Дзеля жыцця на зямлі

Усё далей у глыбіню гісторыі адыходзяць падзеі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Перадаць эстафету памяці, паказаць навучэнцам веліч і самаадданасць подзвігу савецкіх людзей, якія заваявалі Перамогу, — адна з задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Яе дасягненне ў многім ажыццяўляецца праз узаемадзеянне ўстаноў адукацыі, сям’і і соцыуму, што дазваляе фарміраваць устойлівыя ўяўленні пра свет, грамадства, дзяржаву.

Калектыў сярэдняй школы № 68 Мінска больш за 10 гадоў актыўна супрацоўнічае з Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь. Работа педагогаў атрымала высокую ацэнку міністра ўнутраных спраў Ігара Анатольевіча Шуневіча і кіраўніцтва Акадэміі МУС: за эфектыўнае супрацоўніцтва і плённую працу з навучэнскай моладдзю педагагічны калектыў школы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У рамках супрацоўніцтва з Акадэміяй МУС у школе рэалізоўваюцца і праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: пасвячэнне ў кадэты, конкурс строю і песні, сумесныя акцыі і святы.
Набліжэнне святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі спрыяла стварэнню і рэалізацыі ў школе праекта “Дзеля жыцця на Зямлі”. Асноўнай ідэяй гэтага праекта з’яўляецца тое, што ва ўсе часы людзі жывуць, вучацца, працуюць, радуюцца і перажываюць дзеля жыцця будучых пакаленняў, дзеля таго, каб дзецям жылося лепш, чым жылі іх бацькі. Дзеля жыцця на Зямлі змагаліся і паміралі салдаты Вялікай Айчыннай вайны, а мы, новае пакаленне, дзеля жыцця на Зямлі павінны захаваць памяць пра падзеі тых гадоў, пра герояў вайны, яе цяжкасці, гора, боль. Пакуль мы памятаем, пакуль разумеем увесь цяжар наступстваў вайны для асобнага чалавека, сем’яў, дзяржавы, планеты, мы не дапусцім яе паўтарэння.
Мэта праекта — выхаванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму; прывіццё асноўных каштоўнасцей, ідэй, перакананняў; увекавечанне подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны; супрацьдзеянне фальсіфікацыі падзей вайны; павышэнне цікавасці да гісторыі Радзімы. Гэты праект быў прадстаўлены на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі і ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел.
Для фарміравання патрыятызму і грамадзянскасці калектывам школы праводзіцца комплексная работа з навучэнцамі. Да школьных мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі, актыўна далучаюцца бацькі. Частка акцый і праектаў праводзіцца сумесна з курсантамі крымінальна-папраўчага факультэта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Гэта такія акцыі, як “Конкурс строю і песні”, “Пасвячэнне ў кадэты”, стварэнне відэафільма “Яны змагаліся за Радзіму” і г.д.
Штогадовае мерапрыемства “Конкурс строю і песні” пры падтрымцы крымінальна-папраўчага факультэта Акадэміі МУС у гэтым годзе мела шэраг змен. Конкурс праводзіўся на пляцы факультэта. Яго ўрачыста адкрылі дырэктар сярэдняй школы № 68 Мінска В.У.Нямковіч і начальнік факультэта падпалкоўнік міліцыі Алег Міхайлавіч Савасцей. Пасля выканання гімна і ўрачыстага ўзняцця сцяга перад навучэнцамі школы прайшло паказальнае выступленне курсантаў акадэміі. Выступленне класаў і іх падрыхтоўку ацэньвала кампетэнтнае журы, якое складалася з камандна-афіцэрскага складу факультэта. Каманда-пераможца была ўзнагароджана каштоўным прызам, а курсанты акадэміі для ўсіх удзельнікаў конкурсу правялі экскурсію па факультэце.
Рэалізацыі многіх мерапрыемстваў спрыяла садзейнічанне Савета ветэранаў Заводскага раёна Мінска. З дапамогай Савета ветэранаў удакладняюцца спісы жывых удзельнікаў ВАВ, малалетніх вязняў і сведак ваенных падзей. Навучэнцы і педагогі школы вядуць таксама і актыўную работу з жыхарамі мікрараёна, арганізоўваючы акцыі памяці каля помніка “Беларусь партызанская”. Арганізоўваецца валанцёрская работа навучэнцаў другой і трэцяй ступені навучання, якія наведваюць ветэранаў дома, дапамагаюць ім у хатняй рабоце, ходзяць у магазін, суправаджаюць у паліклініку і г.д.
Арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці пры рэалізацыі такіх этапаў плана праекта, як “Знайдзі героя ў сваёй сям’і”, “Іх імёнамі названы вуліцы Мінска”, “Карта памяці”, “Піянеры-героі” і іншых, спрыяе не толькі грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, але развівае даследчыя ўменні навучэнцаў, фарміруе ўменне самастойна здабываць інфармацыю.
Пры стварэнні “Карты памяці” навучэнцы знаходзілі ў інтэрнэце, падчас падарожжа і адпачынку на тэрыторыі Беларусі помнікі загінуўшым падчас ВАВ воінам, партызанам, жыхарам. Фота і апісанне пэўнага помніка ішло ў скарбонку той вобласці, на тэрыторыі якой ён размешчаны. Далей навучэнцы стваралі карту, на якую наносілі месца, дзе размешчана пахаванне. Цяпер вядзецца распрацоўка электроннай версіі “Карты памяці”.
Пры ўдзеле ў праекце “Знайдзі героя ў сваёй сям’і” навучэнцы адкрылі для сябе не толькі старонку жывой гісторыі краіны, але і пазнавалі гісторыю сваёй сям’і.
Праект “Піянеры-героі” дапамог навучэнцам школы ўсвядоміць, як Вялікая Айчынная вайна паўплывала на лёс дзяцей тых часоў, як дзеці ўносілі свой уклад у справу Вялікай Перамогі. Пры падвядзенні вынікаў праекта была арганізавана выстава “Ім было толькі…”.
У сваім сачыненні на конкурс “Ліст нашчадкаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны” навучэнцы 8 “Б” класа напісалі: “Вайна — гэта не тое, што было некалі і больш не паўторыцца. Вайна рэальная і страшная. Велізарныя тэрыторыі сучаснага свету знаходзяцца сёння ў стане вайны. Гінуць людзі, разбураюцца гарады. Таму давайце памятаць! Давайце ўдзельнічаць у гэтым жыцці і мяняць яго да лепшага! Давайце думаць пра блізкіх, паважаць старэйшых і схіляць калені перад ветэранамі, якія засталіся ў жывых, не толькі ў свята 9 Мая, але і кожны дзень дзякаваць і памятаць пра ўсіх тых, хто дапамог нашаму міру быць”.

Вікторыя НЯМКОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 68 Мінска.