя мерапрыемства заключаецца ў інтэграцыі таварыства бацькоў гімназістаў у педагагічнае асяроддзе для ўсведамлення ўсімі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу (і педагогамі, і бацькамі, і вучнямі) неабходнасці цеснага супрацоўніцтва, глыбокага ўзаемадзеяння па праблемах, якія былі выяўлены.

Кіраўніцтва гімназіі распрацавала рэгламент мерапрыемства, па якім на бацькоўскім сходзе былі выбраны адміністрацыя-дублёры (дырэктар, намеснікі па вучэбнай, выхаваўчай, гаспадарчай рабоце, сацыяльны педагог) і настаўнікі-дублёры па прадметах. Раніца ў новага “педагагічнага калектыву” гімназіі пачалася ў 8.00 з пасяджэння ўстановачнага педсавета і перадачы паўнамоцтваў ад легітымнага кіраўніцтва дублёрам. Выбраны дырэктар-дублёр агучыў сцэнарый дня самакіравання, у адпаведнасці з якім кожны з выканаўцаў-дублёраў атрымаў заданне на дзень. Намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце неабходна было правесці анкетаванне сярод вучняў на тэму “Што падабаецца і што хацеў бы змяніць у гімназіі?”; намесніку па выхаваўчай рабоце даручылі арганізацыю флэш-мобу “Мы любім цябе, наша гімназія!”; перад намеснікам па гаспадарчых пытаннях была пастаўлена задача правесці даследаванне аб неабходнасці ўстанаўлення сістэмы кандыцыяніравання памяшкання актавай залы, а сацыяльнаму педагогу неабходна было сабраць даныя адносна выбару прафесійнага кірунку выпускнікамі гімназіі. Дырэктарам-дублёрам была арганізавана сустрэча старшакласнікаў гімназіі з дэканамі і прадстаўнікамі трох факультэтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: інжынерна-будаўнічага, гісторыка-філалагічнага і фінансава-эканамічнага. Несумненна, такая сустрэча была важнай для абодвух бакоў, бо зносіны з вучонымі, якія ўмеюць цікава расказаць пра канкрэтную галіну, для выпускніка могуць стаць вызначальнымі. Для ПДУ прыцягненне ў рады студэнтаў выпускнікоў, якія маюць сур’ёзны ўзровень падрыхтоўкі, — залог выканання пастаўленых задач. Праведзеная сустрэча садзейнічала ўмацаванню супрацоўніцтва ўніверсітэта і гімназіі. Для настаўнікаў гімназіі дырэктарам-дублёрам быў праведзены круглы стол на тэму “Балонскі працэс: мэты і задачы, нацыянальны аспект”. Да заяўленай тэматыкі праявілі інтарэс кіраўніцтва і педагагічны калектыў гімназіі. Усім было цікава абмеркаваць патрабаванні ўступлення на “новую тэрыторыю”. Далей па сцэнарыі быў флэш-моб. Навучэнцы, узяўшыся за рукі, з трэцяга па першы паверх гучна скандзіравалі: “Мы любім цябе, наша гімназія!”
Увесь дзень на ўроках працавалі настаўнікі-дублёры. У выніку адным з самых папулярных адказаў на пытанне “Што падабаецца ў гімназіі?” быў адказ: “Калі ўрокі праводзяць бацькі і ў нетрадыцыйнай форме!” (больш за 75% рэспандэнтаў). Закончыўся гэты дзень педсаветам, на якім былі падведзены вынікі. Дырэктар-дублёр агучыў усе праведзеныя мерапрыемствы, кожны намеснік паведаміў пра выкананне свайго задання, выступілі настаўнікі-дублёры. Па выніках дня самакіравання была прынята рэзалюцыя, у якой значыцца: надаць праведзенаму флэш-мобу “Мы любім цябе, наша гімназія!” статус штогадовага мерапрыемства; увесці ў пералік мерапрыемстваў тыя, што прапанавалі вучні падчас анкетавання; правесці сустрэчу бацькоў выпускнікоў гімназіі з супрацоўнікамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта; устанавіць у актавай зале гімназіі сістэму кандыцыяніравання паветра.
Такім чынам, дзень бацькоўскага самакіравання не толькі цікавае мерапрыемства, але і надзвычай карыснае для вучняў, бацькоў і педагогаў!

Валянціна БАГАТЫРОВА,
дырэктар-дублёр Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.